Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Сцяганосцы Айчыны
     Ты хочаш жыць для Беларусі, Служыць ёй хочаш у барацьбе, Таму, мой сябра, і звярнуся Я з гэтым словам да цябе. Прымай жа праўду ты без страху, Як некалі прыняў Кастусь: Няма цяжэйшага больш шляху, Чым у змагара за Беларусь.
     М. Ермаловіч
     
     У самыя трагічныя для нашай Бацькаўшчыны і народа часы, калі ворагі імкнуліся «нашы скарбы апаганіць, душу вынесці на здзек», заўсёды былі падзвіжнікі духу, тыя, каго М. Ермаловіч назваў сцяганосцамі Айчыны ў аднайменным вершы:
     
     Пазбыўся ўсяго наш народ у няволі,
     Але сцяганосцаў не страціў сваіх.
      I ворагаў гэта трывожыць найболей,
     I ў лютасць кідае ад гэтага іх.

     
     У «жорсткім» XIX стагоддзі гвалтоўная русіфікацыя прывяла да таго, што Беларусь надоўга знікла з карты Еўропы: была ўжо забаронена не толькі мова карэннага насельніцтва гэтай краіны, але нават назва яе «Беларусь». Яна была заменена назвай «Северо-Западный край».
     Зразумела, што ні друкаваць свае творы на сваёй зямлі, ні выяўляць свой светапогляд і сваю грамадзянскую пазіцыю беларускія аўтары не мелі магчымасці. У пачатку стагоддзя толькі ў фальклоры ды яшчэ ў творчасці філаматаў і філарэтаў (членаў тайных студэнцкіх таварыстваў і аб'яднанняў) жыў невынішчальны нацыянальны дух. Трагічным быў іх лёс: арышты, ссылкі, турмы. Кожны з іх заслугоўвае ўдзячнай памяці нашчадкаў за сваю высакародную чалавечую ахвярнасць. Большасць з іх пісалі па-польску. А вось Ян Чачот ад захаплення беларускай народнай паэзіяй перайшоў да творчасці на мове свайго народа ў той «жорсткі» век. Яму - наша асаблівая ўдзячнасць і пашана.
     «Знаць Чачота ўсе павінны...» -пісаў Ф. Багушэвіч. Зборнічак народных песняў 1846 г. выдання ў запісах Яна Чачота - «Вясковыя песенькі з-над Нёмана і Дзвіны, некаторыя прыказкі на славянска-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраннямі над гэтай мовай» (такая поўная назва зборніка) - літаральна ашаломіў Ф. Багушэвіча. Асабліва ўразіла яго прадмова да песняў: што ні слова - то нібыта пра яго ці нават зварот да яго. Ян Чачот, разважаючы пра будучыню беларускай мовы, гаворыць пра неабходнасць укладання граматыкі і слоўнікаў: «Той, хто ўзяў бы сабе гэты клопат, заслужыў бы ўдзячнасць не толькі цяперашняга пакалення, але і больш пэўную ў будучым».
     I слова Чачота пачулі: многія, вельмі многія сцяганосцы нацыі «ўзялі сабе гэты клопат». Найвышэйшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі канца XIX - пачатку XX ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з'яўляецца трохтомная праца Яўхіма Фёдаравіча Карскага «Беларусы». У ёй навукова абгрунтавана нацыянальная самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай народнай творчасцю. Асноўнае месца ў навуковай спадчыне беларускага мовазнаўцы-лексікографа, фалькларыста, этнографа Івана Іванавіча Насовіча займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870), у які ўключана больш за трыццаць тысяч слоў, запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губернях. Зборнікі «Беларускія народныя песні» П. В. Шэйна і «Нарысы Віцебскай Беларусі», «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі...» М. Я. Нікіфароўскага і многія іншыя працы беларускіх захавальнікаў вечнасці і сейбітаў вечнага - неацэнны ўклад у падмурак духоўнасці беларускага народа.
