Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Тэма Радзімы ў творчасці Максіма Багдановіча
     Сэнс слова Радзіма знаходзіцца ў непарыўным адзінстве з такімі паняццямі, як зямля, на якой ты нарадзіўся, народ, які яе насяляе, яго гісторыя, культура, прырода. Таму з поўнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што тэма Радзімы — адна з асноўных у творчасці Максіма Багдановіча. Жывучы за межамі Беларусі, ён стаў класікам беларускай літаратуры. Беларуская культура дабратворна ўздзейнічала на выхаванне Максіма Багдановіча ў час навучання ў гімназіі, асабліва у сярэдніх і старэйшых класах. Ды і пачаў пісаць Максім па-беларуску з 10—11 гадоў.
     Паэт вывучаў Беларусь у гутарках з бацькам, цёткамі, людзьмі-беларусамі па паходжанні, якія сустракаліся на яго жыццёвым шляху. Вельмі моцнае ўражанне зрабіла на паэта наведванне Беларусі, Віленскага беларускага музея, дзе ён пазнаёміўся з рукапісамі старажытных кніг — узорамі мастацкай культуры беларусаў.
     Верш паэта «Слуцкія ткачыхі», цыклы вершаў «Старая Беларусь», «Места» ствараюць адчуванне, што Максім Багдановіч — паэт беларускай зямлі і яе народа. Слуцкія паясы паэт упершыню ўбачыў у музеі. Незвычайнае мастацкае хараство, створанае рукамі простага люду, усё больш пераконвала яго ў таленавітасці сваіх суайчыннікаў. Васілёк — сімвал Беларусі, вобраз глыбока патрыятычнага значэння. Гэта вобраз Радзімы і любові да радзімы, любові да народа, яго мастацтва.
     Вершы паэта, звернутыя ў далёкую гісторыю, ствараюць адчуванне велічы дзейнасці далёкіх продкаў, нараджаюць пачуццё гонару за іх імкненне наблізіць народ да культуры, асветы:
     
     Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,
     Свой век канчаю я ў манастырскіх мурах
     I пільна летапіс другі ўжо год пішу:
     Старанна літары малыя вываджу
     I спісваю ўсё ад слова і да слова
     З даўнейшых граматак пра долю Магілёва,
     I добрыя яго, і кепскія дзяла апавядаю тут...

     
     Паэта непакоіў гістарычны лёс беларускага народа. У асобных вершах ён набывае трагедыйнае гучанне. З пачуццём адчаю і болю паэт гаворыць пра свой народ, яго сацыяльнае і духоўнае аблічча:
     
     Народ, беларускі народ!
     Ты цёмны, сляпы, быццам крот,
     Табою ўсягды пагарджалі,
     Цябе не пушчалі з ярма
     I душу тваю абакралі, —
     У ёй нават мовы няма.

     
     М.Багдановіч верыць у будучае свайго народа, перакананы, што ён заслугоўвае лепшай долі, можа заняць пачэснае, раўнапраўнае месца сярод іншых народаў:
     
     Беларусь, твой народ дачакаецца
     Залацістага, яснагадня.
     Паглядзі, як усход разгараецца,
     Сколькі ў хмарках залётных агня...

     
     Рамантычныя вобразы ўсходу сонца, вясны, залацістага яснага дня, яснай заранкі маюць сімвалічнае значэнне. Яны перадаюць веру паэта ў свой народ як народ суверэнны, народ, якому ўласцівы глыбокі духоўны набытак, які здольны ўзбагаціць культуру іншых народаў.
     Беларусь — мара, надзея, ідэя, якой Максім Багдановіч прысвяціў усё сваё жыццё. Бацькаўшчына, Беларусь — духоўная апора паэта. Верш «Пашня» ўражвае страснасцю, палымянасцю зместу. Ён яскрава, пераканальна перадае веру паэта ў лепшую будучыню беларускага народа, гонар за яе гістарычныя здзяйсненні. Паэт асуджае імкненні асобных дзеячаў паставіць родны край на калені, забараняючы, ахайваючы, вынішчаючы ўсё беларускае. Аўтар у вершы ўпэўнена сцвярджае думку, што народ беларускі не знік, ён жыве, заяўляе аб сваіх правах, аб сваім слаўным мінулым:
     
     Толькі ў сэрцы трывожным пачую
     За краіну радзімую жах, —
     Успомню вострую браму святую
     I ваякаў на грозных канях.

     
     Патрыятычныя пачуцці паэта найбольш выразна выказаны ў наступных радках верша:
     
     Маці родная, маці-краіна!
     Не ўсцішыцца гэтакі боль...
     Ты прабач. Ты прымі свайго сына,
     За цябе яму ўмерці дазволь!

     
     Тэма прыроды роднага краю — неад'емная частка тэмы Радзімы. Цыкл вершаў «У зачараваным царстве» — арыгінальны мастацкі малюнак самабытнага беларускага пейзажу. Усе гэтыя творы аб прыгажосці Радзімы, аб любові паэта да яе. Вобразы прыроды — сімвал вечнасці жыцця на зямлі, неўміручасці роднага краю.
     Творы Максіма Багдановіча глыбока патрыятычныя. Яны вучаць любіць сваю Радзіму, беражліва, паважліва ставіцца да яго гісторыі, культуры, прыроды, нараджаюць пачуццё веры ў свой народ, гонару за яго дзейнасць.