Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Лёс светлы, лёс высакародны (роздум над старонкамі біяграфіі Янкі Купалы)
     Лёс Янкі Купалы нялёгкі, як і лёс многіх слаўных песняроў беларускага народа. Ён нагадвае мне лёс Францыска Скарыны, які пахаваны ў далёкай Празе, а не на Радзіме, дзеля якой жыў, якую асвечваў сваімі добрымі справамі. Не на Радзіме пахаваны і Мікола Гусоўскі, «Песню пра зубра» якога можна лічыць эпасам нашага народа эпохі Адраджэння. Рупіўся пра расійскую славеснасць Сімяон Полацкі, у жыцці якога таксама не ўсё добра складвалася. Янка Купала — адна з постацяў, якія залатымі літарамі ўпісаныя ў гісторыю нашай краіны, уславілі і ўвекавечылі Беларусь.
     «На Беларусі ж няма і паэта. Хай жа ім будзе хоць Янка Купала», — так пісаў сялянскі хлопец, рана асірацелы малады чалавек, які рушыў з дому на Лагойшчыне (часовага, бо сталага ў арандатара-вандроўніка не было) праз кладку ў Пецярбург набірацца розуму, вучыцца, каб пазней вучыць народ жыць не ў рабстве, не ў ярме, а свабодна, бясстрашна. Услед яму глядзела маці, пільна сачылі за адыходзячым у чужы свет, далёкі шлях братам вочы сястры. Ці азірнецца? Ці ўсміхнецца перад расстаннем? Можа, азірнуўся? А можа, і не: каб не здрыганулася сэрца, каб не павярнулі ногі назад, да іх, родных, любых, блізкіх. Мы не можам сёння адказаць на гэтыя пытанні дакладна, бо не былі сведкамі той развітальнай сцэны. Не можам прыняць за праўду і апісанне яе Алегам Лойкам — выдатным беларускім даследчыкам літаратуры, пісьменнікам: ён жа таксама не браў удзел у тым далёкім, святым дзеянні. Я ж ведаю адно: для будучага прарока беларусаў развітанне з роднай сям'ёй было нялёгкім, але ён свядома пайшоў на прыняцце падобнага рашэння, бо адчуваў, што на той час народу былі патрэбны не толькі аратыя, а i адукаваныя, рашучыя заступнікі, абаронцы штарэсаў «бедных i загнаных». I ён абраў дарогу пакутніка, справядліўца-народніка, праўдашукальніка, адарваўся ад плуга, каб стаць песняром. Я люблю і высока цаню гэты ўчынак сейбіта, якому захацелася стаць паэтам.
     Як жа прынялі яго ў Пецярбургу ў 1909 годзе, куды ён паехаў вучыцца на агульнаадукацыйныя курсы А.С.Чарняева і дзе адбывалася яго далейшае сталенне як асобы, як прарока нацыі? Хто быў з ім у гэтыя чатыры з лішкам гады побач? Чым займаўся ён, акрамя наведвання лекцый, працы ў бібліятэках? Перш за ўсё хочацца сказаць, што акружалі яго землякі з Беларусі — студэнты, навукоўцы, якія слухалі ў 1912 годзе п'есу «Раскіданае гняздо», ставілі спектаклі на беларускай мове, у тым ліку і па яго «Паўлінцы» (1913), сталаваліся ў прафесара Эпімаха-Шыпілы — цудоўнага беларуса, выдатнага лектара і бібліятэчнага работніка. Таго Эпімаха-Шыпілы, за якога паэт ужо ў час рэпрэсій заступіцца, пойдзе ўпрошваць не чапаць, не арыштоўваць яго. Янка Купала паводзіў сябе годна і смела ў пецярбургскім акружэнні. Ён уведаў высокую літаратуру, у тым ліку творчасць Брусава, Надсана, Блока. Гэта дало яму магчымасць пераадолець уплыў чыста рэалістычнай, прыземленай, пад фальклор, літаратуры, узняцца да спалучэння рэалістычных і рамантычных прыёмаў пісьма, напісаць пад уплывам рускага сімвалізму драматызаваныя паэмы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «На папасе». Творы гэтыя, як і драма «Раскіданае гняздо», як і зборнікі паэзіі «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913), найлепшыя. Гэты перыяд Купалавага жыцця мне ўяўляецца сапраўдным подзвігам, узлётам духу звычайнага (хоць і адоранага талентам) чалавека з народа да Вялікага Мастака, сапраўднага майстра. Не выйдзі ён у свет з вёскі на Латойшчыне, не адарвіся ад сялянскай ды броварскай працы, не кінь паслугоўваць розным багацеям-магнатам (а такое ў яго біяграфіі пасля смерці бацькі было таксама), так і не зазналі б мы яго як славутага беларуса, як генія. Уяўляю, якія пачуцці гнездаваліся ў паэтавым (і драматургавым!) сэрцы, калі ён чуў добрыя словы з вуснаў маладых людзей у свой адрас у час застолляў у гасцінай Эпімаха-Шыпілы. Як хацелася б перажыць падобныя імгненні нам, яго нашчадкам, хоць раз зазірнуць у яго прымроеныя светлыя вочы, пачуць адно-адзінае слоўца з яго вуснаў! Але жыццё чалавечае кароткае, смерць — няўмольная. Забрала яна ад нас і нашага песняра, нашу папараць-кветку, што раскрылася цёплым ліпеньскім раннем (а хутчэй за ўсё — ноччу) і асвятліла шлях беларускага народа святлом праўды — больш балючай, чым радаснай, — святлом пошуку, руху наперад, на сход па Бацькаўшчыну, па свае правы звацца народам.
     Як хацелася б быць побач з ім тады, калі ён працаваў у першай беларускамоўнай газеце «Наша ніва» ў Вільні, нават рэдагаваў яе два апошнія перад закрыццём гады! Пра што думаў ён, калі чытаў дасланыя ў рэдакцыю вершы Багдановіча, творы многіх іншых беларускіх песняроў, калі чытаў дзесяткі, сотні допісаў з месцаў пра лютаванне царскай рэакцыі, жандараў, якія шукалі непаслухмяных, няскораных барацьбітоў за інтарэсы «басоты», «голых» бяспраўных людзей, якія, падобна яго славутаму мужыку, скардзяцца на свет цэлы на нялітасцівы лёс, але трымаюцца высакародна, вераць у сябе, у свае патэнцыяльныя здольнасці, не з'яўляюцца жабракамі духу:
     