     Словам і справай, прыкладам уласнага жыцця, цалкам прысвечанага слугаванню Айчыне і народу, беларускія сцяганосцы клікалі яго за сабой. I даводзілі, што без зберажэння «скарбу вечнага, скарбу душы», якім з'яўляецца мова, немагчыма заняць «свой пачэсны пасад між народамі». I «людзьмі звацца» немагчыма таксама. Свет не прызнае нас толькі праз адно гэтае адступніцтва ад свайго роднага. Наўрад ці апраўдае нас тое, што народ, які жыў у становішчы перманентнага генацыду, іншым быць не можа. Гэта падобна да таго, як быкаўскі герой аповесці «Знак бяды» са скрухай зазначае, што «гора нікога не робіць лепшым».
     I ўсё ж у нашай трагічнай гісторыі былі і прасветлыя хвіліны, якімі быццам сам лёс пасылае нам і дакор, папрок, і знак устаць і ісці да Беларусі. З надзеяй абудзіць нашу нацыянальную годнасць П. Панчанка нагадвае нам, што «Скарына наш друк распачаў за паўвека да Фёдарава», што «вучыў царанят у Маскве Сімяон з пасівелага Полацка». А хіба не з'яўляецца напамінам усім нам, каб мы не гнулі плеч ніколі, той факт, што гісторыя расійскага тэатра XVII ст. прадстаўлена толькі імем «вядомага палітычнага дзеяча і драматурга Сімяона Полацкага», як тое засведчана ў расійскіх энцыклапедычных даведніках.
     Сівая мінуўшчына нагадвае нам і пра асабліва спрыяльны для Беларусі перыяд, калі яна, паводле вобразнага выразу Ф. Багушэвіча, была ў магутнай дзяржаве, «як зерне ў гарэху», калі ў гэтай дзяржаве яе «златам» было «багацце духоўнае». I юрыдычная думка Беларусі ў XVI ст., як вядома, дасягнула найвышэйшага ў Еўропе ўзроўню. Ніводная з тагачасных краін не мела такога дасканалага заканадаўства, як Беларусь, аб чым красамоўна сведчыць змест Статутаў 1529,1566 і 1588 гг. Трэці Статут канчаткова замацаваў беларускую мову ў якасці афіцыйнай, дзяржаўнай мовы Вялікага княства Літоўскага. Можна зразумець гонар Льва Сапегі, які ўрачыстымі словамі пісаў у прадмове да Статута ВКЛ: «Не чыёй якой мовай, але сваёй уласнай правы пісаныя маем і кожны раз пры неабходнасці для адпору ўсялякай крыўды ведаць можам». Праца над Статутам і яго выданне ў Віленскай друкарні Мамонічаў - вялікая заслуга Льва Сапегі перад нашай культурай і народам.
     Трэці Статут ВКЛ як першая еўрапейская Канстытуцыя набыў шырокую вядомасць. Статут перакладаўся на польскую, нямецкую, лацінскую, французскую мовы, выкарыстоўваўся на Маскоўскай Русі пры падрыхтоўцы Саборнага ўлажэння 1649 г., у судах Эстоніі і Латвіі. Статуту было наканавана доўгае жыццё. Ён дзейнічаў на працягу XVII і XVIII стст. Толькі ў 1840 г. царскі загад скасаваў яго адначасова з афіцыйнай забаронай назваў «Беларусь» і «Літва», якія жорсткай фантазіяй рускага самадзержца ператварыліся ў «Северо-Западный край» неабсяжнай імперыі.
     Народ, як і чалавек, ніколі не бывае абсалютна нешчаслівым. I кожны чалавек у прасветлінах свайго самага гаротнага лёсу знаходзіць сілы, чэрпаючы адтуль успаміны, вылучаючы для сябе ўрокі з мінулага, каб вытрымаць новыя выпрабаванні і думаць пра будучыню. Прасветлае генерыруецца намнога лепш, чым урокі гаротнага.
