Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

У пошуках згубленага скарбу
     Дзе йдзем і дзе капцы канцовыя, Дзе ходу нашага мяжа?
     У. Жылка
     
      Вядомы французскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жан Поль Сартр у філасофскім творы «Што такое літаратура?» палемізуе са сваімі апанентамі і пераканаўча разбівае іх довады, быццам для мастака галоўнае - вызначыць свой стыль, а ідэя прыйдзе потым. «Але гэта памылка, - даводзіць Ж. П. Сартр, - ідэя так і не з'явілася». Ён лічыць, што вызначальныя ў літаратурным сюжэце - адкрытыя праблемы і пісьменніцкая канцэпцыя.
     Даследаванне сучаснасці патрабуе ад творцаў менавіта гэтых пастулатаў, вызначальных у літаратурным сюжэце, бо ад іх наяўнасці і рэалізацыі залежыць выніковасць працы мастака.
     Можна пагадзіцца з тым, што праца пісьменніка - гэта «подзвіг Сізіфа», што самы таленавіты твор не здольны змяніць свет ці перарабіць хоць бы аднаго асобнага чалавека. Але і тады ад творцы, як сцвярджае Ж. П. Сартр, патрабуюцца такія дзеянні, у выніку якіх «ніхто не змог бы спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім».
     Летапісцы сучаснасці, канстатуючы розныя выявы бездухоўнасці, даследуюць яе вытокі, б'юць у набат, б'юць трывогу, заклікаюць спыніцца, адумацца, папярэджваюць пра вялікую небяспеку, што падсцерагае нас усіх, калі не адумаемся. Ужо адны толькі назвы твораў найноўшай беларускай літаратуры, прысвечаных праблемам сучаснасці, гавораць самі за сябе: «Труба» (В. Быкаў), «Год дэмана» (Г. Марчук), «Сатанінскі тур», «Падзенне» (I. Шамякін), «Грабавыя» (С. Патаранскі), «Гон» (А. Кірвель), «Крыж» (А. Варановіч), «Пралік Валанцэвіча» (В. Какорыч), «Лішняе дзіця, або Амплітуда жаданняў» (У. Дамашкевіч), «Ноч перад нядзеляй» (З. Прыгодзіч), «Божачка, ратуй!» (М. Райчонак), публіцыстычнае даследаванне «Чаму крача воран» (Стах Дзедзіч) і шмат іншых.
     Дысануе назвам усіх пералічаных твораў назва аповесці I. Сурмана «Вясельная ноч», але змест яе зусім не пра каханне і галоўнае свята жыцця чалавека. Сітуацыя, апісаная ў творы, жудасная і трагічная: маладыя паехалі распісвацца, а ў гэты час памірае бацька, які да гэтага доўга і цяжка хварэў. Перад жонкаю нябожчыка стаіць выбар: спыніць усё і ладзіць хаўтуры ці... Яна выбірае другое, жадаючы дабра дачцэ, баючыся перашкодзіць яе шчасцю, і хавае труп у хаце, дзе ўжо ладзяць вяселле, рыхтуюцца да яго. Ці будзе шчаслівай такая сям'я? Забыліся мы пра векавую народную мараль, адрынулі яе, не звяртаем увагі на папераджальныя знакі бяды, што пасылае нам неба і маці-прырода. Нашы продкі на працягу года пасля смерці каго-небудзь у сям'і не ладзілі вяселляў, бо зрабіць інакш лічылася і вялікім грахом, і нядобрым знакам.
     Пра тое, што мы ўжо на парозе, пераступаць які нельга, што ўжо вечар, за якім будзе чорная ноч і можа не наступіць «раніца ў нядзельку», ужо білі трывогу летапісцы 60-80-х гг. Але мы не паслухаліся іх, не пачулі вечавога звону, як назваў літаратуру В. Быкаў.
     Працэсы расчалавечвання чалавека, яго маральна-духоўнага здзічэння пачаліся не сёння, а шмат гадоў таму і развіваліся на ўсім працягу недзяржаўнага існавання народа і асабліва ва ўмовах таталітарнай сістэмы. Вельмі імклівыя гэтыя працэсы ў наш час.
