Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Творчасць Кузьмы Чорнага ў маім успрыманні
     Ратуй людзей з бяды ліхой,
          іхдушы
     На гвалт і на адчай не пакідай,
     Ты радасцьім нясі, сабе —
          адчай,
     Ім — волю, гвалт — сабе,
          ты духам дужы.
     Аркадзь Куляшоў

     
     Уяўляю, як цяпер, 22-гадовага маладога чалавека, з торбачкай у руках (у ёй была звычайная сялянская луста — квалак хлеба ды кавалак сала, магчыма, дзве-тры бутэлькі малака, агуркі), лапцях (боты шкада таптаць у далёкай дарозе), які кіруецца з Цімкавіч у Мінск амаль за сотню кіламетраў. Гэты вандроўнік — Мікалай Карлавіч Раманоўскі, выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, супрацоўнік валрэўкома, Слуцкага райваенкамата, настаўнік. Што яму трэба ў далёкім Мінску? Можа, захацелася сустрэцца з калегамі-журналістамі, што паспелі надрукаваць яго ўзнёслыя лірычныя абразкі і апавяданні ў рэспубліканскім друку? Не, з імі ён завочна знаёмы. Яму хочацца даведацца, ці прымуць яго вучыцца далей, ва універсітэт, якія даведкі для гэтага патрэбны: «Сто кіламетраў пехатою дзеля гэтага толькі!» — здзівіцца і сёння любы чалавек. Ды нічога дзіўнага няма ў такім учынку будучага класіка нашай нацыянальнай літаратуры: па дарозе ён бліжэй пазнаёміцца з прыродай, малавядомымі вёскамі, адкрые для сябе цудоўныя куточкі роднага краю. А яшчэ пачуе пявучую цэнтральнабеларускую гамонку, жаласнапрацяглыя песні пра нядолю-мачыху, сірочыя слёзы. Яго прымуць на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ, дзе адвучыцца ён усяго два гады і, вымушаны зарабляць на кавалак хлеба, так і не здзейсніць сваю блакітную мару — мець вышэйшую адукацыю. Голад і нястача будуць ісці за ім следам і пазней. Бескватэрны і хворы ў першыя месяцы пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ён пойдзе ад нас у далёкі шлях, ужо са свайго напалову падвальнага прытулку, ва ўзросце сарака чатырох гадоў з балючым пытаннем на вуснах: «За што?», з просбай заступіцца і за яго, і за іншых пакутнікаў, звернутай да самога Бога. Ці пачуў яго Бог? Ці пачуў ён галасы соцень, тысяч, мільёнаў людзей, што прынеслі сябе ў ахвяру светлым марам і аказаліся адрынутымі грамадствам, што будавала радасную будучыню?
     Не выпадкова выбраў сабе такі псеўданім — Чорны — таленавіты мастак, выдатны апавядальнік, раманіст, тонкі псіхолаг. За гэтым псеўданімам хаваецца яго ацэнка свайго асабістага, няўмольна цяжкага лёсу, лёсу такіх самых, як яго бацька-парабак, беззямельнік, вяскоўцаў. Ён вельмі іх любіў. Верыў у іх праўду, іх зорку. Гэта вера выяўляецца ва ўсіх літаральна творах, пачынаючы з ранніх апавяданняў «Срэбра жыцця», «Пачуцці», «На пыльнай дарозе», «Начлег у вёсцы Сінегах» і інш., і заканчваючы раманамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны «Пошукі будучыні», «Млечны шлях», «Вялікі дзень». У апавяданні «Начлег у вёсцы Сінегах», здаецца, няма нічога такога, што сведчыла б пра вялікаснасць, нейкую надзвычайнасць таленту мастака. Такая ж суровая праўда побыту, як у многіх творах Ф.Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых аўтараў. Аднак твор уражвае нас непрыхаванай спачувальнасцю, даверлівасцю i шчырасцю. Мы не можам раўнадушна абысці чужое гора, якое разгортваецца на нашых вачах... Хутаранцы-жанчыне няма чым пачаставаць чырвонаармейцаў, якія, пераначаваўшы, пойдуць далей на Захад: усё аддала тым, што прайшлі раней. Мужа і старэйшага сына яе забралі з сабою возчыкамі белапалякі. Няма каму адпасвіць кароўку-карміцельку, і яна будзіць рана-рана меншанькага сыночка, ножка якога паранена, якому так не хочацца досвіткам уставаць. Якая глыбокая чалавечая драма разгортваецца перад нашымі вачыма! Мы становімся яе саўдзельнікамі разам з чырвонаармейскім камандзірам, які супакойваё, як можа, жанчыну-гаротніцу, без лішніх, напышлівых слоў. А раніцай атрад пакрочыў