Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

"Гады чысціні і надзеі, гады парыванняў і мрой" (Рыгор Барадулін)
     Горы і моры можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны.
     Янка Купала
     
     Да Бога прыйшлі дзве дзяўчыны і папрасілі ў Яго шчасця на ўсё жыццё. Здзівіўся Бог: так не бывае. Жыццё чалавека перапялёсае: у ім павінны быць і пакуты, і радасці. I прапанаваў выбар: шчасце або ў маладосці, або ў старасці.
     Першая сказала: «Навошта мне шчасце ў старасці? Я зараз яго хачу зведаць, пакуль маладая, пакуль усё цікава».
     Другая разважыла так: «Я маладая і дужая і здолею перанесці ўсе нягоды і выпрабаванні, затое ў старасці мне патрэбны будуць спакой і любоў бліжняга...»
     З таго часу і дзеляцца людзі на мудрых і нямудрых, на тых, хто жыве толькі сённяшнім днём, і на тых, хто думае пра дзень заўтрашні, хто пра старасць дбае ў маладосці.
     Як старасць заўсёды асацыіруецца з мудрасцю, вопытам, так маладосць - з адвагай, рызыкай і сілай, здольнай гэтую мудрасць рэалізаваць і забяспечыць будучыню. Да моладзі звярталася Цётка з наказам шанаваць роднае слова як адзін са «скарбаў вечных - скарбаў душы». «Беларускай моладзі» прысвяціў Якуб Колас адзін з дарагіх яго сэрцу твораў - паэму «Сымон-музыка». Той моладзі, якая, наперакор нягодам і перашкодам, цалкам аддасць сябе слугаванню Бацькаўшчыне, панясе людзям «агонь душы і сэрца жар». Усе надзеі і мары Янкі Купалы пра нацыянальнае адраджэнне звязаны са Здольнікамі-арлянятамі, якія змогуць «горы і моры» здолець, «сэрцам расгшавіць ільдзіны», якія паляцяць Да сонца, паплывуць па моры, будуць зямлю «трактарам варочаць», засеюць палеткі, «каб рунелі, зелянелі, аж яснелі гоні...». «Для вякоў дыктуйце новых нечувалыя ясноты» - такі Купалаў наказ арлянятам.
     Самай лепшай парой чалавечага жыцця, гадамі «чысціні і надзеі», гадамі «парыванняў і мрой» назваў Рыгор Барадулін маладосць. I гэта ні адзін філосаф не стане аспрэчваць. Магутны размах крылаў магчымы толькі ў маладосці. Большасць высакародных, духоўна прыцягальных герояў беларускай літаратуры - маладыя. Гэта купалаўскія Бандароўна, Якім Сарока, Паўлінка, Янка Здольнік, коласаўскія Лабановіч, Сымон-музыка, быкаўскія Сотнікаў, Фішар, Свіст, Зося Нарэйка, дудараўскія радавыя. Розныя ў іх лёсы, але ўсе яны ўвасабляюць лепшыя чалавечыя якасці. На шляху ўсіх гэтых герояў былі «каменні тыя, што губяць сілы маладыя». Асабліва трагічным быў лёс маладых, якія зведалі вайну.
     
     Было ў салдата два полі:
     поле, дзе кветкі ірваў,
     бегаў з сябрамі на волі,
     і поле, дзе ён паміраў, -
так вобразна і лаканічна перадаў трагедыю той маладосці А. Вярцінскі.
     
     Трагічным быў лёс равеснікаў В. Быкава - юнакоў 1924 г. нараджэння. На долю гэтага пакалення, якое амаль усё згарэла ў пекле вайны, выпалі самыя цяжкія выпрабаванні. I бацькі Быкава, як многія бацькі салдат, у ліхую гадзіну атрымалі пахавальную, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч, забіты 10.01.44 г. і пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікія Севярынкі Кіраваградскай вобласці. На шчасце, гэта была памылка. Да яго, цяжка параненага, лёс, мноства разоў вытрымаўшы на трываласць, аказаўся літасцівы. Лёс усё ж літасцівы і да нашага народа, калі, правёўшы праз пякельны агонь вайны, збярог нам такіх прарокаў, як В. Быкаў, каб мы слухалі іх.
     Існуе легенда, быццам анёл смерці, які спускаецца з нябёсаў, каб разлучыць душу чалавека з целам, спрэс пакрыты... вачыма. Аказваецца, гэтыя вочы прызначаны не яму. Бо, здараецца, анёл, прыляцеўшы па чыюсьці душу, разумее, што паспяшаўся, што яшчэ не прыйшла пара чалавеку развітвацца з жыццём. I тады ён не чапае ягоную душу, а надзяляе яе ўладальніка яшчэ адной парай вачэй. Пасля гэтага чалавек пачынае бачыць не толькі тое, што і ўсе астатнія, але і тое, што даступна толькі іншаму сусвету, іншаму, вышэйшаму вымярэнню і існаванню. Для звычайных жа людзей ягоныя ўяўленні здаюцца выдумкай, фантазіяй, нават галюцынацыяй... Людзі маюць звычайны, абмежаваны зрок і на заклік відушчых прарокаў могуць адказаць пытаннем з верша Янкі Купалы «Прарок»:
     
     Па колькі нам дасі чырвонцаў,
     Калі мы пойдзем за табой?

