Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Зборнік паэзіі Анатоля Сербантовіча "Пярсцёнак" (Спроба характарыстыкі індывідуальнага стылю (артыкул))
     Зборнік вершаў Анатоля Сербантовіча, які трагічна загінуў у 30-гадовым узросце, не даспяваў сваёй чыстай і светлай песні, выйшаў пасля смерці аўтара. Прадмову да яго напісаў паэт-франтавік, які быў родам, як і малады аўтар, з Магілёўшчыны, і напісаў яе вельмі паэтычна, узнёсла і цёпла: «Песня веснавога жаўранка». У прадмове пісалася пра непаўторную вобразнасць, дзіцячую непасрэднасць мастацкага мыслення Сербантовіча, рамантычны характар яго творчасці ў цэлым.
     I ў новым зборніку незаслужана забытага аўтара выявіліся рысы яго рамантычнага стылю: лірычны герой — вандроўнік, праўдашукальнік. Ён востра ўспрымае кантрасты жыцця. Бачыць падобныя супярэчнасці і ў прыродзе. Свет для героя лірыкі Сербантовіча па-ранейшаму расколаты на светлую і змрочную часткі, у якіх на аснове раўнапраўя жывуць і дзейнічаюць чалавек і прырода. У новай паэтавай кніжцы, побач з беларускай прыродай паўстае і экзатычная сібірская, да якой ён таксама прырос душой і сэрцам, веліч, непаўторнасць, квадратнасць і вуглаватасць ліній якой запомніў назаўжды.
     Першая рыса рамантычнага стылю Сербантовіча ў «Пярсцёнку» вызначаецца не маляўнічасцю, што выразна выяўлялася ў папярэдне напісаных многіх творах, а выразнасцю ліній, контураў, што ствараюцца па законах графічнага мастацтва. Пісьмо паэта набывае адзанкі «квадратуры», а не «акружнасці». Паэта цікавяць больш аб'ём прадметаў, іх знешнія абрысы, а не ўнутранае свячэнне, спалучэнне фарбаў. Сутнасць з'яў перадаецца праз форму, лінію, вугал. Найбольш выразна падобная стылявая асаблівасць выяўляецца ў «сібірскім цыкле» вершаў паэта, які быў напісаны падчас рамантычных падарожжаў, падмацаваных цяжкой працай:
     
     Сопкі скончацца — і бераг
     Перакуліцца ў праліў.
     Тут стаяў калісьці Берынг
     I ў праліў віно праліў.

     
     Настрой у многіх вершах мастака адпавядае выключным, а то і экзатычным абставінам. Ён таксама нейкі рэзкі, вуглаваты, квадратны, катэгарычны. Як у паэтаў, якія пайшлі некалі на фронт, «Не долюбив, Не докурив последней папиросы», малюючы з дзяцінства вугал, не акружнасць (у Паўла Когана чытаем — «Я с детства не любил овал. Я с детства угол рисовал.»). Так, у вершы «Касец» лірычны герой Сербантовіча пераадольвае востры душэўны боль пад позіркам дзяўчынкі «з шырокай стужкай» у касе, з «вачыма-чарэшнямі»:
     
     I лёгка ўздрыгнулі калені
     Перад святлом яе вачэй,
     I рукі, што акамянелі,
     Касой узмахвалі ямчэй.
     Куды ёй знаць было, маленькай,
     Што я ад болю уначы Крычаў.
     I мне мясцовы лекар
     Далоні травамі лячыў.

     
     Тое ж самае назіраем і ў вершы «У тое, бязвоблачнае ранне...», дзе лірычны герой застывае на месцы ад здзіўлення, калі назірае, як купаецца прыгажуня-равесніца з тугімі грудкамі-маладзікамі — сімваламі святасці і чысціні. Надзвычай выразныя контуры паказаных з'яў і ў многіх іншых творах паэта.
     Другой стылявой асаблівасцю лірыкі Сербантовіча становіцца кантрастнасць, антанімія, што робіць пісьмо надзвычай выразным і дакладным. За кошт названага прыёму і адбываецца рамантызацыя рэчаіснасці, падвышэнне яе да ўзроўню мастацкасці. У вершы «Матадор» чытаем: «Тут не прычым ні рогі і ні шпага! Сышліся між сабой, як ноч і дзень, Святая чалавечая адвага I злосць, што да дабра не давядзе». А паглядзіце, як хораша заканчваецца верш «Гэта сонечнае ззянне...» — пра чаканне карабля пасярод густой сіні сібірскіх снягоў, экзатычных курыльскіх сопак, якія «грозна хмураць бровы, Дым пускаючы ўгару»:
     
     Ды няма, няма нікога.
     Толькі звонам у вушах
     Б'ецца вузкая дарога
     I — шырокая душа.

