Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

"I цішэюць, цішэюць крокіi людзей, i старых гарадоў" (мінулае ў паэзіі Янкі Сіпакова)
     Янка Сіпакоў, як і яго равеснікі, што выраслі пад гарматнымі стваламі, таксама перажыў вайну і пасляваеннае ліхалецце. У роднай вёсцы Зубрэвічы на Аршаншчыне немцы закатавалі яго бацькоў за сувязь з партызанамі. Гадаваўся ў роднай цёткі. Закончыў журналісцкае аддзяленне філфака БДУ. У паслужным спіску пісьменніка і праца ў часопісе «Вожык» і ў часопісах «Маладосць» і «Беларусь» (дзе ён робіць і зараз), і ў выдавецтве «Энцыклапедыя», заснаваным П.Броўкам. У актыве творчым — зборнікі паэзіі «Сонечны дождж» (1960), «Лірычны вырай» (1965), «Дзень» (1968), «Звясныўлета» (1972), «Веча славянскіх балад» (1973, 2-е выд. — 1988), «У поўдзень, давады» (1976), «Вочы ў вочы» (выбранае, 1978), «Усміхніся мне» (1984) і інш., а таксама кнігі лірычнай прозы («Па зялёную маланку», 1971, «Крыло цішыні», 1976, «Усе мы з хат», 1982, «Пяць струн», 1984, «Журбаўстылі рэтра», 1990, і інш.), сатьіры і гумару. Шматаблічны, Янка Сіпакоў тым не менш дарагі мне асабліва як пясняр мінуўшчыны, як аўтар балад пра славянаў свету, якія павінны аб'ядноўвацца, а не раз'ядноўвацца, бараніць сваю нацыянальную годнасць і незалежнасць,пачуваць сябе роўнымі сярод роўных. Менавіта пра гэта і хачу пісаць. Хачу пісаць тым больш, што ў нас доўгі час гістарычная тэматыка была занядбаная: нібы спецыяльна нехта адвучваў нас ведаць сваю мінуўшчыну, вучыцца жыць і змагацца за сябе так, як змагаліся за сябе, за сваю годнасць нашыя продкі. Гэта толькі апошнім часам з'явіліся кніжкі Караткевіча, Ластоўскага, Тарасава, Арлова ды іншых аўтараў, што жывуць сёння ці былі выкліканы з небыцця пераменамі ў жыцці, адраджэнскім рухам. Таму прашу экзаменатараў улічыць звужанасць майго падыходу да ацэнкі набыткаў цікавага і арыгінальнага беларускага пісьменніка.
     Як ніхто з яго пакалення, а можа, і іншых, старэйшых і маладзейшых, Янка Сіпакоў валодае здольнасцю пранікаць у мінулае, паказваць яго прадметна, узбуйнена, каларытна. Пласт вершаў на гістарычную тэматыку і колькасна, і якасна — самы прыкметны у яго творчасці ў цэлым. Паэт у вершах на гістарычную тэматыку не можа ісці па шляху поўнай «лірызацыі» рэчаіснасці, бо трэба захоўваць законы эпічнай творчасці, у якой надаюцца найпершыя правы сюжэту, падзеі, канфлікту, канкрэтным мастацкім дэталям. Пра ўсё, што мастак бачыць, ён павінен апавядаць, старацца стрымліваць асабістыя эмоцыі і перажыванні. Яшчэ Гегель назваў эпічны род літаратуры самым аб'ектыўным. А тут мы маем прыклад таго, як і ў творах невялікага аб'ёму, да таго ж вершаваных, узрастае роля эпічнага пачатку, як лірыка па сутнасці ператвараецца на нашых вачах ці ў ліра-эпас, ці ў чысты эпас. Але, здаецца, хопіць разважаць у агульным плане. Звернемся да канкрэтных твораў, раскрыем, якімі прыёмамі карыстаецца аўтар з мэтай «ажыўлення» гістарычнага мінулага.
     Паколькі гісторыя славянства была многія стагоддзі трагічнай: ім даводзілася бараніцца ад многіх чужынцаў, пацвярджаць сваю перавагу над імі, то галоўным жанрам паэзіі гэтага тэматычнага пласта становіцца балада. Балада — эпічны, ліра-эпічны, лірычны твор з абвостраным, трагедыйным канфліктам, такой сама развязкай (часта творы баладнага зместу заканчваюцца смерцю галоўных герояў). Балада прыйшла ў сучаснасць з часоў старажытнасці, а затым — рамантызму і стала вядучым жанрам не толькі беларускай, а і іншых славянскіх літаратур. Балада дае магчымасць мастаку ахапіць многія вызначальныя падзеі, нават ацаніць жыццё і лёс народа ў цэлым, выявіць асноўныя рысы характеру той ці іншай нацыі.
     Кнізе «Веча славянскіх балад» папярэднічалі творы «Хрыстова нявеста», «Пажар у старажытным Полацку», «Тураўская элегія», «Пятля Кастуся Каліноўскага» і многія іншыя. У іх ужо гісторыя паўстала ў яркіх прадметных малюнках, у жывых, шматгранных рытмах, у шматколерных пералівах гукаў і фарбаў. Паэт не толькі апісвае падзеі, але і аднаўляе іх самарух, дынамічнае развіццё, стварае не абстрактныя слоўныя, але і малюнкавыя сцэны. Мы захапляемся аб'ёмнасцю сцэн і эпізодаў, становімся як бы іх непасрэднымі ўдзельнікамі. Атрымліваецца так хораша, выразна, прыгожа, што хочацца створанае, намаляванае паэтам жыццё ў слове пакратаць рукамі, настолькі яно «шчыльнае» і жывое:
     
