Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

"Не ціхне вечны бой" (Аракадзь Куляшоў)
     Вядзі рашучы бой з натурай сваёй слабой - з рознымі там заганамі, са звычкамі паганымі... Са слабасцю любой вядзі рашучы бой!
     А. Вярцінскі
     
     Нас, дзяцей Маці-Беларусі, што жывём «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», аб'ядноўвае адно агульнае, ні з чым не параўнальнае шчасце - мір. Гісторыя пераканаўча даказала, што ў любой вайне не бывае пераможцаў: зваяванне аднаго народа другім - не перамога..
     I ўсё ж ёсць адзіны бой, які добраславёны, ад перамогі ў якім залежыць вечнасць жыцця ці яго наканаванасць.
     А. Куляшоў у вершы, прысвечаным таварышам па пяру, «Сябры, каго вайна скасіла кулямі...» сцвярджае, што «не ціхне бой»: бой за перамогу праўды над няпраўдай, шчырасці - над крывадушнасцю, даравальнасці - над помстай, сціпласці - над гардыняй і пыхай, любові - над нянавісцю. I поле бітвы - сэрца чалавека. Толькі такі бой - умова вечнасці. «Адзіны серп», які славіцца паэтам, - не той, пад якім загінуць каласы жыцця, а «серп над палявой дарогаю - адзіны серп на сённяшнім жніве!».
     Таленавіта і пераканальна святы бой чалавека з ворагам, што сядзіць унутры яго самога, паказаны Крапівой у камедыі «Хто смяецца апошнім».
     На канфлікт у творы, вастрыню праблемы ў ім указвае ўжо сама назва п'есы, якая ўяўляе сабой самае, бадай, галоўнае пытанне жыцця: хто смяецца апошнім? Хто здольны перамагчы зло? Што неабходна, каб перамагчы зло і смяяцца апошнім? Прыгадаем крылатую народную мудрасць: добра смяецца той, хто смяецца апошнім.
     Заслуга Крапівы ў тым, што ён па-майстэрску стварае не толькі знешні, але і ўнутраны канфлікт - канфлікт чалавека з ворагам, што сядзіць у ім самім. Вобраз Тулягі нясе найбольшую нагрузку ў выяўленні філасофіі твора, аб чым сведчыць зноў жа яго назва: апошнім смяецца той, хто быў пагарджаны і прыніжаны, але хто здолеў узняцца з каленяў, перамог сябе. Самая цяжкая, але і самая вартая чалавека перамога - перамога над самім сабой. Крапіва-філосаф усім творам і найперш вобразам Тулягі сцвярджае, што перамога над злом, над «свінтусамі-грандыёзусамі» магчыма толькі ў выніку перамогі над сабой. Гэта і ёсць першая і галоўная ўмова перамогі ў такім баі.
     Сітуацыя, калі Туляга па волі «свінтуса-грандыёзуса» вымушаны быў сыграць не ўласцівую яму ролю, стала пераломнай у яго жыцці. Менавіта гэты момант стаў кропляй, што перапоўніла чашу цярпення Тулягі, і ён усвядоміў, які ён «баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці». I яму «сорамна стала», як сам ён у тым прызнаецца Левановічу. Першая ступенька на нялёгкім шляху да свайго вызвалення адолена, а далей - самы моцны пратэст з грудзей самага слабога. Выключны эфект уздзеяння на чытача гэтага таленавітага твора і асабліва вобраза Тулягі. Кожны відушчы ў Тулягу як у люстэрку здольны ўбачыць самога сябе, пазнаць свае ўласныя заганы. Нехта ўбачыць зайздрасць, нехта - высакамер'е і пыху, нехта - помслівасць, нехта - ляноту ці ўпартасць. У кожнага - свой вораг, ад якога неабходна пазбаўляцца. Калі ж не змагацца, не «выціскаць з сябе па кроплі раба», то можна дакаціцца да стану, з нагоды якога аўтары класічнай літаратуры выбухалі гнеўнымі тырадамі. Згадаем Гогаля: «И до какой же гадости, низости, мерзости мог снизойти человек!»
