Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Сэнс загалоўка рамана Міхася Зарэцкага "Вязьмо"
     «Як цесна ўсё пераплялося»
     Пімен Панчанка

     
     Многае ў літаратуры пачынаецца з загалоўкаў, дадзеных зборнікам паэзіі, асобным творам. У таленавітых мастакоў яны нетрадыцыйныя, шматзначныя, «гаваркія». Па загалоўках можна высветліць пазіцыю аўтара і яго агульны настрой. «Подых навальніцы», «Завеі, снежань», «За асакою бераг» — не проста назвы Мележавых раманаў, а і выяўленне яго поглядаў на жорсткі, суровы да чалавека час, які пасылае на яго галаву маланкі ды снежныя завеі, прымушае прадзірацца наперад праз вострую, пякучую асаку. «Крык сойкі» — зборнік паэзіі Пімена Панчанкі, які засведчыў яго крытычныя адносіны да эпохі навукова-тэхнічных дасягненняў, што, непрыручаныя, адмоўна ўплываюць на людзей, яго жаданне адным з першых заступіцца за ўсё жывое на зямлі. «Чужая бацькаўшчына» — раман Вячаслава Адамчыка пра нялітасцівы лёс беларусаў напярэдадні ўз'яднання, вымушаных жыць у сваім доме, нібы ў чужым. Няма нейтральных загалоўкаў і ў Міхася Зарэцкага. «Голы звер» — аповесць пра чалавеканенавісніка з воўчай мараллю, які дзеля дасягненняў уласнай мэты гатовы крочыць па людскіх костачках. «Сцежкі-дарожкі» — раман пра цяжкія, заблытаныя сцежкі-дарожкі Васіля Лясніцкага і яго таварышаў у драматычнай эпосе, у пераблытаных абставінах. «Крывічы» — назва рамана па імю аднаго з старадаўніх плямёнаў, якое разам з дрыгавічамі і радзімічамі запачаткавала Беларусь, яе звычаі, культуру, мову. Крывічы — адданыя радзіме і народу людзі, адраджэнцы. Шматзначным і філасофскім з'яўляецца загаловак рамана пра калектывізацыю — «Вязьмо».
     У народзе гавораць пра вязьмо як пучок саломы з каласамі, які дзеля моцы перакручваецца жнеямі і якім затым звязваюцца ў сноп каласы. У некаторых гаворках скажуць пра такі пучок іначай — «перавясла». Але слова гэтае бліжэй да рускай мовы, часцей ужывальнае ў ёй. Ад кораня «вяз» утвораны словы «вязаць», «вязьмо». Значыцца, калі Зарэцкі пісаў свой раман і даваў яму падобны загаловак, ён падкрэсліваў, што ўсе падзеі ў творы звязаны адна з адной, знітаваныя ў цэласнасць. Так і атрымалася на самай справе: у рамане дзейнічаюць героі-гуманісты Зелянюк, Галілей, Плакс і іншыя і бязлітасныя Пацяробы, адбываецца калектывізацыя і пакутуюць невінаватыя людзі, якіх высылаюць у далёкі край, збіраюцца сходкі ў нардоме ў Сіўцах і без сходак, добраахвотна арганізуюць калгас на ўскраіне пасёлка ў вёсцы Сівалапы Зелянюк і яго маладыя памочнікі, людзі пакутуюць і радуюцца. Усё павязана: прычыны і вынікі, радасць і боль, бяда і шчасце, праўда і мана, напорлівасць і нерашучасць. Таццяне Шыбянок — мясцовай актывістцы — новае мроіцца ў вобразе «гордага ў смелым поступе сваім» карабля на «разгойданым бурлівым моры жыцця», а Галілею — у вобразе магутнага трактара, які трушчыць на сваім шляху ўсё жывое, што перапаўзае перад ім дарогу, бездапаможных чорных жучкоў.
     Аўтар успрымае падзеі, што адбываліся на сяле ў 1930 годзе, як трывожныя, пераблытаныя, перакручаныя. Стараючыся вызначыць у іх пэўныя арыенціры, ён у публіцыстычных адступленнях падкрэслівае неаднаразова, што калектывізацыя — гэта «непераможная рэвалюцыя», якая; ідзе трыумфальным ходам, і «горатаму, хто станавіўся перад ёй у марных патугах суняць ці затрымаць яе рух!». Гора і тым, хто пакідае яе, «спадзеючыся на шчаслівы супакой у мяккіх абнімках невядомага штылю». Гора таму, хто трапіў у яе «бурапеністы след» і захмялеў ад поспехаў і ўдач. Старание пісьменніка вылучыць наперад хоць адну нейкую рысу, што характарызуе рэвалюцыю на сяле, не дае плёну, які мог бы быць прымальным вялікім будаўнікам новага: матэрыял супраціўляецца, і замест оды пераменам у жыцці атрымліваецца сумная элегія пра адзінокасць Сымона Карызны — адрачэнца ад бацькоў, перагібшчыка, якога кляймуе на пасяджэнні партыйнага раённага камітэта старшыня РВК Рачкоўскі — былы сябра. Сумны твор пра сямейны разлад у некалі дружных і шчырых людзей, пра перажыванні вясковага вынаходніка-дзівака Галілея, які спявае песеньку пра тое, як лягуць мёртвых цел пракосы і крыві рэкі пацякуць ды расцвітуць чырвоныя кветкі. I тут перапляценне, блытаніна, перакручанасць: хочацца пісаць пра радасць, а з-пад пяра з'яўляюцца балючыя радкі.
     Загаловак дае магчымасць пісьменніку вывесці каларытныя постаці людзей, якія разгубіліся, змізарнелі, страцілі стрыжань у працэсе сталінскай калектывізацыі. Да ліку іх найперш адносіцца вясковы настаўнік, партыйны сакратар Сымон Карызна. Душа яго — увогуле сумленнага чалавека, колісь звычайнага вясковага хлопца, крыху нават сарамлівага інтэлігента — уяўляе сабой таксама суцэльнае вязьмо. З аднаго боку, ён вымушаны асуджаць мяккацеласць кіраўнікоў, якім выпаў гонар скалектывіць гаспадароў зямлі. Ён і сябе арыентуе на падобную жорсткасць, суровасць, няўмольнасць і строгасць у адносінах да народа: «Гэты пракляты ідыятызм патрыярхальнай вёскі. Трэба знішчыць гэта, трэба смяяцца з гэтага (...). Трэба быць жорсткім». З другога, яму не дае спакою лёс бацькоў, якім сам некалі раіў стаць заможнымі гаспадарамі. Востра б'е па самалюбству здрада Рачкоўскага, якому так давяраў. Загнаны ў сіло трагедыйных абставінаў, ён аказаўся раструшчаны імі, іх ахвярай. Ён адзінокі ў фінале рамана. I невядома, што было б, ці жыў бы ўвогуле гэты чалавек далей, каб не падтрымка дачкі студэнткі Стасі ды не своечасовая дапамога былога ворага Зеленюка.
     Ужо самой назвай рамана — «Вязьмо» — Міхась Зарэцкі акрэслівае свае адносіны да сталінскай калектывізацыі. Ён паказвае яе дысгарманізм, вострую канфліктнасць, жорсткасць, якія і прывялі да цеснай пераплеценасці дабра і зла, радасці і бяды, парушылі звыклыя людскія ўзаемаадносіны, выклікалі ў многіх недавер да высокіх лозунгаў і падарвалі веру людзей у гуманны характар таго, што адбывалася.