     Прасветлым у лёсе народа з'яўляецца прыклад, які пакінуў сваім жыццём М. Багдановіч. Аднаго гэтага прыкладу дастаткова, каб ведаць адказ на пытанне, што рабіць у сітуацыі, калі вакол нішчыцца і руйнуецца роднае, святое. Бацька паэта Адам Ягоравіч, пісьменнік, вучоны, ва ўспамінах пра сына пісаў, што нават у сям'і размаўлялі па-руску, хоць звычаі, захапленні ў аснове сваёй былі беларускія. Беларускай мовай Максім авалодаў самастойна, яшчэ калі вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Казкі і песні бацькоўскага краю, трапныя народныя прыказкі і прымаўкі жывілі паэтычную душу Максіма і настолькі захапілі яго, што ў гады вучобы ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі ён арганізоўвае і вядзе сярод ліцэістаў гурток вывучэння беларускага фальклору.
     У гутарцы, прысвечанай нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму, М. Ермаловіч піша і пра тых «сыноў» Беларусі, для якіх вырачэнне роднай мовы было іх першым крокам у здрадзе радзіме. Для К. Каліноўскага вернасць роднай мове была паролем вернасці Беларусі, «і ён не мог уяўляць уздым роднай старонкі без узняцця з прыніжэння роднай мовы». Калі да яго на гэтай мове пісалі толькі літаратурныя творы, то К. Каліноўскі падняў ужыванне беларускай мовы на ўзровень вялікай нацыянальнай справы і шматграннай дзяржаўнай дзейнасці. На ёй вучыў ён народ сваёй «Мужыцкай праўдай»; на ёй аддаваў загады сваім паўстанцам; на ёй напісаў свой запавет народу - «Ліст з-пад шыбеніцы».
     Наш сучаснік сцяганосец Айчыны М. Ермаловіч заклікаў усіх, хто прачнуўся: «Ніколі не выракайся роднай мовы, тым болей жывучы на радзіме... змагайся за яе».
     Страту народам мовы М. Ермаловіч параўноўвае са стратай сцяга палком: «Калі полк страчвае свой сцяг, ён перастае існаваць... Калі народ страчвае сваю мову, ён таксама перастае існаваць». Довады М. Ермаловіча для нас асабліва пераканальныя. Даследчык айчыннай гісторыі вылучыў з яе такія ўрокі, якія карысныя для ўсяго народа, знайшоў адказы на такія пытанні, што не могуць не хваляваць усіх, хто прачнуўся. Даводзячы, што прыгнечанне народа пачынаецца са зневажэння і ганення яго мовы, М. Ермаловіч падказвае выйсце са становішча, у якім мы ўсе апынуліся: «Гэтак жа сама і нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім вялікага значэння роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце».
     Пераканальна даводзіць сцяганосец М. Ермаловіч, што страта роднай мовы азначае страту і сваёй нацыянальнасці, а прыналежнасць да яе будзе толькі фармальная. I гэта заахвочваецца рознымі спосабамі. М. Ермаловіч папярэджвае пра наступствы адзінай свабоды, якая дадзена нам і якой мы можам карыстацца бесперашкодна, - свабоды адрачэння ад сваёй роднай мовы. «Магчыма, таму і знаходзяцца людзі, якія з-за адсутнасці другіх свабод спяшаюцца пакарыстацца хоць гэтай свабодай», - піша М. Ермаловіч. Яго гутаркі «Аб усім, што баліць» прасякнуты верай: народ зразумее, што яму патрэбна не адна гэтая ганебная свабода, а ўсе свабоды, што родная мова - гэта сцяг, ідучы пад якім «вызваліць свае душы мы можам ужо сёння».
     Пісьменнік усведамляе, што вольныя думкі і вольныя словы - «гэта, вядома, далёка не ўсё, але з гэтага пачынаецца» выратавальнае і вызначальнае для любой нацыі - духоўнасць з усімі яе выявамі.