     
     Многа беларускіх страцім-лебедзяў загінула ў час «патопаў», калі «схадзіліся плямёны спрэчкі сілаю канчаць, каб багата адароны мілы край наш зваяваць». Гінулі страцім-лебедзі, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў:
     
     Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
     Ды няма адных - Страцімавых.
     (М. Багдановіч)

     
     Многія творы беларускай літаратуры пераканальна даводзяць, што нават у мірны час найцяжэй усё-такі маладым. Як ні парадаксальна, але менавіта самыя дужыя аказваюцца бяссільнымі і бяззбройнымі перад здрадай, двухаблічнасцю, перад жорсткасцю і вар'яцтвам гэтага свету.
     Р. Барадулін прывілею маладых бачыць у тым, што для іх «воз роспачы сцішана едзе, і радасць сядае на кут». На жаль, у наш час нават для маладых воз роспачы едзе не сцішана, а шалёна нясецца, растрасаючы камяні на дарозе Маладых. I тыя камяні даводзіцца збіраць зноў жа найперш маладым.
     У вобразе Славіка Шыковіча з рамана «Сэрца на далоні» ўвасоблена пісьменніцкая думка пра тое, як нялёгка быць Маладым. Нялёгка, нават калі твае бацькі сапраўды самавітыя і сумленныя людзі. А што ўжо казаць пра сіроцтва пры жывых бацьках! I, Шамякін пераканальна паказаў, як цяжка расці чалавеку, як на рост ці на яго запаволенне можа паўплываць выключна ўсё, нават нейкая, здавалася б, дробязь. Самае цяжкае і складанае ў гэтым свеце - расці, змяняцца да лепшага, быць здольным перагледзець і свае ўчынкі, і свае каштоўнасці. Пісьменнік паказаў свайго героя ў эвалюцыі, паказаў усе тыя фактары, якія спрыялі адраджэнню яго душы.
     Вядома ж, праца, годнае акружэнне таксама паўплывалі на Славіка. Гэта пераконвае ў рамане. Але наўрад ці «партыйны дакумент захапіў юнака», наўрад ці ў Славіка, як даводзіць пісьменнік, магло наогул з'явіцца «захапленне велічнасцю праграмы» пабудовы камунізму. Славік быў уражаны, як падкрэслівае пісьменнік, што «ўсе гаварылі з такой палымянасцю пра маральны кодэкс». Але ж у юнака заўсёды ў душы быў справядлівы пратэст супраць неадпаведнасці паміж тым, што чуў і што бачыў. Ці не гэта і стала прычынай злому ў яго душы, а юначы максімалізм і цынізм - ахоўнай рэакцыяй і формай пратэсту? I наўрад ці словы, якія пачуў ён на камсамольскім сходзе, «прымушалі яго працаваць па-новаму».
     Прычыну масавага разбэшчання моладзі П. Панчанка якраз і бачыць у пустазвонстве, двурушнасці, двайных стан дартах. У вершы «Ратуйце нашы душы» ён піша:
     
     Распрадалі наркотыкі аптэкі...
     Ад пустаслоўя
     Ўся зямля дрыжыць.
     Каму ім верыць?
     Як далей ім жыць?
     Ад заклікаў паветра зноў трасецца...

     
     Ніл Гілевіч лічыць «дармаедства» асноўнай прычш вынішчэння духоўнасці і дэградацыі моладзі:
     
     Ад дармаедства ўся распуста:
     Нішто не нішчыць душу так,
     Як незаробленая луста,
     Якой харчуецца лайдак.