     Прыгінае і самых высокіх
     Да зямлі вечны цяжар гадоў,
     I цішэюць, цішэюць крокі
     I людзей, і старых гарадоў.
          «Тураўская элегія»

     
     У пералічаных вышэй вершах выявілася актыўная грамадзянская пазіцыя пісьменніка, яго вера ў справядлівасць, у гуманізм. Пачуўшы жывыя крокі гісторыі, зрокава ўявіўшы яе ва ўсёй шматграннасці, паэт ушчыльную падышоў да напісання сваёй галоўнай кнігі — «Веча славянскіх балад». Узяцца за стварэнне падобнага шырокага мастацкага палатна мог толькі чалавек, які валодае не проста талентам «ужывання» ў мінулае, але і надзелены філасофскім мысленнем, захоплены прагай аналізу, пошуку, які можа ставіць побач розныя эпохі і выводзіць з іх агульныя заканамернасці. Кніга балад Янкі Сіпакова — гэта зрэз славянскай гісторыі з 20 і да 11 стагоддзя. У баладах паэта на першым плане паказ лёсу народа, выяўленне самых істотных рысаў у яго паводзінах і ў агульнаславянскім характары. Асноўныя думкі, якія праходзяць праз беларускія, рускія, украінскія, польскія, сербскія, македонскія, балгарскія і іншыя балады, зводзяцца да таго, што ніхто і нішто не ў стане прымусіць славянаў пазбавіцца нацыянальнай годнасці, перастаць быць патрыётамі свайго краю, сваёй гісторыі, мовы, культуры. Славяне застаюцца людзьмі вальналюбнымі нават пад прыгнётам чужынцаў.
     Вельмі важная і другая думка ў кнізе: гісторыю стварае і рухае наперад народ. Таму толькі ён у стане вырашаць свой лёс і лёс тых, хто ім кіруе. Цыкл балад «Веча» — пра часы старажытнасці, наўгародскай вольніцы — менавіта пра гэта. Лёс гісторыі вырашае народнае веча. Веча — голас народа. Веча выносіць прысуд тым, хто не лічыцца з агульнай думкай.
     Не магу раўнадушна чытаць «македонскую баладу XX стагоддзя» (так назваў народ, час у творы сам пісьменнік) «Пытанне». Як цяпер, толькі што, бачу карціну: шырокае поле, так старанна апрацаванае, засеянае адборным зернем вясной, а цяпер — зжатае. На полі селянін грузіць снапы на калёсы. Побач з ім сынок — хлопчык, маленькі каласок, дзіця, будучы араты і сейбіт. I чужынцы са зброяй цераз плячо. Суседзі — грэкі. Фашысты. Чаго ім трэба на чужой зямлі? Што ім рабіць на гэтым полі, з гэтымі «цёмнымі» рабамі? Яны ж ужо іх заваявалі, устанавілі свае парадкі, адабралі ўсё, што толькі можна адабраць? Аказваецца, фізічнага панавання ім мала. Ім трэба маральна дабіць непакораў, згвалтаваць іх душы, вытрасці рэшткі нацыянальнай свядомасці, даказаць сваю перавагу ва ўсім. Яны дабіваюцца, каб Коча Маркоўскі, славянін-македонец, гаспадар, працаўнік, назваўся грэкам, адрокся ад сваёй роднай мовы, ад свайго нацыянальнага імя. I сустрэлі яны на звычайным вясковым полі непакору, гордага духам і нязломнага воляй чалавека, македонца, мужыка. Яны забіваюць яго на вачах маленькага хлопчыка, Венкі Маркоўскага. Забіваюць люта, нізавошта. Хіба толькі за тое, што ён аказаўся перад імі чалавекам вольным, а не рабом. Венка ўсё бачыць і падхоплівае эстафету з бацькавых рук крыкам «Я Венка Маркоўскі, мужык!» У баладзе створана ілюзія руху. Яна надзвычай дынамічная. Героі гавораць мала, лаканічна, дзейнічаюць. Катаванне адбываецца тройчы, як у фальклорных творах. Двойчы Коча Маркоўскі прамаўляе: «Я — македонец, мужык...» Трэцім разам не азваўся зусім: закатавалі чужынцы. I застаўся ў вечнасці македонцам, славянінам, селянінам.
     Я пісала, што твор надзвычай дынамічны. У пацвярджэнне сказанага хачу прывесці некалькі радкоў:
     
     I зноў пахне порахам руля,
     I зноў сэрца б'ецца аб штык.
     