далей, маўкліва, сурова. Не менш уражвае і апавяданне «На пыльнай дарозе» — пра чатырнаццацігадовага падлетка, які разважае з выпадковым спадарожнікам пра гаспадарскія клопаты (ідзе ў далёкую вёску да брата-парабка за падмогай — каб узараў зямлю, скардзіцца на айчыма, які маці хворую ледзьве не загнаў у труну), а затым, калі бачыць, што за ім не сочаць чужыя вочы, гарэзнічае, нібы дзіця. Спадарожнік, ён жа апавядальнік, захапляецца цэласнай натурай маленькага гаспадара зямлі, спявае яму і ўсяму маладому пакаленню радасны гімн: «Я сядзеў на каменнях і думаў аб маленькіх і нязначных здарэннях, якія слабым здаюцца вялікімі і страшнымі, і аб вялікіх і страшных здарэннях, якія моцным здаюцца маленькімі і нязначнымі. I ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, стала мне радасна і думна». Я хачу звярнуць увагу на тое, як па-майстэрску карыстаецца словам, якое часам становіцца мастацкай дэталлю, набывае шматзначнасць, Кузьма Чорны. Тут такім з'яўляецца слова «думна». У кантэксце з іншымі яно азначае, што мастак не толькі радуецца разам з героем твора («стала мне радасна»), не толькі захапляецца моцнымі чалавечымі натурамі, але і глыбока асэнсоўвае прычыны нязломнасці чалавечага духу, займае пазіцыю філасофскай ацэнкі з'яў («стала мне радасна і думна»). З падобных драбніц — сустрэч і ростаняў, здарэнняў і выпадкаў, апісанняў і роздумаў складаецца цэласная карціна жыцця, намаляваная мастаком. Яна не аднаколерная, не толькі светлая. У ёй (асабліва прыналежнай другой палове 20-х — 40-м гадам) паступова павялічваецца колькасць трагедыйных штрыхоў, паглыбляецца драматызм, але яна не страчвае канчаткова сваёй аптымістычный асновы. Так, напрыклад, поўнае трагедыйнага пафасу апавяданне ваеннай пары «Маленькая жанчына». Колькі мы ўжо перачыталі да гэтага літаратуры пра маці, якія бароняць любой цаной сваіх дзяцей на вайне! Да гэтага чуецца матчына галашэнне пра сынкоў, якіх яна ўжо болей не ўбачыць, галашэнне ўнутранае, сама сабе, праз пасрэдніцтва апавядання Янкі Брыля «Маці». А як хвалюецца пра дзетак сваіх з белымі льнянымі галоўкамі, у гумовых боціках на ножках (яны ж патрояць пакуты малеч-смяротнікаў!) мацяркі з дакументальнай кнігі А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі»! Кузьма Чорны ў сваім творы робіць Маці агульначалавечай дзяўчынку-падлетка, з вострымі каленцамі, след ад якіх застаецца на зямлі і сведчыць пра перанесеныя ёй пакуты. А пакуты гэтыя яна сама ўсклала на свае кволыя рукі і плечы, ратуючы чужых дзяцей з эшалона, які разбамбілі фашысты. Пісьменнік змог убачыць беларускую Мадонну на вайне, у экстрэмальнай сітуацыі, паставіў яе, маленькае дзяўчо, на той п'едэстал ўсенароднага ганаравання, на які паставіў жанчыну Марыю ў аповесці «Маці чалавечая» («Матерь человеческая») рускі пісьменнік, шолахаўскі зямляк з Дона Віталь Закруткін. Наш мастак не ідэалізуе гераіню, не займаецца патэтыкай, а строга і ўдумліва прасочвае шлях на Галгофу і ў неўміручасць дзяўчынкі-маці, што пабрала рысы святой Марыі: «Каб увесь свет, як вялік ён ні ёсць, ад усіх. сваіх пачаткаў і бязмежнасці сабраўся і ажыў, як вялікая істота, з вачыма, каб бачыць, з вушыма, каб чуць, з душой, каб адчуваць, з розумам і думкамі, — сумленне кінула б яго ніц перад гэтым дзіцем». Пісьменнік моліцца на яе, маленькую маці, якая ратавала, як магла, меншанькіх дзетак. Моліцца на тую, якая так рана вымушана стаць дарослай, адчуць на сабе несправядлівасць жыцця. Сэрца яго абліваецца крывёю, калі ён назірае за яе паводзінамі на адной з самых страшэнных войнаў 20 стагоддзя: «Момантам гэтай радасці скончылася яе адзінота, таксама як і яе маленства. Прыйшла сталасць на доўгі яе век». Пра якую радасць піша мастак? Пра радасць дзяўчынкі, якая бачыць забітага чырвонаармейцам нямецкага дэсантніка. Чаму яна рада? Таму што перажыла такія жахі, якія не выпадаюць на долю некаторых людзей праз усё іх жыццё.
