Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Тэма калектывізацыі ў аповесцях Васіля Быкава "Знак бяды", "Аблава"
     Васіль Быкаў у сваёй творчасці з вялікай мастацкай сілай адлюстроўваў трагічную праўду часу. Асаблівай вастрыні гэты трагізм дасягае ў аповесцях «Аблава», «Знак бяды», якія ўваходзяць у шэраг лепшых твораў пісьменніка.
     У абодвух аповесцях пісьменнікам пададзена мастацкае асэнсаванне трагічных аспектаў калектывізацыі, якую сталінскае кіраўніцтва праводзіла неабдумана, гвалтоўна, насуперак сялянству, пад прымусам, з грубай бесчалавечнасцю. «Вялікім пераломам» ахрысцілі яе сталінскія ўлады, сцвярджаючы гэтым самым паварот вёскі да лепшага жыцця. Як сцвярджаюць гістарычныя факты, пералом сапраўды быў вялікі: жорстка, бязлітасна ламаўся звыклы жыццёвы ўклад мільёнаў людзей, сельскіх працаўнікоў. Яны ператвараліся ў бяспраўных прыгонных, у краіне пачаўся сапраўдны голад са шматлікімі ахвярамі.
     Чалавечыя пакуты, выкліканыя прымусовай калектывізацыяй, В.Быкаў адлюстраваў у многіх сваіх творах.
     У аповесці «Знак бяды» народныя беды паказваюцца даволі грунтоўна. У творы пісьменнік паказвае несправядлівае раскулачванне селяніна Ладзіміра Багацькі. Асаблівая жорсткасць гэтага раскулачвання выявілася ў тым, што ў ім вырашыў прыняць удзел малады міліцыянер Васіль Ганчарык. Ён кахае Ладзіміраву дачку Анютку і збіраецца ажаніцца з ёю. Хлопца, быццам здзекваючыся з яго пачуццяў, гоняць на бесчалавечае раскулачванне. Малюючы гэту сцэну, пісьменнік паказвае на халодную абыякавасць да людскіх пакут «мажнага мужчыны ў бліскучай чорнай скуранцы», невыносную душэўную драму Ганчарыка, які скончыць жыццё самагубствам. Анюта, якая з вялікім даверам паставілася да шчодрых абяцанняў новай улады, таксама аказалася асуджанай на высылку разам з бацькам. Вастрэй, чым іншыя героі твора, трагізм эпохі адчувае Сцепаніда. У яе ўяўленні калектывізацыя — гэта чарговая бяда, якая абрушылася на сялянскія галовы.
     Аповесць В.Быкава «Аблава» цалкам прысвечана гэтай тэме. У цэнтры твора тыповы быкаўскі герой, вялікі пакутнік, чалавек добрай душы, з жахлівым, трагічным лёсам. У прошлым ён парабак, «патомны беззямелец» Хведар Роўба. Пры савецкай уладзе ён атрымаў па агульнай для ўсіх вяскоўцаў норме зямельны надзел. Дзякуючы сваёй стараннасці і працавітасці Хведар дасягнуў пэўнага дабрабыту.
     Ворагам «новага жыцця» і бальшавікоў Хведар ніколі не быў. Ён заўсёды сумленна выконваў свае абавязкі перад дзяржавай, «пачціва ставіўся да ўлады, быў шчыра ўдзячны ёй за зямлю, за шчодрасць да бедняка, нядаўняга фальваркоўскага парабка. Ды і як жа інакш — савецкую ўладу лічыў сваёй, сялянскай уладай. Яшчэ, бывала, пярэчыў на сходках, як некаторыя наракалі: таго няма, таго мала. Няма мануфактуры, цвікоў, не хапае газы, не купіць цукру... Казаў некаторым нецерпяліўцам: чакайце, не ўсё адразу. Савецкая ўлада, яна не пакрыўдзіць бедняка, яна галоўны свой клопат мае аб трудавым сялянстве. Ды ці ён сам тое прыдумаў? Аб тым пісалася у газетах, тое ж гаварылі прадстаўнікі на сходах. I ён верыў. Ён гатовы быў усім верыць, бо сам не хлусіў ніколі, нікога за жыццё не ашукаў». Так у канцы аповесці праз няўласна-простую мову перадае пісьменнік думкі свайго героя, які ніяк не можа зразумець, за што яго так бесчалавечна пакаралі. Адабралі гаспадарку, нажытую нялёгкай сумленнай працай, права на жыццё ў яго самога, жонкі Ганулі і дачушкі Валечкі. У свае перадсмяротныя хвіліны, на грані жахлівай гібелі, Хведар успомніць, што асноўная віна яго была ў прыналежнасці да сялянства. «Пракляты лёс наканаваў яму ў такі час нарадзіцца сялянінам», — сказана ў аповесці. Яго лёс вызначалі бальшавікі. Яны і прыдумалі для расправы жахлівы тэрмін «кулак». Чалавек, для якога характэрна было гэта азначэнне, ператвараўся ў выгнанніка, адарванага ад роднага свету. «Яго вылучылі з грамады, выбракавалі, бы карослівае свінчо са статка, і выкінулі далёка», на катаргу. «Яго пазначылі, як пазначаюць памаўзлівую скаціну ў статку». Пісьменнік сцвярджае ўсім зместам твора, што чалавек становіцца лютым, калі настае нялюдскі час. У перыяд раскулачвання і высылкі ні ў чым не вінаватых людзей ён быў асабліва жорсткі. «I ў ссылцы ён, Роўба, даволі наглядзеўся на ўсякія выкруты чалавечых лёсаў, начальніцкую строгасць і жорсткасць без мэты ці якія мелі адну мэту — здзек. Але дабрыня, мусіць, там, дзе справядлівасць і праўда. А дзе класавая бязлітаснасць, жорсткасць вышэй да тых, хто ніжэй, якая ж там дабрыня!... На змену ёй паявілася нешта новае — жорсткае і няшчаднае».
     Мастак разгортвае перад чытачом драматычную гісторыю Роўбавага жыцця. Галоўная сутнасць гэтай гісторыі — суровы напамін нашчадкам аб трагічным мінулым краіны і народа, папярэджанне пра тое, наколькі згубная для чалавека і грамадства амаральнасць, узведзеная ў ранг дзяржаўнай палітыкі.