Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

"Слова аб юнай краіне" (развагі і думкі пра паэзію Віктара Казлоўскага)
     Віктар (Вінцэсь Іванавіч) Казлоўскі — зямляк Крапівы, Труса, Бялевіча, Якімовіча і іншых беларускіх пісьменнікаў, з Уздзеншчыны, вёскі Мрочкі. Вучыўся на рабфаку ў Слуцку. Затым, як і многія паэты-маладнякоўцы, — у мінскім Белпедтэхнікуме, дзе родную мову і літаратуру выкладаў Якуб Колас. Актыўна друкаваўся з 1925 года, а ў 1932 годзе выдаў адразу тры кніжкі — «Слова аб юнай краіне», «Музыка працы» і «Рахіль. Ліра-паэма». Існуе версія, паводле якой ён адразу пасля атрымання ганарару за кнігі быў абрабаваны, жорстка збіты і затым страціў амаль поўнасцю розум. Другая версія (пісьменнік Павел Пруднікаў) сцвярджае, што яго кэдэбісты хацелі завербаваць даносчыкам, ды ён не згадзіўся і, напалоханы, такім чынам страціў розум. Якая з іх больш правільная, няхай разбіраюцца літаратуразнаўцы і крытыкі. Я ж ведаю адно: падобна мог скласціся лёс любога таленавітага, сумленнага чалавека ў суровы сталінскі час. Ведаю таксама, што паэта лячылі ад хваробы ў Маскве, што пасля ён да самай смерці — 25 лютага 1975 года — жыў у вёсцы Мрочкі. Мала кантактаваўся з аднавяскоўцамі. Часта страчваў розум канчаткова. Пасля здароўе крыху выпраўлялася. Так і жыў наш беларускі Бацюшкаў. I яшчэ адзін факт: немцы везлі яго разам з іншымі ў лес на расстрэл, а ён уцёк з машыны, уратаваўся нейкім чынам.
     Сын свайго часу, Казлоўскі не мог не адлюстраваць яго сілу і слабасць, не паддацца кан'юнктуры паказу пераможнага шэсця сталінскага сацыялізму па дзяржаве. Аснову яго кнігі «Музыка працы» складаюць імпэтныя вершы пра няўрымслівых будаўнікоў, энтузіястаў, іх акрыленыя мары. У іх многа «вытворчага» зместу і мала зместу гуманістычнага, чалавечага. Героі гэтых твораў-рапартаў — плытнікі, дрывасекі, тачачнік (так яны і называюцца). Адзінае, што ў некаторых з іх радуе, дык гэта пошук аўтарам рытму, адпаведнага рытму працы. Гэтым самым ён становіцца блізкі і Маякоўскаму, і ранняму Куляшову. Адзін з лепшых вершаў — «Балада пра варанога каня». У гэтым творы паказана нараджэнне новага жыцця ў мірны час — праз пакуты і страты, праз пераадоленне нялюдскасці, нядбальства, гультайства і жорсткасці ў адносінах да жывых істот. «Герой твора» — прыгажун вараны конь — памочнік і сябра чалавека, які не раз ратаваў яго ў складаных ваенных абставінах, а ў мірны час гіне, везучы пакет у раён, па віне недарэкі-конюха, які па п'янцы забыўся яго накарміць, старшыні, што не прасачыў за паводзінамі свайго падначаленага, душагуба-кур'ера, які не шкадуе жывую істоту і без дай патрэбы падганяе яе ў дарозе. Балада вытрымана ў строгіх рамках жанру: сюжэт у ёй развіваецца хутка і энергічна, падзеі — напружаныя, драматычныя, трагедыйным пафасам прасякнутыя і мастацкія дэталі, за кожнай з якіх — аўтарскія адносіны да рэчаіснасці, аўтарская ацэнка яе. Твор гэты глыбока гуманістычны, заступніцкі, калі так можна сказаць. Цэнтральная думка яго — заклік да гуманізму. Такім сама заклікам прасякнуты і твор Кузьмы Чорнага 20-х гадоў «Буланы» — пра старога каня, які адслужыў сваё і якога забіваюць скуралупы. Спачувае коням — жывым істотам, прыгажунам, якіх замяніў на працы сталёвы трактар у апавяданні пазнейшай пары «Рыжыя коні» вядомы беларускі празаік і літаратуразнавец Іван Навуменка. Усе творы пра адно — пра тое, што чалавек павінен любіць і шанаваць жывы свет, а не парушаць у ім гармонію.
