Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

За што я люблю літаратуру, або вольныя думкі
     Прачытала ў «ЛіМе» артыкул С. Дубаўца пра нашу беларускую літаратуру. Да гэтага чытала нешта падобнае, не такое рэзкае і катэгарычнае: не было і няма, маўляў, сапраўднай беларускай літаратуры. Уся яна — местачковая,прыземленая, прымітыўная. Чула і нават больш сур'ёзныя выказванні пра тое, што ў 20 стагоддзі, асабліва пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, беларускія пісьменнікі так нічога вартага і не стварылі. Балюча, горка, чорна на душы робіцца пасля ўсяго такога прачытанага, пачутага. I хочацца крычаць на ўвесь свет: «Супакойцеся, крытыкі! Спыніцеся! Не падымайце руку на Купалу і Коласа, Багдановіча і Гарэцкага, Чорнага і Крапіву, Мележа і Караткевіча, Танка і Панчанку, Гілевіча і Быкава!». Не дай бог, калі пачуюць такое нябожчыкі-песняры, а не хлусняры, якія перажывалі трагедыі (іх было больш!) і радасці разам з народам, не хаваліся па-за вуголлем, ускладвалі на свае плечы цяжар вайны і пасляваеннага будаўніцтва, выкрывалі сталінскую калектывізацыю і даваенны генацыд супроць чалавечага братэрства, ажыўлялі слаўную гісторыю, каб сучаснікі, жыхары 20 стагоддзя, вучыліся на ёй, адольвалі нягоды ў дарозе! Не дай бог! А можа, я памыляюся? Можа, нечага не разумею? Можа, сэрца маё мне падказвае не тое?
     Ды не. Буду доказнай. Спашлюся на канкрэтныя прыклады. Паспрачаюся, хоць са славутасцямі спрачацца надзвычай цяжка.
     Са слоў маіх апанентаў вынікае, што нічога вартага не стварыў Янка Купала. А што тады ўяўляюць сабой яго творы 1918 — 1922 гг.? Балючая і трывожная «Спадчына», у якой галоўны клопат — пра Радзіму і народ, пра Старонку Родную, якая можа быць «трутнем з'едзена»? А верш «З павяўшай славы» — крык пра страту ранейшай славы, традыцый, змізарненне народа? А хто ж, як не Купала, пракрычаў свой боль па пакрыўджаным, прыгнечаным народзе, пра Бацькаўшчыну, якую хочуць у яго забраць, і стварыў у сувязі з гэтым вобраз «забранага краю»? Ці не Купала у п'есе «Раскіданае гняздо» і шматлікіх іншых творах заступіўся за пакрыўджанага, «пагарджанага век» беларуса і прапанаваў яму адарвацца ад зямлі, зірнуць на сонца, паспрабаваў клікаць яго і весці «на Вялікі Сход», па Бацькаўшчыну? Хто, як не Купала, засцярог нас у трагікамедыі «Тутэйшыя» ад манкурцтва і адрачэнства, ад «зносакаўшчыны», духоўнай дэградацыі і ўславіў нараджэнне Беларусі-нявесты, якая ў сваёй хаце «сядзіць важна», «сама сабе гаспадыня»? Апаэма «Яна і я», «Курган», «Магіла льва», «Сон на кургане», «Адвечная песня»? А жыццярадасная і вечная «Паўлінка»? Канешне, Купала зламаўся ў 30-я гады. Вядома, давялося спяваць яму вытворчыя песні-аднадзёнкі ў духу сталінскага часу. Было і такое. Але ў каго з пісьменнікаў, якія павінны былі выжыць у часы жахлівых рэпрэсій, не было і такой творчасці? Даруйце, Іван Дамінікавіч, што і над Вашай святой галавой згушчаюцца чорныя хмары. Я не думала, што чарноцце выльецца і на Вас. Я схіляюся перад Вамі нізка-нізка за Вашу нязломнасць духоўную, за Вашу смеласць грамадзянскую. За Вашу, магчыма, Вамі самімі абраную апошнюю старонку жыцця. Для мяне нават цень Ваш святы і праведны.
