Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Вобраз Алеся Загорскага ў рамане Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" (1)
     Раман У.Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» перадае складанасць сацыяльных і нацыянальных супярэчнасцей эпохі адмены прыгоннага права. Пісьменнік па-мастацку праўдзіва выяўляе ў творы духоўную атмасферу таго часу, акрэслівае ролю шляхты ў паўстанні 1863 года, прадстаўніком якой з'яўляецца Алесь Загорскі.
     У пачатку твора мы сустракаемся з героем, калі яго бацькі, прытрымліваючыся даўняга беларускага звычаю, аддаюць юнака на выхаванне ў сялянскую сям'ю Кагутоў. Гэта набліжала хлопчыка да народа, яго звычаяў, традыцый, давала магчымасць больш глыбока спасцігнуць асаблівасці беларускага характару. «Я мужык... Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа...» Алесь не можа раўнадушна адносіцца да зла і гвалту ў адносінах да народа. Ён пратэстуе супраць прыгонніка Кроера, які здзекліва абыходзіцца з Корчакам, ратуе раненага Чорнага Войну, гарыпяціцкіх сялян ад Мусатава. Высакародна, па-душэўнаму цёпла і пяшчотна юнак ставіцца да Майкі Раўбіч, прыгоннай актрысы Гелены Карыцкай. Вялікую ролю Алесь надае вывучэнню гісторыі роднага краю, вывучае яго легенды, паданні, гісторыю. Душа Алеся, як і сяброў па Віленскай гімназіі, поўніцца крыўдай за нешчаслівы лёс народа. Юнак ганарыцца тым, што ён беларус, прадстаўнік народа, якому ўласціва гасціннасць, шчырасць, працалюбства, вальналюбства, багатая культура. Уступаючы ў дваранскі клуб, сваю прадмову Алесь гаворыць па-беларуску. Вуснамі Алеся прамаўляецца гісторыя-прытча пра таленавінасць, глыбокую духоўную самабытнасць беларускага народа. «Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім — тое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж пану Богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: «Рэкі вам даю поўныя, пушчы — нямерныя, азёры — нялічаныя. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя...» Алесь не можа змірыцца з патрыярхальнасцю мужыкоў, дакарае іх, што пасля бунту ў Півошчах яны ўсю віну ўсклалі на Корчака. Для Алеся асабліва дарагімі былі імёны Васіля Вашчылы, Міхася Крычаўскага, Мурашкі і іншых герояў, якія імкнуліся змяніць жыццё да лепшага.
     Алесь Загорскі паўстае перад чытачом як шчыры патрыёт, глыбока перакананы шляхетны дэмакрат, інтэлігент. Істотны ўплыў на станаўленне яго светапогляду зрабіў стары Вежа — дзед Алеся. Менавіта ён адзін з духоўных настаўнікаў юнака. Алесь ганарыцца тым, што продкі сусветна вядомага пісьменніка Ф.М.Дастаеўскага родам з Беларусі, яго акрыляюць словы М.Дабралюбава пра беларускі народ. Словы старога Вежы, сустрэчы і перапіска з Кастусём, знаёмства са старажытнымі рукапісамі фарміравалі грамадзянскую пазіцыю Алеся. Хлопец усведамляе неабходнасць будучага паўстання. У ім ён бачыць выйсце супраць рабства, шлях да еўрапейскай цывілізацыі. Алесь пераконвае свайго сябра Мсціслава Маеўскага: «А зброю браць усё адно давядзецца. Да таго часу знойдзем людзей. Зразумей, трэба... У рабстве гіне дух».
     Алесь яшчэ да паўстання дае волю сялянам. Прыгожы, дзейсны, багаты, высакародны, Алесь глыбока засвоіў адзін з асноўных прынцыпаў рыцарскага кодэксу, паводле якога жыццё належыць Радзіме. Ёй ён быў адданы на працягу ўсяго дзеяння твора. Сустрэчы ў Вільні з А.Кіркорам, В.Каратынскім, перапіска і сустрэчы з Кастусём Каліноўскім, у Пецярбургу — з Т.Шаўчэнкам, З.Серакоўскім, Я.Дамброўскім, В.Урублеўскім фарміравалі ўнікальна багаты ўнутраны свет героя, яго погляды на жыццё.
     Вобраз Алеся Загорскага вельмі актуальны для сучасніка. Ён дапамагае выпрацаваць пазіцыю асобы, яе месца ў дачыненні да свайго народа, Радзімы, гісторыі. Вобраз Алеся — гэта выпрабаванне на стойкасць асабістых перакананняў, жыццёвую пазіцыю сапраўднага інтэлігента.