Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Кім быць і якім быць
     Галоўнае, што павінна кіраваць чалавекам пры выбары справы, - гэта ўсведамленне неабходнасці сваёй працы для людзей, для народа.
     І. Мележ
     
     Пайсці ці вярнуцца? Сказаць ці змаўчаць? Пераступіць ці адступіцца?.. Кожны з нас штодзённа некалькі разоў бывае ў сітуацыі выбару. I ўсё ж два выбары ў жыцці кожнага чалавека лёсавызначальныя: выбар спадарожніка, з якім ісці па жыццёвай дарозе, і выбар справы, якой гэтая дарога забяспечваецца і вызначаецца. I цяжка сказаць, які з выбараў важнейшы. Відавочна толькі адно, што і першы, і другі патрабуе ад чалавека адказнасці і мудрасці.
     Гэтыя два галоўныя выбары і робяцца ў імя таго, каб рэалізаваць спрадвечнае імкненне чалавека аддаваць бліжняму свайму назапашаныя скарбы і сілу. Вечная ісціна: нельга даць другому таго, чым не валодаеш сам. Галоўны герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне» дзед Яхім даводзіць студэнту-медыку Архіпу Лінкевічу: «Помні, што, каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць». Тую ж самую мудрасць сцвярджае Максім Танк у вершы «Ты яшчэ толькі намёк на чалавека...». Так, сапраўды, «толькі намёк», ці «чвэрць», ці «паўчалавека», пакуль «ва ўсім спадзяешся на маці», «на дружбу», «на любоў».
     
     І толькі тады стсшовішся чалавекам,
     Калі ўсе могуць спадзявацца
     На цябе.

     
     Словы і словаспалучэнні з нарастаннем іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці ўзмацняюць экспрэсію выказвання: чалавек толькі тады адбыўся як чалавек, калі ён можа дапамагчы іншаму, калі ён патрэбны людзям.
     Матывы выбару, кім быць, залежаць ад Асобы, што стаіць перад выбарам. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» Кастусь Каліноўскі, даводзячы Алесю Загорскаму, што на асабістае ён не мае права, бо яго жыццё яму не належыць, патлумачыў: «Звычайна ў людзей так. Першае - гэта я, другое - сям'я, родны дом, трэцяе - родны горад, чацвёртае - родная краіна, пятае - родная зямля, роднае Чалавецтва. I кожны любіць сам сябе, амаль усе - сям'ю, большасць - родны горад, частка - радзіму. I толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па-сапраўднаму, а не на словах... Яны любяць чалавецтва больш, чым радзіму, радзіму больш, чым родны дом, а ўсё гэта разам - больш за саміх сябе. Яны, разумееш, свабодна аддаюць жыццё і дом і ўсё - для краіны і чалавецтва».
     У. Караткевіч на яскравым прыкладзе даводзіць (асабліва гэтая мудрасць карысная тым, хто стаіць на ростанях), што, якой бы значнай ні была Асоба, гатовая «аддаць усё - для краіны і чалавецтва», яна, Асоба, павінна авалодаць канкрэтнай справай, пэўнай прафесіяй. На жаль, многія маладыя авалодваюць прафесіяй і настойліва вучацца, толькі каб зарабіць на хлеб і не насіць «пракляты камень». Гэты матыў перакрэслівае ўсё: схільнасць да пэўнай справы, здольнасць да яе, нават талент - і толькі па адной прычыне. Калі нейкай прафесіяй у наш час можна зарабіць толькі на хлеб, і не больш, - яна пагарджаная, як цяпер кажуць, непрэстыжная. I - збочваюць з дараванай дарогі, закопваюць свой талент. «Кепска, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка», - папярэджвае адзін з герояў Яна Баршчэўскага. Закапаць свой талент - шукаць «дапамогі ад нячысціка».
     У. Караткевіч, паводле яго слоў, вельмі «поўна паказаў чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць». Кастусь Каліноўскі, стоячы перад такім выбарам, спачатку меў намер паступаць, як і яго брат, на медыцынскі факультэт, але потым вырашыў «прасіцца на юрыдычны факультэт па разраду камеральных навук». У лісце да Алеся ён так патлумачыў свой выбар: «Здароўе людзей - гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў».
     Кастусь Каліноўскі лічыць, што дасягнуць мэты яму дапамогуць набытыя веды. Тая ж мэта і ў коласаўскага Андрэя Лабановіча, але ён лічыць, што шлях да яе ляжыць праз асвету, што і вызначыла яго выбар - быць настаўнікам, «абуджаць крытычны розум дзіцяці».
     Іншую дарогу да той жа самай мэты выбірае Алесь Загорскі. Пад уздзеяннем Віктара, брата Кастуся Каліноўскага, ён робіць выбар на карысць філалогіі і гісторыі, а не натуралагічных навук. Гэта - пасля, а зараз яго радзіме, народу найперш трэба вярнуць гісторыю і памяць. Зробленае Алесем, бліскучая абарона ім кандьшацкай дысертацыі выклікалі захапленне і павагу ў прафесара Сразнеўскага, скупога на пахвалу: «...Вы зрабілі незвычайнае. Адкрылі новы нязнаны свет. Адкрылі, магчыма, цэлы народ». Адкрыццё свайго народа для ўсіх Алесь зрабіў на глыбокім даследаванні радавых архіваў дваран і прыдняпроўскіх «Кронік», фальклору адносна сялянскіх войнаў XVII ст. на тэрыторыі Беларускага Прыдняпроўя.
     «Я, ў некаторым сэнсе, нават бог, бо занава я свой народ ствараю» - так вызначыў У. Караткевіч сваю ўласную ролю ў рэанімацыі душы і памяці свайго народа. Дадзены яму талент ён рэалізаваў у кнігах, якія вяртаюць народу памяць, забраную ў яго даўно. Лепш за іншых усведамляючы, што без памяці пра свае вытокі, карані, пра мінулае ў народа няма будучыні, ён зрабіў свой выбар на карысць рэанімацыі памяці народа.
     Зрабіўшы выбар, адказаўшы для сябе, кім яму быць, чалавек адказвае і на пытанне, дзеля чаго ён з'явіўся на свет. Усведамленне Караткевічам свайго прызначэння на зямлі такое:
     
     Я - сэрца, мозг, душа майго народа,
     Таму, магчыма, і на свегп з’явіўся,
     Каб мог ён зведаць праз мяне сябе,
     Каб ведаў сілу ўласную і годнасць
     I каб вякі маім спявалі ротам.

     
     Ф. Скарына ў прадмове да адной з кніг Бібліі пісаў: «В розмаитых речах люди на свете покладають мысли и кохания своя: едины в царствах и в пановании, друзии в богатестве и в скарбох, инии в мудрости и в науце, а инии в здравии, в красоте и в крьпости телесной, неции же во множестве имения и статку, а неции в роскошном ядении и питии й в любодеянии, инии теже в детех, в приятелех, во слугах и во иных различных многих речах».
     Сутнасць Асобы вызначаюць «кохания и мысли», якія яна ўкладае ў «некоторую речь перед собою, в ней же ся наболей кохает и о ней мыслит». Які чалавек - такі яго выбар, такая «речь», справа, а якая справа - такі і след на зямлі. Як чалавеку даецца права выбару, якім яму быць і кім быць, так і людзям, нашчадкам даецца права меркаваць пра яго значнасць. Як папярэджваў Янка Купала, «суд гісторыі цяжкі». Ён і разважыць, «ці мы сумленна жыццё прайшлі, ці чарада зняваг мінулых нас не з'ела, пакінуўшы свой дым і чад».