     Лепшы з трох зборнікаў — «Слова аб юнай краіне». Адкрываецца ён невялікай лірычнай паэмай «Зара ўзышла». Твор гэты не крыклівы. Радасць, паказаная ў ім, не ўзнёслая, а нейкая горкая. Тут няма лозунгавасці, не грукоча метал, як часта было ў даваенных творах на вытворчую тэму. Галоўная задача, якую паставіў перад сабой мастак, — паказаць чалавека, якому ўласцівае чуццё годнасці, з якім ён і крочыць у будучыню. Тут зліваюцца ў адно цэлае думка і пачуццё, настрой і глыбокі філасофскі роздум, рэаліі жыцця і іх аналітычная ацэнка. Мне імпануе таксама тое, што аўтар стараецца ў кроплі ўбачыць цэлы свет. Паэма блізкая сваім адраджэнскім, патрыятычным пафасам да Купалавага твора «Безназоўнае». Акрамя гэтага, адзначу, што яна аўтабіяграфічная, што было рэдкасцю ў літаратуры пачатку 30-х гадоў, калі вытворчы пачатак выцясняў чалавечы. Некалькі трапных радкоў запомніліся. Я цытую іх па памяці, таму магчымыя памылкі ад таго, што не запомніла аўтарскія знакі прыпынку, вельмі частыя ў вершаваных творах: «Даволі ўжо ў жабрацтве зневажалі. Скрывавілі і змучылі душу... Пайду ў прасцяг сняжынак скрыжаваных Падслухаць дрэў нявысмеяны шум. I я пайшоў. Стамлёнымі вачамі Вячорную зарніцу сустракаў. Шкілеты дрэў ардою адзічалай Узнімалі крык стагоддзяў на руках». «Шкілеты дрэў» узнімалі «крык стагоддзяў на руках» — так мог сказаць надзвычай таленавіты паэт.
     У творах пра грамадзянскую вайну Віктар Казлоўскі, відаць, зыходзячы з уласных хлапечых назіранняў (а нарадзіўся ён у 1905 г., як і яго аднагодак Пятрусь Броўка), раскрывав трагедыю маці, сыноў, якіх вядуць на іх вачах на расстрэл («I беглі іх маткі, Зрывалі з грудзей Прапахлыя потам сарочкі»). Нават прырода, як жывая істота, спачувае ахвярам бязлітаснай бойні: «Ноч, узмахнуўшы стомленым крылом, Падала ніцма на грудзі курганаў»). Вельмі яркая і каларытная марыністыка (вершы аб моры) гэтага паэта. Вось якімі трапнымі радкамі перадае ён сваю любоў да роднага краю. Іх нават і ў самога Шмена Панчанкі я не сустрэла: «Адтуль вятры да самага Ай-Петры Даносяць звон пажараў аржаных, Адкуль праз многа тысяч кіламетраў Я чую плач цымбальнае струны». «Аржаныя пажары», «плач цымбальнае струны» — якія нечаканыя, імажынісцкія вобразы! I ні грама не саступаюць ясенінскім. I не паўтараюць іх. А як сведчаць пра вялікі талент «другараднага» паэта!
     Віктар Казлоўскі, хоць і другарадны, але таленавіты паэт. Лепшыя вершы яго можна паставіць побач з вершамі нашых і чужаземных класікаў літаратуры. Дзякую настаўніцы, якая адкрыла мне новае імя.