     Сэнсам жыцця пісьменніка, пачынаючы з самых ранніх апавяданняў, становіцца заступніцтва пры дапамозе слова за пакрыўджаны народ. Гэты народ выступав ў розных абліччах: вясковага настаўніка і хлебароба, студэнта універсітэта, які вымушаны днямі вучыцца, а ноччу разгружаць вагоны на таварнай станцыі, каб выжыць ва ўмовах даваеннай нястачы (апавяданне «Бяздонне»). Гэта можа быць маладая жанчына, якую выганяе з хаты азлоблены, цяжка хворы брат з сваёй звяглівай жонкай, і ёй так балюча, што няма паразумення паміж ёй і іншымі, тымі, хто павінен быць дарагім і блізкім. I вось ідзе яна насустрач новаму жыццю, чакае ў ім пераменаў, бо пачула слова «стрыжанай», агітатаркі з горада, за асвету, за разняволенне духу, за ачыстку людскіх нораваў і ўзаемаадносінаў. Злосная спачатку, яна разумев сваіх крыўдзіцеляў (гэта ад забітасці, уласнай прыгнечанасці) і даруе ім: «I раптам стала шкада Ганне ўсіх гэтых людзей. Прапала свая ўласная крыўда, зусім прапала, без следу. I брат Аляксей, які пабіў нядаўна яе, стаў родным і блізкім» («Радасць жанчыны»). Гэта, урэшце, можа быць жывая істота — конь Буланы, які састарыўся, чуе пагрозу, ратуецца, як можа, ад скуралупаў, ды прыходзіць яму канец, і ператвараецца ён у нішто ад рук чалавечых. Трагічнае апавяданне. Апавяданне-заклік берагчы ўсё жывое на зямлі. Апавяданне-напамінак нам, жывым, што ўсё аднойчы закончыцца для кожнай жывой істоты і для нас. А што застанецца? « ...тады моцна застукала нешта шумнае і тупое ў вушы, і раптам, у тры, пяць момантаў усё пачало рабіцца нічым. I ўсё стала нічым», — піша аўтар. Ці чуем мы апошнія ўдары сэрца ні ў чым не вінаватай жывой істоты? Ці не хочацца нам за яе, безабаронную, заступіцца і закрычаць на ўвесь свет: «Людзі! Спыніце забойства на планеце Зямля! Хай будзе жыццё найвышэйшай каштоўнасцю і цэніцца найвышэйшай мерай!» Як спакойна, раўнадушна і бяздушна рыхтуюць забойствы прафесіяналы Бяляк і Карась! Кожны з іх — ідэолаг забойства, хоць яны і розныя па характары. Чорны не спяшаецца вынесці ім прысуд як катам, дае магчымасць чытачам, нам з вамі, паглыбіцца ў іх душэўны свет, убачыць, што гэта абмежаваныя ў думках, пачуццях, дзеяннях людзі. Каб ім, на маю думку, прапанавалі памяняць прафесію забойцаў на іншую, яны наўрад ці прынялі б падобную прапанову: бо будаваць яны не могуць, а прывычныя толькі разбураць і нішчыць. Вось як высакамерна, з якім замілаваннем і пачуццём гонару вершыць забойства «паэт сваёй справы» Бяляк: «Бяляк забыўся, што вакол адзіноцтва асенняга дня, поле ды вецер, — як бы гэта адчуў ён вакол сябе тысячы людзей, тысячы зацікаўленых вачэй, і сам ён у цэнтры ўсяго. Свет прыслаў вялікіх сваіх прадстаўнікоў, каб бачыць тое, што робіць тут Бяляк Мікалай». I не проста паэт забойства, а свайго роду Напалеон, прэтэндэнт на прызнанне ў планетарным маштабе. А я назвала б яго Жалезным Інквізітарам, Раскольнікавым, які прысвойвас сабе права вяршыць суд над іншымі, слабейшымі, а тут і маўклівымі істотамі. Можа, менавіта такіх поглядаў на тое, што на зямлі не перавяліся злачынствы, што любая жывая істота мае права на жыццё, а калі гэтае права страчваецца, дык смерць павінна быць хоць бы гуманнай, каб зладзействам не выхваляліся тупалобыя Карасі, Белякі і аўтар. Смерць не мае апраўдання! Менавіта так я ўспрымаю пафас і «малой прозы», і творчасці Кузьмы Чорнага ў цэлым. Таму яна мне дарагая. Таму блізкая. Бо — чалавечная. Бо аўтар пачуў не толькі ўсясветны боль, але і боль кожнай канкрэтнай істоты.