Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Карцiны роднай прыроды ў паэме Якуба Коласа "Новая зямля" (2)
     Паэму Якуба Коласа "Новая зямля" часта называюць энцыклапедыяй сялянскага жыцця. Аднак яе можна назваць і паэтычным гімнам прыродзе, паэтычным календаром прыроды, энцыклапедыяй беларускай прыроды. Якую б "прыродную" назву мы ні далі паэме, адно застаецца несумненным: твор не меў бы той адметнасці, якая яму ўласціва, без тэмы прыроды. Тэма беларускай прыроды настолькі арганічна ўпісваецца ў паэтычную канву твора, што яе вобразы часам і "ажываюць". Вось перад намі "елка ў пары з хваіною, абняўшысь цесна над вадою, як маладыя ў час кахання, у апошні вечар расставання", вось "крынічкі вузенькае ложа", "як неба — лес, як мора — долы". Чытаючы радкі паэмы, можна ўявіць усход сонца і летнюю раніцу, пачуць бусліны клёкат і спеў жаўрука, пабываць на квітнеючым лузе і пясчаным беразе. У паэме паказана ранняя беларуская вясна, летняя спёка, першыя дні восені, калі з палёў звезены хлеб, скошаны лугі, калі ў чырвань апрануты лес, а ў паветры носяцца ніці белай павуціны. Лютая зіма страшыць сваёй суровасцю, вабіць сваёй веліччу, непаўторнасцю, але:
     
     Ёсць хараство і ў гэтых зімах,
     І ў мёртва-белых тых кілімах,
     Што віснуць-ззяюць хрусталямі
     Над занямелымі лясамі.

     
     Паэт захапляецца бязмежнасцю прыроднай стыхіі, яе магутнасцю і веліччу. Аднак гэтае апісанне-захапленне незаўважна набывае выгляд глыбокага філасофскага роздуму. Усім нам добра вядомыя словы "Мой родны кут!" знаходзяць сваё лагічнае завяршэнне не ў радках "Як ты мне мілы!", а ва ўсёй паэме. Паэт невыпадкова пачынае твор са звароту да роднага краю і апісання яго прыроды: у гэтым ён знаходзіць натхненне для спакойнага разважання аб вечных таямніцах прыроды і чалавечага быцця. Паэт увесь час параўноўвае жыццё чалавека і жыццё прыроды, паказвае іх цесную сувязь і роднаснасць, падабенства законаў развіцця, сугучнасць прыроды чалавеку. Так, перадаючы прыгнечаны стан чалавека, яго ўнутраны адчай, паэт прыбягае да вобразу цёмнага хваёвага лесу, які стогне пад націскам буры. Затое лёгкі, бадзёры ранішні настрой героя па-майстэрску перадаецца апісаннем роснага летняга лугу. Сумным думкам Міхала аб недасягальнасці жаданай мэты адпавядае змрочная прырода. Хуткай зменлівасцю надвор'я аўтар падрыхтоўвае чытача да ўспрыняцця хуткіх змен у жыцці герояў. "Прырода... з людзьмі жыве супольна, згодна", — падкрэслівае гэту думку паэт. І сапраўды, з гэтым нельга не пагадзіцца. Земляробчы каляндар, усе асноўныя гадавыя святы, цяжкая сялянская праца (ворыва, летнія касавічныя клопаты, збор ураджаю) апісваюцца ў паэме на фоне прыроды. У паэме многія з'явы і карціны прыроды паказаны вачамі дзяцей, бо дзеці — больш непасрэдньія ў іх успрыняцці. Незвычайнай любоўю да хараства прыроды вылучаўся Кастусь, які цэлымі днямі мог слухаць спевы птушак, гоман ціхай крынічкі, шэпт траў. У некаторых выпадках аўтар цёпла падсмейваецца са сваіх юных герояў. Дастаткова прыгадаць страхі хлопцаў, звязаныя з незразумелымі начнымі гукамі з боку Нёмана. Прырода ў паэме набывае характар асаблівага персанажа. Паэт успрымае яе ва ўсіх праявах як адно цэлае, як вялікую і таямнічую кнігу быцця. Гэтак, як адно непарыўнае цэлае, успрымае паэт і людзей, якія не могуць не жыць па законах вялікай і таямнічай кнігі — Прыроды.