Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Лёс чалавечы - лёс народны
     Штодзень і штоночы
     Плач, як мае вочы,
     Над народу доляй,
     I плач штораз болей.

     Францішак Багушэвіч
     
     Паўлюк Багрым. Паэт аднаго верша. А было іх напісана многа, ды адабралі сшытак, калі ўціхамірвалі бунт сялян з мястэчка Крошын, якія захацелі быць вольнымі ад лішніх панскіх пабораў ды здзекаў. Выдатны чалавек, які рана прычыніўся да трагедыі народнай і аплакаў яе сваім цудоўным творам «Заиграй, заиграй, хлопча малы». Чалавек-легенда, які выкаваў у кузні прыгожую жырандоль — усім свяцільнікам свяцільнік, а сабе самому — агароджу на магілку, рамантычна-ўзнёслую, гордую.
     Верш гэтага чалавека, забранага ў царскую армію на доўгія-доўгія гады, жыццё якога абарвалася каля 1890 г. (нарадзіўся ж паэт-пакутнік ў 1813 г.), знайшоў навагрудскі адвакат Яцкоўскі. Гэта было ў сярэдзіне стагоддзя. Апублікавала яго затым газета «Наша ніва» (28 ліпеня 1911 г.). I стаў ён прарывам у лірычную паэзію на роднай мове, яркім сведчаннем неўміручага таленту нашага народа. Гэта не Паўлюк Багрым, пятнаццацігадовы хлопчык з Крошына, праспяваў песню-жальбу, а ўвесь народ прастагнаў свой боль. Ды салістам у хоры народным стаў легендарны хлопчык.
     Пазней цэлыя кнігі вершаў-скаргаў, вершаў-жальбаў з'явяцца ў нашай нацыянальнай літаратуры — «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Багушэвіча, «Жалейка» Купалы, «Песні жальбы» Коласа, а адкрывальнікам элегічнай паэзіі стане Паўлюк Багрым. Знакамітыя мастакі ішлі следам за ім. Ён быў першы.
     Твор гэты — пра Крошынскае паўстанне 1828 г. У тым годзе і напісаны. 37 сялян судзілі. 31-го прагналі праз строй. Траім кіраўнікам далі па сто бізуноў. 30-ці — па 75 удараў. Якая жудасць! Як з быдлам — з народам, з людзьмі. Верш пісаўся пад уражаннем таго, што дзеялася. Малому хлопцу, падлетку (ад імя яго напісаны, выгукнуты твор) страшна. Страшна, што могуць узяць у войска. Страшна, што могуць забіць кіямі, як забілі бацьку, па якім «маці тужыць, сястра плача». Страшна да такой ступені, што папракае, не хочучы (так скажуць людзі), сваю родную матулю за тое, што нарадзіла яго на свет:
     
     Будзь здарова, маці міла!
     Каб ты мяне не радзіла,
     Каб ты мяне на карміла,
     Шчасліўшая ты бы была!

     
     Самы трагічны кавалак тэксту ў вершы. Падумаем, узважым сказанае: малады чалавек не рады жыццю, пакутуе, што прычыніў сваім нараджэннем боль самаму любаму і дарагому чалавеку — матулі. Як трэба было востра перажываць, каб узняцца да такога несуцяшальнага вываду, драму нараджэння нешчаслівага чалавека. Я падумала, што падобная сітуацыя пазней раскрыецца ў драматызаванай паэме Янкі Купалы «Адвечная песня» з яе вывадам у фінале — селянін паўстае з магілы, бачыць ранейшае нярадаснае жыццё і просіць магілу «закрыцца нанова». Вось і ўсё. Кропка. Канец усяму. Нашто жыццё, калі яно — пакута і для цябе, і для тваіх блізкіх. Юнак хоча пайсці ў свет шырокі, абярнуцца ў ваўкалака, набыць нечалавечае аблічча, каб хоць трошачкі зазнаць шчасця натуральнага жыцця. I гэта — недасяжна. Ён прыдумляе ўсё новыя і новыя шляхі вызвалення з наканаванага яму рабства — службы ў арміі, рэкрутчыны, паншчыны, жыцця на чужыне, у маскалёў. Хоча коршунам нарадзіцца і быць вольным, абыходзіцца без паноў. Не ўдаецца. Не рэальна. Сітуацыя безвыходная, экстрэмальная, як бы мы зараз сказалі. I застаецца — гора рэчанька бяздонная, застаецца лёс нявольніка, раба. У канцы твора апавядальная інтанацыя перарываецца лірычным выгукам — зваротам да кажана, які, па народных павер'ях, сеўшы на малое дзіця, мог спыніць яго рост:
     
     Ой, кажане, кажане!
     Чаму ж не сеў ты на мяне?
     Каб я большы не падрос
     Ды ад бацькавых калёс.

     
     Так звычайная аповесць пра трагічную падзею ў Крошыне перарасла ў тужлівую, сумную песню, у плач пра горкі чалавечы лес. Гэта тыповы лес селяніна-раба. Гэта тыповы плач беднага, безабароннага чалавека, свет якому завязаны назаўжды. Гэта твор пра абставіны, якія чалавек пакуль што не ў сілах пераадолець. Але ён спрабуе іх перасіліць сваей песняй.
     На радзіме Паўлюка Багрыма пад Баранавічамі стаіць яго аградка. Такія ж аградкі, выкаваныя ім, стаяць і на іншых магілах. Недалёка храм з яго жырандоллю. Святая памяць. А ў літаратуры — адзін верш. Таксама — памяць. Святая! Балючая!