     
     Трэцім мастацкім прыёмам, які актыўна працуе на рамантычны настрой і — адпаведна — стыль Анатоля Сербантовіча, па значнасці ўжывання становіцца гіпербалізацыя. I гэта не выпадкова: па-першае, як мне думаецца, «вінаватая» эпоха 60-х гадоў, напоўненая энтузіязмам, адчуваннем велічы спраў, якія робяцца і на будаўніцтве Брацкай ГЭС, і на цаліне, і ў космасе. Па-другое, паэт па сваім характеры быў рамантыкам, вандроўнікам, лёгкім на ўздым чалавекам, вельмі хутка збіраўся і адпраўляўся ў чарговую вандроўку. На гіпербалізацыі трымаецца ледзь не кожны паэтаў твор. З многімі перавелічэннямі мы мірымся, паступова не заўважаем іх. Хачу прывесці некалькі прыкладаў, што засведчаць правільнасць выказанай думкі: «А гора было ў нас такім, Што лес і поле, нават зоры, Прапахлі дымам на вякі», «цыгарку з лісця Круцілі ростам з аглаблю» («Дым»); «Вялікі, як айсберг, Дняпроўскі паром» («Балада»); «Сны плывуць, як рачныя лодкі, Хмары неба за грудзі трасуць» (назва верша па першаму радку).
     Як паэт-рамантык, Сербантовіч карыстаецца тугімі, пругкімі, звышэмацыянальнымі, кідкімі тропамі: «лебяда-пярына», «каменных слоў гарох» («Баян, басамі не буянь...»), «агонь — чужой бяды маяк», «падобны на каня, залатагрывы госць — Агонь» («Пытанне рубам: хто каго...»).
     Мне асабліва запомніўся верш Анатоля Сербантовіча «Вузкі лоб, нахмураныя бровы...» — пра першачалавека, пераходную істоту ад жывёлы да гома сапіенс, які паступова ўзнімаецца над звярынымі інстынктамі, вучыцца быць іншым, чым навакольны жывёльны свет. У гэтым творы няма нічога лішняга. Паэт скупы на словы, як скупым быў той, з каго мы пачыналіся. Гэты той рухаецца, дзейнічае, амаль не гаворыць. А калі і гаворыць, то словы з яго языка скочваюцца, як ядры (такое трапнае параўнанне знаходзіць мастак). I яшчэ аўтар падкрэслівае ў сваім героі такую партрэтную дэталь, як круталобасць.
     Анатоль Сербантовіч спрабаваў свае сілы ў такой цяжкай вершаванай форме, як «Вянок санетаў». Усяго ён напісаў тры вянкі санетаў: «Васілёк», «Курганы», «Салдат». Самы лешны — трэці. У ім паказана праўда пасляваеннай рэчаіснасці, якой пазбягала доўгі час наша літаратура. Аўтар расказвае, што ці не адзінай узнагародай для некаторых франтавікоў аказваліся мыліцы («У жоўтых мыліц раўнамерны стук»). Праўдзіва паказана трагедыя разбурэння першых пасляваенных гадоў. Асабліва ў сувязі з гэтым запамінаюцца такія вобразы-дэталі: «Крывёй іржы сцякаюць у траву Разбітыя і танкі, і гарматы. I чарнатвары комін галаву Узняў над целам абгарэлай хаты». Да слёз кранаюць радкі пра тое, як удовы ўпрагаліся ў плуг і аралі зямлю пасля нашай велічнай перамогі: «Як цягнуць плуг — убачыў ён здаля — Не коні, а жанчыны талакою. Ішлі барозны так, бы расшпіляў Хтось паліто здубелаю рукою». Святая праўда нашай гаротнай долі паказана арыгінальным беларускім паэтам.
     Песню сваю аўтар не даспяваў да канца. Яна абарвалася на паўслове. Так і не выплакаліся да канца слёзы. Гэта пра сябе ён напісаў перад тым, як адысці ў небыццё і ў вечнасць:
     
     А над песняю той недапетай,
     Прагудзела труба жураўля:
     «Тых, з кім дзеліцца неба сакрэтам,
     Маладым забірае зямля».