Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Сачыненне-разважанне "Ці патрэбна беларусам родная мова?"
     Беларусам родная мова патрэбная, пра што сведчаць апошнія перапісы, нягледзячы на ігнараванне камунікатыўнай функцыі, беларуская нацыя захавала інстынкт самазахавання, назваўшы мовай паўсядзённага ўжытку, роднай менавіта беларускую мову.
     Іншая справа, што ідуць разнастайныя вонкавыя працэсы, якія перашкаджаюць развіццю і распаўсюджванню беларускай мовы ва ўсе сферы грамадства, адукацыі па-беларуску.
     Ёсць у свеце багата прыкладаў таго, як нацыянальная мова паўставала літаральна з попелу: дзяржава Ізраіль, утварыўшыся пасля Вялікай Айчыннай вайны, прыняла за дзяржаўную мову – мёртвую мову іўрыт, у Чэхаславаччыне насельніцтва карысталася нямецкаю моваю, але чэшскі ўрад здолеў за 5 гадоў падняць нацыянальную мову на належны ўзровень.
     Беларусь – даволі экстравагантная краіна, дзе дзяржаўныя законы трактуюцца ў залежнасці ад таго, для чаго іх выкарыстоўваць… 1 верасня 2000 года павінен быў уступіць у поўную сілу “Закон аб мовах…”, але антыбеларускія рэферэндумы падарвалі заканадаўчы падмурак беларускае мовы.
     На сённяшні дзень на Беларусі дзве афіцыйныя дзяржаўныя мовы – беларуская і руская. Няблага было б вывучыць вопыт іншых краін, дзе ёсць полінацыянальнае насельніцтва, але на Беларусі, як нідзе ў краінах былога СССР, карэннае насельніцтва – беларусы складаюць больш за 80%. Навошта тады, дзеля 6-8 % рускіх уводзіць другую дзяржаўную мову?…
     Калі ў краіне дзве дзяржаўныя мовы – гэта ўскладае на дзяржаўныя і кантрольныя органы большы цяжар, каб не было ігнаравання і прыніжэння адной з моў, дзве дзяржаўныя мовы – гэта значыць, што дзяржаўныя дакументы павінны выходзіць у дзвюх мовах, дзяржаўныя чыноўнікі павінны дасканала валодаць дзвюма мовамі, няма нідзе ў свеце такога прынцыпу выбару мовы, як “кто как хаціт, тот так і гаварыт“, адукацыя павінна быць арганізавана такім чынам, каб насельніцтва ведала абедзве дзяржаўныя мовы, для дзяржаўных службоўцаў абавязкова ўвесці іспыты на веданне дзяржаўных моў.
     Беларуская мова беларусам патрэбная як частка неад’емная нацыянальнай культуры, як адметнасць пэўнае нацыі. Мова адлюстроўвае духоўны свет, жыццёвы вопыт народа, асаблівасці мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Беларуская мова на сучасным этапе развіцця грамадства этнічную функцыю дамінуе над камунікатыўнаю ў выніку разнастайных геапалітычных, сацыяльных і гістарычных прычын.
     Навукоўцы адзначаюць, што надаць беларускай мове статус належны для высокаразвітай нацыянальнай мовы можна, ажыццявіўшы дзве ўмовы – наяўнасць натуральнага моўнага асяроддзя і моцнай сацыяльнай матывацыі.
     Нездарма Мацей Бурачок заклікаў “…nie pakidajćie ž movy naszaj biełaruskaj, kab nia ŭmiorli…”, Алесь Гарун казаў: “Дык шануй, беларус, сваю мову. Гэты скарб нам на вечныя годы, за пашану радзімаму слову ўшануюць нас брацьця народы…”
     Трэба адназначна трымацца сваёй Бацькаўшчыны, беларушчыны, карыстацца моваю ў паўсядзённым ужытку, мы ж не саромеемся сваёй сям’і, імя, прозвішча, бацькоў, мова нам дадзеная Богам, і таму мы не маем права выракацца яе. Калі беларусы хочуць захавацца ў свеце як нацыя з усімі адпаведнымі атрыбутамі, то яны павінны шанаваць і берагчы роднае слова, вучыць дзетак шанаваць тое, што складвалася стагоддзямі, што перадалі нам продкі і што мы павінны перадаць наступным пакаленням, за родную беларускую мову лепшыя сыны ішлі на шыбеніцу, клалі свядома галовы на полі бою, ахвяравалі ўсім, калі мы не зракліся роднае мовы пад прымусам, то і вольныя цяпер не маем права пакінуць неацэнны скарб…
     Калі скласці спіс людзей, якія стаялі за беларускую мову і супраць яе, і нават у наш час, то супраць беларушчыны ўвесь час былі людзі неадукаваныя, недалёкія, цемрашалы, лісліўцы, самыя горшыя прадстаўнікі народа, імёны якіх праз пэўны час нават не ўзгадваюцца, а імя нашага славутага земляка Францішка Скарыны ўпісана залатымі літарамі ў сусветную кнігу самых знакамітых людзей…і так імёны ўсіх знакамітых беларусаў.
     Беларусам ёсць чым ганарыцца, не на голым месцы мы ўзводзім свой нацыянальны храм, і мова як найгалоўнейшы аспект нацыянальнае культуры беларусам неабходна, калі яны хочуць захаваць сябе як нацыя і ўзбагаціць свой духоўны скарб.
     Жыве Беларусь! Жыве вечна!
     
     Выкладчык кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання БДПУ імя М.Танка ЛАБАЧЭНЯ ГЕНАДЗЬ ЯКУБАВІЧ