     Думка пра тое, што чалавек аднойчы, няхай сабе і ў абсурдных бесчалавечных абставінах, пайшоў супраць сумлення і тым самым загнаў сябе, фігуральна кажучы, у трубу, стаў не толькі ахвярай, але і хаўруснікам абсурду, -скразная ў апавяданні В. Быкава «Труба».
     Сюжэтны каркас апавядання складае анекдатычная ў сваёй аснове гісторыя пра тое, як сельскі інтэлігент, спачатку настаўнік, а потым загадчык дома культуры Валера Сарока загінуў у газаправоднай трубе. Літаратуразнавец Дз. Бугаёў у кнізе «Спавядальнае слова» адзначае, што ў апавяданні «Труба» ўласцівыя стылю В. Быкава рэалістычныя дэталі дзякуючы асацыяцыям набываюць сімвалічны сэнс, як сімвалічная і сама назва твора. Асацыяцый у апавяданні многа. Да прыкладу, сімвалічна-шматзначная ў кантэксце твора спакуса зручна ўладкавацца ў трубе, з якой Валера потым не мог вылезці. Дз. Бугаёў піша: «У пэўным сэнсе нешта падобнае да таго, што здарылася з быкаўскім героем, адбылося і з усімі намі, з нашым грамадствам. Кіруючыся спакуслівай, але, як аказалася, утапічнай камуністычнай ідэалогіяй, яно таксама выбрала, здавалася б, надзейны і самы кароткі шлях да ўсеагульнага шчасця, а ў канчатковым выніку загнала сябе ў тупік, фігуральна кажучы - у трубу, з якой мы ўсё ніяк не можам выбрацца і пасля развалу краіны, якая з гонарам заяўляла, што пракладвае дарогу да лепшай будучыні ўсяму чалавецтву». Жыццё, разважае Валера, «здаецца, забрыло ў тупік».
     Дз. Бугаеў адзначае, што ў апавяданні шмат разоў фіксуецца парадаксальнасць, якая часта даходзіць да абсурду. I такі акцэнт пісьменніка на абсурдным у нашай сучаснай рэаліі з'яўляецца адметнай рысай паэтыкі апавядання.
     Нельга не пагадзіцца з Дз. Бугаёвым, што пра абсурднае ў нашым жыцці напісана ў апавяданні В. Быкава «важка, змястоўна, часта з вялікай падтэкставай глыбінёй і... сімвалічнай шматзначнасцю... з высокай дакладнасцю канкрэтных рэалій і такімі дэталямі, за якімі бачыцца шмат». З падтэкставай глыбінёй і сімвалічнай шматзначнасцю выпісаны фінал апавядання. Скупая і эмацыянальна стрыманая канстатацыя: Валера «не дапоўз да газакампрэсарнай станцыі нейкіх дзвесце метраў». На той жа станцыі яго чакала выратаванне! Такой канцоўкай з адценнем прытчавай павучальнасці пісьменнік сцвярджае тое ж, што сцвярджаў і А. Камю: «вяслуй да канца!» Нават калі шансаў на выратаванне ўжо, здавалася б, няма ніякіх, нават калі цвёрда ведаеш, што загінеш, - усё роўна вяслуй!
     Усё жыццё Валеры Сарокі - «нехлямяжае», як сказана ў Быкава, і жудасная смерць у трубе цалкам адпавядаюць сартраўскаму тэзісу: «існаванне папярэднічае сутнасці», што на рускай мове гучыць як «сушествованне предшествует сушностн». Дз. Бугаёў лічыць, што жыццё Валеры сталася такім па віне як яго самога, так і таго грамадскага парадку, пры якім яму давялося нарадзіцца: «Але мера віны тут вельмі розная, несупастаўная. Бо дыктавала сваю волю менавіта сістэма прымусу і падаўлення чалавека, а ён грэшны толькі ў тым, што з прымусам зжыўся, прыладзіўся да яго і стаў прымаць як належнае. З усёй брыдотаю».
     Такое лагічнае балансаванне паміж «больш - менш», такое «ўзважванне» віны абставін і ахвяры ўрэшце вядзе да апраўдання героя і ўсведамлення яго трагедыі, а не спрычынення да абсурду і хаўрусу з ім.
