Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Роля Васіля Быкава ў развіцці псіхалагічнай i філасофскай прозы
     Васіль Быкаў — гонар нацыі, сусветна вядомы класік літаратуры. Дзякуючы яго творчасці, злабадзённасці ўзнятых у ёй праблем беларуская літаратура была ўзведзена на еўрапейскую арэну. Творы пісьменніка з'яўляюцца глыбокім асэнсаваннем трагічнай гістарычнай рэчаіснасці — падзей бальшавіцкай рэвалюцыі, калектывізацыі, барацьбы з фашызмам. У іх пісьменнік раскрыў глыбіню сацыяльна-філасофскіх і псіхалагічных канфліктаў, характерных для таго часу. Павышаная цікавасць да ўнутранага стану сваіх герояў і сэнсу падзей збліжае яго аповесці з творчасцю Ф.Дастаеўскага, К.Чорнага, І.Мележа.
     Сваіх герояў пісьменнік паказвае ў момант найвялікшага ўздыму іх духоўных сіл, калі барацьба за права жыць звязана з неабходнасцю ахвяраваць асабістым жыццём. Герой аповесці «Жураўліны крык» Васіль Глечык — «чулы юнак», які літаральна ва ўсім імкнецца дайсці да «кораня рэчаў». Ён і яго пакаленне пастаўлены ў такія ўмовы, калі пазнанне і дзеянне неаддзельныя. Вайна для Васіля Глечыка стала прызмай, праз якую ён пераасэнсоўвае і нават па-новаму пачынае бачыць, здавалася б, зусім простыя каштоўнасці. Перад першым і апошнім боем хлопец бачыць родныя мясціны, блізкіх людзей ужо зусім па-іншаму. «Маці, адзіная мая, дарагая матуля, — шаптаў у бяздонную цемру Глечык, — ці даруеш ты мне калі маё непаслушэнства, мае дураслівыя выбрыкі? Чаму я такі быў дурны, не разумеў твайго сэрца, якое хацела свайго чалавечага шчасця, навошта пакінуў цябе — родную, адзіную маю? Як ты цяпер там у варожым палоне адна? Што з табой зробяць крывавыя вылюдкі і хто заступіцца за цябе?»
     Асабліва вострыя пачуцці выклікае ў Глечыка чародка журавоў — «родных з маленства птушак», якіх ужо не давядзецца ніколі пабачыць. «Ужо шырыліся, грымелі тугой пяшчотныя, дарагія ўспаміны з таго далёкага, што стала ўжо мінулым і такім нясцерпна замілаваным». Вельмі тонка, па-майстэрску дакладна перадае аўтар душэўны стан героя. Жыць Глечыку засталося нядоўга. I перад намі ўжо зусім іншы Глечык, не той, што быў на пачатку твора. «Нешта новае — мужнае і цвёрдае ўваходзіла ў яго характар».
     Усё жыццё Алеся Іванавіча Мароза — героя аповесці «Абеліск» — уяўляе бой за душы дзяцей. Настаўнік на кожную справу ўмее глядзець знутры, адчуваць яе маральна. Мароз старанна клапоціцца, каб патрэба у ведах была не меншаю, чым патрэба ў зброі. Сціплае жыццё настаўніка з'яўляецца паказчыкам яго свабоды, духоўнай дальнабачнасці. Са сваіх вучняў Алесь Іванавіч «рабіў не выдатнікаў вучобы, не паслухмяных зубрылак, а найперш — чалавекаў». Настаўнік клапаціўся аб выхаванні ў моладзі пачуцця годнасці. Гэтага чалавека з поўным правам можна назваць «бязвесным сейбітам» на духоўнай ніве сельскіх настаўнікаў, якім мы абавязаны тым, «што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне». Алесь Іванавіч не пакінуў у бядзе сваіх выхаванцаў. Ён пайшоў разам з імі на смерць, не даў паліцэйскім скалечыць іх дзіцячыя душы.
     У творах Васіля Быкава адчуваецца тонкае філасофскае асэнсаванне таго, што мела месца на вайне і не страціла сваёй актуальнасці зараз. Дзеянне і глыбокі аналіз чалавечай натуры — асноўныя рысы стылёвой манеры пісьменніка.
     Творы В.Быкава вылучаюць самыя істотныя моманты духоўнага жыцця эпохі.
     Аповесць «Аблава» дае адказы на многія пытанні адносна эпохі калектывізацыі. Хвёдар Роўба ахвяруе сабой. Здольнасць героя на самазнішчэнне ў імя чагосьці вышэйшага ў свеце сведчыць аб яго душэўнай цэльнасці, вернасці «старой маралі». Яго ж сын Міколка лёгка паверыў у перавагу «новай маралі», якая адмаўляла галоўныя ідэі хрысціянства, адрокся ад роднага бацькі і ў выніку абарваў усякія чалавечыя сувязі з вялікім светам, перайшоў на бок сусветнага зла. Звычайнае чалавечае сумленне дазваляе героям аповесці «Знак бяды» Петраку і Сцепанідзе Багацькам спасцігнуць тое, што не дадзена многім адукаваным людзям: будучыня залежыць ад жадання і імкнення кожнага асобнага чалавека рабіць дабро, не ўхіляцца ад адказнасці за здзейсненае.
     У творах пісьменніка 80-х гадоў надаецца больш увагі чалавечай асобе.
     Творчасць Васіля Быкава — гэта унікальная з'ява ў айчыннай і сусветнай літаратуры. Гэта найвялікшая ступень мастацкай праўдзівасці, глыбокае пранікненне ў таямніцы чалавечай псіхалогіі, глыбокі філасофскі роздум па асэнсаванні чалавечага існавання.