     Эх, каб цёмен не быў,
     Чытаць кніжкі умеў, —
     Я б і долю здабыў,
     Я б і песенькі пеў!

     
     Ці не разрывалася яго сэрца ад болю, калі пачалася імперыялістычная вайна і ці не думалася яму прыклдна так: «І зноў навала на мой край! Калі ж усё гэта кончыцца? ». Можа, думалася. Хутчэй за ўсё ён кіраваўся думкай заступніка за край і народ свой, калі пайшоў добраахвотнікам у войска: а ці спыняць без яго навалу? Ён, відаць, менш думаў пра тое, хто i як распачаў чарговую бойню, а больш — пра тое, як абараніць народ i край ад чужынцаў. I рабіў так, як рабілі лепшыя сыны чалавецтва, грамадства, змагаючыся не столькі за цара, колькі за айчыну. Магчыма, я нешта тут паблытала, сказала не тое, чаго чакаюць ад мяне мае шаноўныя экзаменатары, ды ведаю адно: калі б такое надарылася з нашым краем зноў, нармальныя, сумленныя людзі (успомнім Сцепаніду і Петрака Багацькаў з аповесці В.Быкава «Знак бяды») таксама ўзняліся б на абарону Радзімы, нават калі іх крыўдзілі кіраўнікі, уладары. Старонка Родная — вось дзеля чаго павінен жыць чалавек, калі ён чалавек, патрыёт (гэтага гучнага слова я не баюся!). З гэтай нагоды прывяду па памяці радкі з верша паэта «Мая вера», напісанага (закончанага, бо пад ім дзве даты) у 1916-м ваенным годзе:
     
     Не веру ў каменны багоўні,
     Ў людской асвенчаны крыві,
     Дзе толькі вяжуць, бы ў прыгоне,
     Жывому духу ланцугі.
     
     Ні за якую плату-меру
     Не дамся гэтай варажбе...
     У народ і край свой толькі веру
     I веру ў самаго сябе.