     У згаданай ужо аповесці А. Варановіча «Крыж» ёсць устаўная прытча пра двух пілігрымаў, якія ішлі па нялёгкай дарозе жыцця і неслі кожны свой крыж. Першы нёс крыж цярпліва, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку крыжовага канца - і ісці стала намнога лягчэй. Але калі падышлі да прорвы, то першы паклаў цераз яе свой крыж і па ім перайшоў, як па кладцы. Другому ж не хапіла якраз адпілаванага кавалка...
     Сувымяраючы долю віны дарогі і непамерна цяжкага крыжа з доляй віны пілігрыма, што падкараціў свой крыж, неабходна помніць, аднак, пра бездань, якая наперадзе. Толькі яна з выключнай дакладнасцю вызначае долю віны і дарогі, і пілігрыма. Паводле сцверджання А. Камю, функцыя пісьменніка ў тым, каб папярэдзіць пілігрыма, што яго чакае, калі падкараціць свой крыж. В. Быкаў выбраў для гэтай мэты прыём: самааналіз зрынутага ў прорву. Прыёмам самааналізу героя раскрываецца ўнутраная механіка і, калі можна так сказаць, логіка падзення. Пісьменнік фіксуе пэўныя моманты падзення (а ў апавяданні - загону ў трубу). I тое, да прыкладу, што Валера даволі лёгка, без унутранага пратэсту згадзіўся стаць даносчыкам, спадзеючыся атрымаць лепшае размеркаванне на працу, наўрад ці можна аднесці да віны абставін. З гэтага ўсё і пачалося. А затым з памагатага ён паступова рабіўся «нявольнікам камуністычнай сістэмы».
     Канцэпцыя пісьменніка Быкава ў вырашэнні праблемы віны і трагедыі будзе відавочней, калі згадаць ранейшыя яго творы.
     Філасофскае асэнсаванне ступені адказнасці чалавека за тое, што адбываецца, праблема віны і бяды прысутнічае ва ўсіх без выключэння творах В. Быкава. Да прыкладу, мноства пытанняў не даюць спакою галоўнаму герою аповесці «Аблава» на яго пакутніцкім шляху да свайго Нядолішча. Але самым балючым пытаннем для Хведара Роўбы ў час яго лёту ў роднае гняздо было - хто вінаваты? «Божа літасцівы, чаму я такі няшчасны?..», «Чаму ён стаў тут для ўсіх страхотным чужаком, хто ў тым вінаваты? Можа, толькі ён сам, адзін? Ці яшчэ нехта іншы? А можа, і ніхто? Але як жа тады ўсё гэта стала магчымым?»
     Многімі прычынамі вытлумачвае сваю трагедыю Хведар: і неразуменнем таго, што адбывалася ў свеце і ў яго Нядолішчы; і празмернай даверлівасцю (спрадвечнае наша «можа, так і трэба?»); і тым, што ім «завалодаў панічны страх»; і ўсведамленнем свайго поўнага бяссілля супрацьстаяць «сцяне абсурду» - жудаснай машыне таталітарызму. Апошняе цалкам вызначала выбар быкаўскага героя ў памежных сітуацыях, якіх у жыцці Хведара было мноства. I перш за ўсё звязаных з узаемаадносінамі з сынам.
     Супрацьстаяць «чуме» Хведар, безумоўна, не мог, але ратаваць душу свайго «зачумленага» сына быў абавязаны. Вынішчэнне душы Міколкі адбывалася на вачах Хведара, і ён выдатна разумеў увесь жах гэтага вынішчэння, але нават не спрабаваў гэтаму працівіцца. Хведар суцяшаў сябе надзеямі, што сын падрасце і паразумнее. Калі ж сын падрос і яшчэ больш развар'яваўся, замахнуўся на святое і з маўклівай згоды бацькі (а маўчанне і ёсць згода) знішчыў святое, то Хведар зноў суцешыў сябе тым, «што недзе там, у Маскве ці Мінску, сядзяць разумныя людзі, адукаваныя, справядлівыя, і калі яны вырашылі, што без Бога народу лепей, то, пэўна, так і трэба. Чаму лепей - ён зразумець не мрг...»
