Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

"Пра маці можна гаварыць бясконца" (Максім Горкі)
     Маці - адна ты!..
     П. Броўка
     
     Пакахаў юнак дзяўчыну, а тая запатрабавала, каб ён прынёс ёй матчына сэрца, - і тады адкажа яму ўзаемнасцю. I юнак выканаў тую ўмову... А калі нёс сваёй каханай матчына сэрца, спатыкнуўся і выцяўся. I сэрца спыталася: «Ці не балюча табе, сынок?»
     Самаахвярнасць і ўсёдаравальнасць - вышэйшая выява святой любові, бо толькі святыя здольны на такое пачуццё. Кожнаму грэшнаму разам з жыццем даецца і чалавек, праз якога прыходзіць жыццё, і да скону яно асветлена святым пачуццём матчынай любові. Гэтую любоў нельга вызначыць, вытлумачыць, вымераць, бо яна - дар Усявышняга, як само жыццё. Фантастычнымі сродкамі славяць матчыну любоў паэты, бо розумам усвядоміць яе немагчыма - «цуды можна разумець толькі сэрцам». У Цёткі ёсць хвалюючы верш «Тры кветкі», напісаны паводле народнага падання пра юнака, што ў доўгую нялёгкую дарогу ўзяў тры кветкі: ад друга, каханай і маці. У самы крытычны момант свайго жыцця юнак дастаў дарагі дарунак і ўбачыў: дзве кветкі завялі, жывой была толькі трэцяя - матчына.
     У вершы «Голас» групоўкай слоў і выразаў з нарастаннем іх сэнсавай выразнасці («незнаёмы», «друг», «любая», «маці» - «здзівіць», «спыніць», «сагрэць сонцам лета», «вярнуць з таго свету») Максім Танк дасягае афарыстычнасш ва ўслаўленні маці і яе бязмежнай любові да дзяцей:
     
     Голас незнаёмага можа здзівіць,
     Голас друга - на хвіліну спыніць,
     Голас любай - сагрэць сонцам лета,
     Голас маці - вярнуць з таго свету.

     
     Выключнага ўздзеяння на душу чытача дасягаюць тыя пісьменнікі, што паказваюць праз пакуты маці трагізм пакалення, якому наканавана было з Радзімай «дзяліці лёс благі». Лірычны герой верша У. Жылкі «Маёй маці» ўсведамляе невымернасць пакут маці за сваіх няшчасных дзяцей:
     
     Не ўздыхне душа ніводная,
     Не ўспамяне пра мяне.
     ***
     Толькі ты згаворыш пацеры
     Над нядоляю маёй.
     Толькі вочы маёй мацеры
     Затуманяцца слязой.