     
     У савецкі час лёс таксама не песціў паэта. Грмадзянская вайна дратавала прасторы Беларусі. Спачатку ён быў у Смаленску, з трывогай часам паглядаў у неба, па якім восенню, з журботным крыкам ляцелі «гусі-гудзіцелькі» ў вырай праз яго родны край. Нарэшце, вярнуўся ў акупіраваны палякамі Мінск, друкаваў вершы і артыкулы пра трагедыю, што спасцігла беларусаў, перажываў, што можа страціцца і спадчына, і ўсе ранейшыя традыцыі ды набыткі. Думаў і верыў у свабодную і незалежную Беларусь. Дум не скавалі ланцугі даверу да Пілсудскага і іншых чужынцаў, што абяцалі свабоду яго народу. Не верыў «ідалам паганым». Не верыў у перспектыву руху наперад пры сонечным ззянні. Бачыў край «у зацьмішчы, у завеі» («Паязджане»), а дарогу абрыўнай, як перад канцом («У дарозе»). Гэта была самая трагедыйная старонка яго біяграфіі. Можна было зняверыцца канчаткова і ў сабе, і ў народзе. Не зняверыўся! Не скарыўся! I калі ўсталяваўся, нарэшце, мір на прасторах Радзімы, Бацькаўшчыны, паверыў у сонца новай, бальшавіцкай праўды. Паверыў і выказаў сваю пакуль што трывожную радасць у паэме «Безназоўнае», дзе вобраз Беларусі ўвасоблены ў вобразе маладой дзяўчыны ў белай сукні і белым вяночку, якая сядзіць важна, «сама сабе гаспадыня», сярод запрошаных гасцей у новай хаце. Ці правільна назвала я радасць паэта трывожнай? Лічу, што правільна. Бо паэт адчуваў, што нешта робіцца не так, як хацелася і як чакалася многімі свядомымі беларусамі. Бо на свае вочы ён бачыў, як гандлявалі нацыянальнай годнасцю шматлікія Мікіты Зносакі ў трапнай камедыі «Тутэйшыя», выкрытыя ўсёй сілай таленту, асабістай нянавісці аўтара, які ніколі не прымаў здрады Радзіме і народу, у якім абліччы яна ні выступала б. Пазней нашаму прарокупесняру Бэндэ і яму падобныя пачнуць прыпісваць супрацоўніцтва з акупантамі (хоць такога ніколі не было). Яму не змогуць дараваць незалежнасць духу, нацыянальную свядомасць, адданасць ідэалам адраджэння. Ды гэта ўжо наступная старонка яго біяграфіі, якую можна назваць чорнай.
     Што расказвалі сваім вучням доўга-доўга, дзесяцігоддзямі настаўнікі пра жыццё Купалы ў 20—30-я гады, у ракавым 1942-м годзе? Ці згадвалі спробу самагубства восенню 1930-га? Ці гаварылі пра загадкавасць і недарэчнасць смерці ліпеньскім днём 1942 года напярэдадні 60-годдзя ў гасцініцы «Масква»? Я не магу станоўча адказаць на гэтыя пытанні, бо належу да іншага пакалення, народжанага ў 80-я гады. Пакалення, якое не ведае, што такое войны, смерць невінаватых тысячаў людзей у гады сталінскіх рэпрэсій. Ведаю ранейшую эпоху па ўспамінах, новых кніжках, новых дакументах. Ведаю, што ў сталінскія і брэжнеўскія гады было страшна многім людзям. Што былі нават такія, што адракаліся ад бацькоў, ад народа і Радзімы. Купала не адрокся: ён разам з жонкай Уладзіславай Францаўнай зняў літаральна з цягніка маці і сястру, якіх, як кулакоў, высялялі за межы Беларусі. Ён нікога не назваў з сяброў, блізкіх і родных, хто нібыта уваходзіў у «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ), які быццам бы ён узначальваў, і паспрабаваў скончыць самагубствам, каб толькі іншых не чапалі, каб толькі не абняславілі яго імя — імя чалавека, які лаяльна ставіўся да савецкай улады і нелаяльна да тых, хто ёю злоўжываў. Што думаў наш пясняр на допытах у КДБ? Што думаў і перажываў пасля, у дамку на тым месцы, дзе цяпер яго музей? У адзіноце і разам з «цёцяй Уладзяй», дарагой сяброўкай, жонкай, ён, відаць, трывожыўся за лёс свайго народа, Радзімы. Часова раструшчаны трагедыйнымі абставінамі, зніклы, ён пачуваў сябе нялёгка. Але вымушаны быў спяваць радасныя песні, ухваляць новую ўладу, каб выжыць, каб народ надоўга не застаўся без свайго песняра. Даруем жа яму яго часовую слабасць, часовае бяссілле перад сталінска-берыеўскімі, цанаваўскімі сатрапамі, якіх (бачыла па тэлебачанні) той-сёй сёння хоча рэабілітаваць. Ці рэабілітуе іх наш Пясняр і Прарок? Ці рэабілітуюць тысячы высланых на Поўнач і ў Сібір ахвяр? Мы, жывыя, можа, рэабілітуем, мёртвыя — ніколі. А іх значна болей на парадзе, чым жывых (так прыкладна выказаўся паэт-франтавік, нябожчык Аляксей Пысін). Я не магу вінаваціць Купалу ў тым, што ён не паказаў жахлівую праўду 30-х гадоў, якую пазней пакажуць Быкаў і Мележ, Шамякін і Куляшоў, Панчанка і Гілевіч, многія рускія пісьменнікі. Ён не мог гэтага зрабіць у сілу трагедыйных абставін: над ім вісеў меч пакарання за непаслухмянства і вальнадумства. Ніколі ўлада не шанавала сваіх сумленных і смелых песняроў!
     Што ж датычыцца смерці Янкі Купалы, дык тут, як бы ні замоўчвалася яе недарэчнасць і нейкая таямнічасць (хавалі раней пазначанага часу, экспертызу не правялі, пакаёўку — сведку трагедыі звольнілі і інш.), дык пра яе шмат напісана. Я схіляюся да думкі, што яна была падстроена тымі, хто ненавідзеў Купалу ўсё жыццё. Думку сваю не навязваю нікому. Але маю права выказаць. Купалы няма — ды Купала з намі. Ён вечны, як і яго народ, як і яго Старонка Родная.