     I вось тут ужо быкаўскі герой не да канца шчыры нават перад самім сабой. Ён выдатна ведаў, як не павінна быць, але, каб зняць з сябе адказнасць за спрычыненае, ішоў далей у сваіх меркаваннях: «а можа, так і трэба». Паміж гэтымі «так быць не павінна» і «а можа, так і трэба» заўсёды ёсць маленькая шчыліна, дастатковая, аднак, каб праціснуць у яе самаапраўданне. А ад яго да спрадвечнага нашага «за што?» зусім блізка.
     Усё жыццё Хведар імкнуўся жыць па хрысціянскіх запаведзях (ідэальны герой для ідэальных абставін), але напрыканцы парушыў іх. Ды яшчэ як парушыў! Быкаўскі герой Ткачук з аповесці «Абеліск» сцвярджае, што «смерць - гэта абсалютны доказ». Тэзіс сінанімічны сартраўскаму «існаванне папярэднічае сутнасці». У самым канцы свайго пакутніцкага шляху Хведар быў пастаўлены перад жахлівым выбарам - паміж смерцю і... смерцю. Сустрэча з родным сынам для Хведара - верная смерць: «Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? I сын вымушаны будзе яго караць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет!.. Шчаслівая яго маці, што не бачыць гэтага. I не чуе». I ў сітуацыі, калі жыць далей немагчыма, Хведар выбірае смерць. Але якую! Тую, якая, паводле хрысціянскай веры, з'яўляецца, як і святатацтва, нявер'е, самым страшным грахом. Хведар усумніўся ў велічы і мудрасці Творцы, які зрабіў гэты свет такім жорсткім, і пазбавіў сябе жыцця. Хведар усведамляе жахлівасць свайго намеру: «Божа, ніколі ў яго не было і думкі забіць сябе, заўсёды ён апантана змагаўся за жыццё. А тут вось вымушаны...»
     Трагічна вырашаючы схватку чалавека з «чумой», выносячы бязлітасны прысуд бесчалавечным абставінам, пісьменнік тым не менш не вызваляе сваіх герояў ад адказнасці і за ўсё спрычыненае, і за стан уласнай душы.
     Творчасць В. Быкава ўзбагачае сусветную культуру і кожнага чытача бясцэнным вопытам. Сутнасць гэтага вопыту заключаецца ў тым, што ўжо «ніхто не можа спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім».
     Ва ўсіх быкаўскіх творах відавочныя біблейскія рэмінісцэнцыі на самых розных узроўнях. Адна з іх увасоблена на ўзроўні філасофіі: сама пастаноўка пытання «за што?» - грахоўная, бо «чалавек стварэнне боскае і нараджаецца свабодным», як пісаў В. Быкаў у артыкуле «Лёс і шанец» у 1993 г. У любой сітуацыі, сцвярджае пісьменнік, чалавек свабодны ў праве выбару застацца чалавекам. I толькі ад чалавека залежыць, ці скарыстае ён гэтае сваё права. «Апошняй міласцю», «адзінай раскошай» назваў гэтае права быкаўскі Сотнікаў.
     Адным з недаравальных злачынстваў сталіншчыны В. Быкаў назваў ліквідацыю традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правіл. У артыкуле «Назад ці наперад» (1989) В. Быкаў пісаў: «Страціўшы духоўную аснову, грамадства згубіла і нармальны здаровы сэнс, нічога не набыўшы замест: марксізм аказаўся няздольным запоўніць глыбокі духоўны вакуум, які ўтварыўся ў грамадстве. Грамадства ж без маралі наўрад ці здольна дасягнуць шмат у галіне дэмакратычнага права...»
     Іншага выйсця, як вярнуць страчанае, адшукаць згубленае і стаць на трывалую аснову духоўнасці, у грамадства няма. «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу» - такая выснова гутарак А. Адамовіча з В. Быкавым, і пад такой назвай яны апублікаваны ў № 5,6 часопіса «Полымя» за 2001 г. Выснова роздумаў двух пісьменнікаў, сцяганосцаў Айчыны, засведчана і ў назве публікацыі, падрыхтаванай Верай Адамовіч.