Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Сучасная беларуская літаратура. Адам Глобус "Толькі не гавары маёй маме"
     У беларускай літаратуры ў апошні час праяўляецца пэўная тэдэнцыя на з'яўленне другога "пакалення пісьменнікаў". Тут я маю на ўвазе менавіта дзяцей і ўнукаў, якія пайшлі па шляхах бацькоў- і сваякоў-пісьменнікаў, некаторым з іх не ўдалося рэалізаваць сябе на пісьменніцкай глебе, і яны пайшлі ў навуку, займаюцца даследаваннямі ў галіне мовазнаўства, літаратуразнаўства, а таксама выкладаюць у ВНУ.
     Той чалавек, якога я абрала для свайго дакладу, адносіцца якраз да тых асоб, якія, пайшоўшы па бацькоўскім шляху, не эксплуатуюць бацькоўскую вядомасць, а самастойна здабываюць уласныя лаўры. ...Надзвычай таленавіты пісьменнік у беларускай літаратуры - гэта Вячаслаў Адамчык, які здолеў тэму заходнебеларускай вёскі паказаць з пункту гледжання тагачаснага селяніна, стварыў багацейшыя вобразы, дасканала валодае вобразнасцю і маляўнічымі моўнымі сродкамі, прыкра, што глыбока не вывучаецца творчасць Вячаслава Адамчыка ў школе. Але некаторым сучасным адэптам адраджэння імя Вячаслава Адамчыка стала вядома толькі дзякуючы таму, што ён з'яўляецца бацькам культавага пісьменніка ў сучаснай беларускай літаратуры - Адама Глобуса (Глёбуса).
     Я чытала вельмі шмат твораў Глобуса рознага тэматычнага кірунку і жанравай разнастайнасці: ад вершаў да аповесцяў, ад кароценькіх эсэ да публіцыстычных артыкулаў. Глобус прынёс у беларускую літаратуру свежае паветра, якога не ставала нашай сучаснай літаратуры. Дзякуючы яму, праз яго, многія прадстаўнікі маладога пакалення пачынаюць чытаць па-беларуску, праз яго пачынаюць цікавіцца наогул беларушчынай.
     Гэта вельмі паказальна, таму што Глобус не адарваны ад сучаснага гарадскога ўрбанізаванага жыцця, ён думае і піша пра тое, што хвалюе маладое пакаленне, перадае суперажыванні маладога чалавека. Адной з важных асаблівасцяў яго твораў з'яўляецца тое, што ён бачыць асобу, якой адрасаваны твор. Пастаянна знаходзіцца ў дыялогу з чытачом, творы яго вельмі камерныя і інтымныя.
     Юрась Барысевіч у кнізе "Цела і тэкст" выдвінуў такую гіпотэзу, што твор лепш успрымаецца, калі мы будзем ведаць, у якім стане пісьменнік ствараў яго: Марк Твен, напрыклад, пісаў лежачы ў ложку, іншыя пісьменнікі пілі каву, яшчэ адзін паліў тытунь пэўнага гатунку, тады чытачу становяцца зразумелымі тыя ці іншыя ідэі аўтара. Я не ведаю, як піша Адам Глобус, але чытаць яго трэба так: закруціўшыся ў цёплы плед, уладкавацца ў мяккім глыбокім крэсле, запаліць настольніцу, а за вокнамі каб ліў дождж і было цёмна і няўтульна, а тут - цішыня, утульнасць і мікрасвет Глобуса.
     Я прачытала ад коркі да коркі зборнік прозы "Толькі не гавары маёй маме". На маю думку, многа гаворыць чытачу псеўданім пісьменніка, на гэта трэба таксама звяртаць увагу: Адам - першы чалавек, пачынальнік новага жыцця і першы мужчына, Адам Глобус таксама з'яўляецца пачынальнікам новай беларускай літаратуры, ён ідзе сваім шляхам, ён робіць літаратуру еўрапейскага ўзроўню; Глобус - таксама сімвалічна, у зборніку тэрмін глобус сустракаецца тры разы, у гэтым ёсць нешта хрысціянскае, тройчы паўтараемае, глобус - гэта элементарная школьна-вучэбная схема зямлі, зямля - гэта шар, ён з'яўляецца самай простай і самай дасканалай геаметрычнай фігурай, з другога боку - гэта маштабнасць, погляд зверху на пэўныя глыбокія праблемы, гэта філасофская прызма і чысціня.
     Найбольш мяне ўразіла аповесць пра мужнасць, якая называецца "Пра ката", прычым націску на слове ката няма, і можна разумець гэта я як кат і як кот, але ў творы прысутнічае і кат, і кот. Хлопчык, нагледзеўшыся фільмаў пра вайну, вырашыў, што на вайне ваююць мужчыны, яны забіваюць, значыць, і яму трэба забіць каго-небудзь, каб стаць мужчынам, ён доўга падбірае кандыдатуру, але нарэшце, выбраў бяздомнага памыйнага коціка, якога спрабуе знішчыць, ён здзейсніў злачынства, але мужчынам не стаў, яму зрабілася млосна і гідка, ён пазбавіўся сну, але зрабіў адзін вельмі важны вывад, што рабіць блага любой жывой істоце - гэта злачынства, за якое злачынца павінен панесці пакаранне. Лепш для моладзі прачытаць гэта, каб не паўтараць такія жудасныя дзеянні.
     У мастацкай палітры Адама Глобуса галоўная роля належыць фарбам і колерам, вобразным дэталям, форме, ён яркі прадстаўнік постмадэрнізму ў беларускай літаратуры. Па прафесіі Глобус мастак, таму ён, як і бацька, імкнецца словам выразіць жывапісны падыход да адлюстравання з'яў жыцця. У творах пісьменніка адлюстраваны стан душы мастака ў таталітарнай сістэме, у атмасферы ўсеагульнага фальшу і абыякавасці да чалавечага "я". Тое, што зрабіў Адам Глобус для беларускай літаратуры і кнігавыдавецтва, прадстаіць яшчэ ацаніць нашчадкам...
     
     Выкладчык кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання БДПУ імя М.Танка ЛАБАЧЭНЯ ГЕНАДЗЬ ЯКУБАВІЧ