     — Відаць, было часу замала —
     Не ўспомніў нічога, дзівак...
     
     Нагайка ізноў заспяшала —
     Ты — грэк... Толькі так... Толькі так...

     
     Глядзіце, якое лаканічнае пісьмо — і ў дыялогавых рэпліках, і ў апісанні самога дзеяння. Сцісласць і афарыстычнасць забяспечваюцца назыўнымі сказамі, адсутнасцю слоўна-выяўленчых сродкаў. Эпізоды, сцэны (іх дзве — катаванне бацькі і ваяўнічы бунт сына, які ўсхопліваецца на возе і крычыць у твар катам, што ён — таксама македонец, мужык, а яны — забойцы), фразы-пытанні і фразы-адказы — усё даведзена да найвышэйшай канцэнтрацыі: сустрэліся ворагі. Літасці ніхто не чакае, не спрабуе абараніцца, выкруціцца.
     Вельмі цікавая балада Сіпакова (украінская, 17 стагоддзя) «Булава» — пра тое, як адхілілі ад улады малалетняга сына Багдана Хмяльніцкага Юрку, як перахапіў з яго рук хітрасцю, подкупам казакаў зусім незаслужаны чалавек — атаманскі пісар Іван Выгоўскі. Гэтая балада надзвычай псіхалагічная, у ёй раскрываюцца складаныя характары. Вось як, напрыклад, дакладна перадае аўтар «пакуты сумлення» і жах, каб не ўплыла булава з рук, Івана Выгоўскага:
     
     Так... Вось цяпер пааднекуйся крыху...
     Ды не цягні — на сваю ж галаву.
     А то вунь зласліўцы, няхай на іх ліха,
     Могуць з-пад носа сцягнуць булаву.
     
     Выхапяць з рук, адарвуць і ад срэца,
     Гледзячы гэтак нявінна у твар.
     Зірніце, як Грышка Лясніцкі злуецца,
     Той, што хадзіў ужо з ёй на татар.

     
     З гэтай балады відаць, што аснову некаторых такога жанру твораў пісьменніка складаюць глыбокі роздум, унутраны палемізм, спрэчкі і аўтара з героямі, і герояў між сабой. Як і ў творах Быкава, у баладах Сіпакова героі апынаюцца перад выбарам, павінны прыняць адзіна правільнае рашэнне ў экстрэмальных, надзвычайных умовах і ці застацца людзьмі, не здрадзіць прынцыпам чалавечнасці, ці ператварыцца ў пярэваратняў, пайсці на згодніцтва з чорнымі сіламі, ворагамі. Асабліва цікавая у гэтых адносінах «беларуская балада XV стагоддзя» «Вяселле». Я сама не надта сентыментальная асоба. Аднак, калі чытала баладу, не магла стрымаць слёз: так у ёй усё напружана, такая драма дзяўчыны раскрыта, якая, вольная, выходзіць замуж за раба, прыгоннага селяніна. Толькі ноч адна-адзіная адпушчана каханым на вяселле. Толькі адна летняя ночка. А яна такая кароткая! А так хочацца яшчэ трошачку-трошачку яе надтачыць! Так хочацца, каб сонца не ўзыходзіла хутка-хутка, за нешта затрымалася, дало магчымасць глынуць яшчэ колькі глыткоў вольнага жыцця. Бо па ўзыходзе свяціла яе, ужо рабыню, запросяць на працу ў панскі палац. Так і адбываецца. Балада заканчваецца плачам новай рабыні пра тое, што па яе, «па рабу, так рана Бяжыць цівун». Ды лепш рабства і жыццё з любым, чым жыццё ў раскошы з чалавекам, якога не кахаеш. Помнім, што менавіта пра гэта сказала Купалава гераіня (і гераіня беларускіх народных песень) Бандароўна проста ў твар пану Патоцкаму. Такая ж думка пранізвае і бал аду Сіпакова. Тужлівая песенная мелодыя гучыць на працягу ўсяго твора з вуснаў дзяўчыны. Глыбока ў памяці застаюцца трывожныя і гордыя радкі. «Я сама сябе гэтак караю, I каханнем, і раем караю, Бо я ж Яна больш волі люблю!».
     Янка Сіпакоў умела ажыўляе мінулае, надае яму канкрэтныя рысы, вядзе ў яго нас, чытачоў, як гаспадар гасцей у пабудаваны новы дом.