     Нават калі б засталася адна толькі Коласава паэма «Новая зямля», ён быў бы для мяне сапраўдным геніем. А ён жа напісаў яшчэ і «Сымона-музыку» — пра святло адзінокага промня, які можа прабіць хмары, пра Месію беларускага, спачатку не прынятага і не прызнанага народам — забітым, зацюканым, спрацаваным. Але ж шлях вядзе яго і да такога сляпога пакуль што народа. Як вёў ён да народа і вялікага, геніяльнага мастака. Геніяльнага ў апісанні (асвячэнні) найдрабнейшых праяў чалавечага жыцця, неўміручай прыроды, умельства сыноў зямлі пад белымі крыламі. Хай напіша так, як напісаў Колас, пра раніцу ў нядзельку, калі «блінцы пякліся на сняданне», калі сапраўднае свята панавала ў Міхалавай немаленькай сям'і, і так скажа пра лес, які агінаў лесніковае падвор'е «гожаю падковай», крытык яго творчасці, «ниспровергатель» сапраўдных духоўных каштоўнасцей, створаных і ў 20 стагоддзі. Мне думаецца, што падымаць руку цяжкую і чорнае слова на Коласаву «Новую зямлю» можачалавек, які не ведае ні «Іліяды», ні «Адысеі», ні «Калевалы». «Новая зямля» — гэта беларускі нацыянальны твор такога самага кшталту, як і жамчужыны сусветнай літаратуры.
     Ніколі не ўзніму руку на Мележа, не абражу яго чорным словам. Нават нягледзячы на тое, што ён верыў у калектывізацыю — ачышчаную ад злосці, жорсткасці, бесчалавечнасці. Хіба не павінны мы жыць адзінай чалавечай супольнасцю? I няўжо чалавецтва (пры ўмове самазахавання) не прыйдзе праз стагоддзі да маральнага ачышчэння і еднасці? Іван Мележ прапаноўваў такую еднасць чалавечых душ, ратаваў гармонію ўзаемаадносін чалавека з зямлёй, прыродай. Яго пяшчотныя, светлыя адносіны да кахання, да мацярынства пераконваюць мяне ў тым, наколькі добрым ён быў у жыцці, у створаным. Не магу забыцца я на яго «Палескую хроніку», бо ў ёй праўда чалавечага жыцця. Драма чалавечага жыцця. Драма маральнага распаду сям'і Глушака і драма пахавання, смяротнай страты дачушкі Верачкі, якую перажывае Маці. I.Мележ быў сынам свайго часу, камуністычна настроеным пісьменнікам. Іншым на той час і быць не мог. I мы можам толькі за тое дакараць яго, калі ён гаварыў няпраўду, ілгаў, ідэалізаваў рэчаіснасць. Ён яе не ідэалізаваў. Але верыў у будучую светлую перспектыву. А мы верым у рынак? У адзіноцтва? У жабрацтва адных і багацце злодзеяў, прайдзісветаў, у золата, нарабаванае імі ў часы застою? Мой паважаны апанент, можа, і Быкава ў нас не было і няма? Быкава — «рыцара сумлення і свабоды», з яго такой горкай і балючай праўдай пра вайну, калектывізацыю, сучаснае разбурэнне і руйнаванне многіх каштоўнасцей? Можа, не ён адкрыў нам тое, чаго не адкрылі самыя смелыя рускія пісьменнікі? Можа, ён не прызнаны ва ўсім свеце? А Караткевіч? А Гілевіч? А гуманізм нашай літаратуры ў цэлым? Куды яго дзець? Я люблю нашу літаратуру за тое, што яна была і ёсць. Упэўнена, што яна будзе яшчэ доўга-доўга, пакуль жывуць беларусы.