Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Чалавек і прырода — непадзельнае цэлае (па твору Генрыха Далідовіча "Губаты")
     Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
     Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, —
     Тварыць!
     Анатоль Вярцінскі

     
     Прырода — неад'емная частка нашай Радзімы. Кожны чалавек павінен разумець, што ахоўваць прыроду, берагчы яе, ашчадна адносіцца — гэта значыць берагчы сваю Радзіму. У апавяданні Г.Далідовіча «Губаты» расказваецца пра два розных тыпы людзей. Адны — любяць прыроду, ашчадна да яе ставяцца, а другія, наадварот, стараюцца ад яе паболей узяць «дармавога».
     У вобразе лесніка мы бачым чалавека, які са спагадай адносіцца да ўсяго жывога. Ён ратуе ласяня ад смерці не таму, што гэта яго абавязак. Ахоўваць лес — яго ўнутраная патрэба. У яго душы жывуць дабрыня і спачуванне да ўсіх, каму цяжка, каму патрэбная дапамога. Лесніку баліць боль ласяняці, і гэта адбіваецца на яго твары: «робяцца зусім маленечкія вочы». Ён вось-вось заплача. Ляснік размаўляе з ласянём нібы з чалавекам, падбірае ласкавыя словы: «маё цялятка», «беднае ты маё, бязвіннае». У кожным яго руху — спагада і спачуванне. Ляснік неаднойчы даглядаў у сваім доме лясных жыхароў. Але ўсіх іх: бусла, зайчыкаў, дзікіх парасятак — ён выпускаў на волю, бо разумеў, што «звер... павінен жыць у лесе. Там яго дом... Пасцель, яда, воля... Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаюць людзі... Гора бывае, бяда...»
     Свае маральныя прынцыпы бацька перадае дзецям. Яны таксама з любоўю і спачуваннем ставяцца да жывых істот.
     Г.Далідовіч у сваім апавяданні паказвае людзей праз успрыманне Губатага. Аўтар сцвярджае, што кожная жывая істота мае душу, свой унутраны свет, адчувае і боль, і радасць, плача ад адчаю, сумуе без сяброў. Губаты адразу адчуў, што тыя людзі, якія ішлі «ціха, зладзеявата азіраючыся», мелі нейкі нядобры намер. Але ён, прывыклы да таго, што людзі не рабілі яму нічога дрэннага, нават не зварухнуўся з месца. Людзі не былі для яго ворагамі, ён іх не баяўся.
     У вобразах паляўнічых-браканьераў Г.Далідовіч паказаў людзей, якія лічаць сябе вышэй за «братоў сваіх меншых».
     Законы дабрыні, узаемапавагі для іх не існуюць, але з'яўляецца часам страх: «Страшнавата неяк, халера... — дрыготкім голасам прамовіў маларослы. — Закон жа ест строгі!» Але гэта страх не перад уласным сумленнем. Законы, па якіх жывуць гэтыя людзі, страшныя, жорсткія. Дзеля выгады, «дармавога» можна і забіць.
     Сваім апавяданнем Г.Далідовіч хоча нас папярэдзіць аб небяспецы: чалавек становіцца падобным на драпежную жывёлу. Паўнацэннае жыццё ў будучыні залежыць ад добрай волі і розуму чалавека, які не павінен быць забойцам. Трэба жыць у згодзе з прыродай, вучыцца ў яе гармоніі і красе, бо прырода — наш дом. Мы і прырода — непадзельнае цэлае.