     
     «Один я в мире подсмотрел святые искренние слезы - то слезы бедных матерей» - так пісаў М. Някрасаў пра вялікую і святую шчырасць у свеце - матчыну шчырасць. Якія б добрыя людзі ні сустрэліся на нашым шляху, усё ж ніхто не будзе любіць нас так, як мама. Ніхто не возьме на сябе наш боль і пакуты так, як мама. Ніхто не парадуецца за нас так, як мама.
     Гімнам мацярынскай любові і самаахвярнасці з'яўляецца лірычнае адступленне ў кнізе I. Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага»: «Маці, маці, колькі слёз пралілі вашы вочы, колькі начэй недаспалі, калі вы, схіліўшыся над сынамі, адганялі ад іх бяду. Толькі нязгасныя вашы сэрцы, трапяткія і мужныя, пяшчотныя і суровыя, поўныя любві і гневу, могуць перажыць такія трывогі, якія выпадаюць на вашу долю. Рана адцвітаюць вашы вочы, пакрываюцца маршчынамі родныя твары, але не трэба вам ніякай узнагароды за гэта: жывіце толькі, дзеці, не памірайце, няхай вас міне хвароба, няхай не кране бяда-гора. Жывіце!»
     Шэсцем да несмяротнасці з'яўляецца пакутніцкі шлях на Галгофу брылёўскай гераіні з апавядання «Маці». Трымаючы «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі» мазалямі да мазалёў, маці моліцца і за чужых дзяцей, з якімі зрадніла яе доля, і за сваіх. Подзвіг маці стане і дакорам, і напамінам усім дужым пра тое, што ёсць праведнікі, якія ўзыходзяць на Галгофу, каб уратаваць свет. Пісьменнік верыць, што подзвіг маці «ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх» перад бітвай са злом. Усім нам дадзена Евангелле ад Бога, напісанае святымі апосталамі, а кожнаму з нас - яшчэ і Евангелле ад Мамы. Філасофскай назвай аднаго з апошніх сваіх зборнікаў «Евангелле ад Мамы» Р. Барадулін сцвярджае ісціну, што загады Божыя пішуцца ў сэрцы кожнага з самых першых хвілін жыцця. I пішуцца Мамай. У беларускай літаратуры шмат вобразаў маці-евангелістак, якія змаглі напоўніць святлом душы сваіх дзяцей, напісаць для іх Евангелле. Гэта і гераіні твораў А. Вярцінскага («Заазер'е», «Маці пячэ хлеб»), і Куліна з аднайменнай паэмы Р. Барадуліна, і маці з паэмы П. Броўкі «Голас сэрца»...
     Асаблівай эстэтычнай сілай уздзеяння валодае вобраа Ганны з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». У гэтым вобразе ўвасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны, жонкі і маці, нястомнай працаўніцы і ахоўніцы сямейнага ачага. Не можа не здзіўляць тактоўнасць гэтай простай сялянскай жанчыны, тонкасць яе натуры і багацце душы. Ад яе залежыць духоўнасць усёй сям'і: цеплыня, шчырасць і лад - усё ад яе і праз яе. Яна - носьбіт народнай мудрасці і маралі, яна - носьбіт вечнасці: традыцый, звычаяў. Яе любяць і шануюць усе ў сям'і, а першы прыклад павагі і пашаны да яе дае дзецям Міхал.
     Адносіны да маці, любоў і пашана да яе - выключная мерка духоўнасці кожнага чалавека. Становішча жанчыны-маці - люстэрка грамадства. Адносінамі да маці вывяраюць сваіх герояў многія пісьменнікі. На вялікі жаль, многія героі не вытрымліваюць гэтага выпрабавання. Не любоў, удзячнасць і пяшчоту, а эгаізм, чэрствасць і чорную няўдзячнасць у адносінах да самага роднага чалавека выпраменьваюць іх душы. Не роднымі дзецьмі, нават не пасынкамі, а нелюдзямі і пачварамі паўстаюць яны перад чытачом. У З. Прыгодзіча ёсць аповесць з сімвалічнай назвай «Ноч перад нядзеляю». Даследуючы лёс самаахвярнай маці, якой дзеці адплацілі чорнай няўдзячнасцю, пісьменнік б'е трывогу, папярэджвае пра дэградацыю грамадства.
     I З. Прыгодзіч, і В. Карамазаў, і А. Дудараў, і многія іншыя пісьменнікі сучаснасці папярэджваюць усіх нас, што мы ўжо на парозе, пераступаць які нельга, што ўжо не толькі вечар, а ноч, за якой можа не наступіць раніца. Сімвалічным з'яўляецца вяртанне Сцяпана да сваёй маці пасля дзяльбы кабанчыка (апавяданне В. Карамазава «Дзяльба кабанчыка»). Вяртанне да маці - одум, абуджанае сумленне, выратаванне сваёй душы. Вяртанне да маці - вяртанне да духоўнасці, якую занядбалі, якую ў мітусні і тлуме адкінулі як непатрэбшчыну. Настаў час усвядоміць духоўнасць як краевугольны камень і пакласці яго ў аснову асноў. I пачаць, калі яшчэ не позна, трэба найперш з удзячнасці Маме і клопату пра Маму. Так, як зрабіў герой апавядання В. Карамазава.