     Толькі рашучы, бязлітасны бой прывядзе да перамогі, а розныя кампрамісы са сваім галоўным унутраным ворагам, пошукі самаапраўдання - гэта не бой, а толькі пустое мітушэнне. I як вынік - поўнае паражэнне і страта душы. Прыкладам такога мітушэння, а не бязлітаснага бою са сваім страхам, што завалодаў душой чалавека, з'яўляецца вобраз Карызны з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо».
     Мы ўсведамляем, што прычынай страху Карызны былі не толькі яго асобасныя якасці, але і бесчалавечныя абставіны. Яны вязьмом сціскалі яго душу і розум, такім вязьмом, што, каб ацалець фізічна, трэба было толькі секчы - секчы па жывым, крэўным, дарагім, спрадвечным. Але і паратунак той часовы, бо хто клапоціцца толькі пра цела - траціць і урэшце і душу, і цела таксама. Бесчалавечныя абставіны справакавалі і рэалізавалі самыя горшыя якасці Карызны. Заціснуўшы вязьмом яго душу, яны не пакінулі яму ніякай магчымасці выбару, як выбавіцца без страты душы. I ў тым трагедыя Карызны і тысяч, нават мільёнаў такіх, як ён, каму было наканавана жыць у той «пракляты час».
     Аднак і сам Карызна ўсвядоміў свой поўны крах і ўсю бездань свайго падзення толькі тады, калі вязьмо заціснула яго. Да гэтага ён не толькі не змагаўся з нялюдскім у сваёй душы, але выпечшваў яго і тым самым быў ужо падрыхтаваны да таго, каб д'ябал прыйшоў па яго душу. I ў тым віна Карызны і як вынік - плата за яе. Ён дакаціўся ўжо не да «гадости, низости, мерзоста», як гогалеўскія персанажы, а да подласці - здрады і выраку сваіх бацькоў. Максімальная выява страты душы і адначасова максімальная плата за яе вынішчэнне.
     Зусім іншыя абставіны, што справакавалі горшыя чалавечыя якасці, склаліся для герояў апавядання У. Арлова «Клён». Тыя абставіны нельга назваць ні звышэкстрэмальнымі, ні выключнымі. Звычайныя бытавыя абставіны: сусед запатрабаваў спілаваць векавы клён, што стаяў на мяжы яго поля, бо бліз клёна бульба стала кепска радзіць. Шчымлівы боль, шкадаванне сямейнай рэліквіі, якая была сімвалам вечнасці і сімвалам роду гаспадара, засталіся толькі як мітушэнне, а не святая бітва ў душах гаспадара і аднаго з двух яго сыноў. У іх была магчымасць уратаваць святыню без усялякай пагрозы для свайго жыцця. Не жыццём заплаціць, а нейкай паслугай ці грашыма можна было дасягнуць згоды і паразумення з суседам. Але ў гаспадара і яго сыноў нават думкі такой не ўзнікала. Пасумаваўшы і падумаўшы, заплацілі душой.
     Выдатную форму абраў А. Вярцінскі для сцвярджэння думкі, што чалавек не бязгрэшны, але ёсць мяжа, пераступаць якую не дадзена нікому, хто хоча жыць па законах вечных, «законах прирожених». У вершы «Чалавек маленькага роста...» паэт даводзіць, што многае ў жыцці не залежыць ад цябе самога. Ні «чалавек маленькага роста», ні «чалавек маленькага розуму» не ў адказе за рост і розум, бо гэта залежыць не ад іх. Галоўная праблема верша сфармулявана пытаннем: «Чалавек душы маленькай, мог ты лепшым быць ці не?» Чалавек у адказе за стан сваёй душы, бо яна - абсяг поўнага яго валадарства. Цярпімымі і цярплівымі павінны быць людзі да недахопаў іншых - спагадлівымі будуць і да іх. Але само жыццё не даруе подласці, бо ёй не можа быць ніякага апраўдання:
     
     Хібам нашым ёсць апраўданне -
     Подласці апраўдання няма.

     
     Самаапраўданне таго, хто дакаціўся да такога стану, сведчыць толькі пра незваротную страту душы, уваскрасіць якую ўжо немагчыма.