     
     Безумоўна, нерэалізаваныя сілы - трагедыя і для чалавека, і для грамадства, бо нерэалізаваныя сілы абавязкова ператвараюцца ў зло. I тым больш небяспечныя яны для людской супольнасці.
     Маладосць адначасова і самая шчаслівая, і самая «апаслівая пара» жыцця чалавека, як пра тое словамі свайго героя - дзеда Яхіма- мудра папярэдзіў усіх нас М. Гарэцкі. Кожнаму чалавеку, а маладому асабліва, намнога лягчэй вытрымаць выпрабаванне нягодамі, чым спакусамі і «балотнай вадой».
     У Евангеллі сказана: «Гора свету ад спакусаў... гора таму чалавеку, праз якога спакусы праходзяць». У Евангеллі ёсць і парада, як ратаваць сваю душу ад «агню вечнага»: «Калі ж рука твая ці нага твая спакушаюць цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі ці без нагі, чым з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі быць зрынутаму ў агонь вечны». Метафарычнасць евангельскіх вобразаў дапамагае ўсвядоміць, што неабходна перамагчы сябе і адмовіцца ад спакушальнага, якое нішчыць душу.
     Незвычайнай духоўнай сілай валодае той, хто прайшоў каля спакусаў і вытрымаў выпрабаванне імі - не паддаўся ім. На такое здольны нямногія.
     Ян Баршчэўскі ў кнізе «Шляхціц Завальня...» з вялікай мастацкай сілай паказаў цянёты і путы, якія рыхтуе зло для сваіх ахвяр. I ахвярамі зла найчасцей становяцца менавіта маладыя. «Ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічаму, бо калі пахіснешся сэрцам або духам - будзеш нешчаслівым; не пускай у душу такія пачуцці», - вучыць Сямёна незнаёмы чалавек, адпраўляючы яго на Лысую гару да Вужынага караля. Яшчэ больш прывабна для маладых гучаць такія словы і такі заклік: «Чалавечае жыццё надзвычай кароткае. Навошта думаць пра гэта? Пакінь сумнявацца, ты чалавек - і ўсе павінны служыць табе». Далёка не кожны здольны распазнаць для сябе пастку і ў такім дэвізе: «Навошта зважаць на невясёлае; хто ведае, якая будзе будучыня; давайце жыць сённяшнім днём. Што будзе пасля, навошта думаць цяпер».
     I варта толькі зрабіць гэтыя словы і ўсё, што за імі стаіць, здабыткам сваёй душы - душа вынішчаецца. I не ўсе, асабліва маладыя, што знаходзяцца «ў той апаслівай пары», калі хочацца зведаць вострых адчуванняў і шчасця, усіх даброт і выгод зараз жа (а пра цану за ўсё гэта навошта думаць цяпер!), здольны ўстаяць перад такой спакусай. Не ўсе разумеюць, што ёсць страх як выяўленне рабскай псіхалогіі і ёсць іншы страх - як ахоўная рэакцыя арганізма ад фізічнага і духоўнага вынішчэння. Адсутнасць такога страху - сведчанне, што не спрацоўвае інстынкт самазахавання, што ўключаецца праграма на самавынішчэнне. Пакуль ёсць такі страх, ёсць надзея, што не ўсё страчана, бо менавіта страх надае сілы і... смеласці спыніцца, адумацца, уратаваць сваю душу і ўсё, што вакол яе. Прыгадаем пачуццё страху, уласцівае лірычнаму герою верша М. Багдановіча «Пагоня»: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах...» Такі жах - сведчанне жывой душы. Толькі неразумны і здрадлівы чалавек не пахіснецца, не засумняваецца: а можа, не так жыў, не тое рабіў, «не тудой дарога» пралягла да Храма?
     Правёўшы свайго любімага героя Лабановіча праз многія выпрабаванні, Якуб Колас выпрабаваў яго яшчэ і спакусамі, «смуродам местачковага балота». I трэба зазначыць, што тое выпрабаванне было самым цяжкім на шляху Лабановіча, бо ён нават «укачаўся» ў бруд гэтага балота: прайграў і праматаў за адну ноч усе заробленыя нялёгкай працай за год грошы. А грошы тыя ён вёз маці і дзядзьку Марціну, якія марылі купіць зямлю. Аднак гэтым пісьменнік паказаў зусім не слабасць Лабановіча, а сілу «балота», калі яно здольна было хоць на нейкі момант прыцягнуць (не ўцягнуць, не!) нават такіх моцных духам і розумам, як Лабановіч. Лабановіч здолеў «адчуць смурод местачковага балота» і вырвацца з яго, спаўна заплаціўшы за адзін з галоўных урокаў у сваім жыцці. «Самае галоўнае - не страцшь усведамлення ўласных памылак» - вось галоўны вынік таго ўрока, афарыстычна і дакладна сфармуляваны самім Лабановічам.
     Гэта коласаўская мудрасць і яго ўрок усім нам. Гэта папярэджанне, што лепш балота абысці, бо не ўсе мы такія моцныя і стойкія, як Лабановіч, не ўсе здольны адразу адчуць «смурод балота», а калі і адчуем, то можа быць позна - засмокча, праглыне. Філасофія пісьменніка і тая мастацкая сіла, з якой яна рэалізавана, вельмі актуальныя сёння, калі спакусаў і «балот» на шляху маладых намнога больш, чым на шляху Лабановіча. З кім павядзешся - ад таго набярэшся. У Панямонь лепш не завітваць, балота - абысці!
     Сцвярджаючы, што «моладзь - наш народ, яны - не госці», праклінаючы раўнадушша, Пімен Панчанка заклікае: «Хутчэй ратуйце маладыя душы!»
     Сёння заклікі, нават заклікі прарокаў, на жаль, мала хто чуе. Маладых уратуе іх уласнае ўсведамленне яшчэ адной прывілеі, якой таксама пазбаўлена старасць, - прывілеі вучыцца. Навука духоўнасці засведчана і ў мудрых кнігах так-сама, таму і трэба, як вучыць герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне» захавальнік вечнасці дзед Яхім, «у кніжках і ў разумных людзей пытацца» - і будзеш «ведаць, што рабіць трэба». Нават бесчалавечныя абставіны, што правакуюць людзей на нялюдскае, не здымаюць адказнасці чалавека за сваё жыццё і свае ўчынкі. Бо ў нас ёсць прарокі, якіх нам належыць слухаць. I гэта дапаможа нам уратаваць нашы душы.