Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Францішак Скарына — тытан эпохі адраджэння
     Адной з характэрных гуманістычных адзнак эпохі Адраджэння на Беларусі быў відавочны рост пачуцця асобы. Развівалася ўсведамленне асабістай годнасці чалавека, мацнела імкненне да самавыяўлення і самасцвярджэння асобы, да наватарства і творчай смеласці. Людзі імкнуліся да зямной славы, сцвердзіць сябе ў навуцы, мастацтве, літаратуры, грамадска-культурнай дзейнасці, захаваць сваё імя ў памяці нашчадкаў.
     Жыццёвы шлях нашага суайчынніка Францыска Скарыны ў многім паказальны для людзей эпохі Адраджэння. Глыбока адукаваны вучоны, Францыск Скарына быў арыгінальным мысліцелем, таленавітым пісьменнікам, плённым публіцыстам, перакладчыкам, каментатарам кананічныў тэкстаў. Свае думкі, меркаванні, погляды ён выказваў у прадмовах і пасляслоўях. Францыск Скарына ўвёў «прадмоўніцкую» традыцыю заходнееўрапейскіх і славянскіх літаратур у шырокі ўжытак сваёй дзейнасці, надаў яму філасофска-асветніцкі, навучальны, маральны змест. У прадмовах ён раскрываўся як творчая асоба — пісьменнік, філосаф, перакладчык і вучоны. Францыск Скарына бачыў у ведах сродак барацьбы з невуцтвам, цемрашальствам, шлях да павышэння дасканаласці асобы. Задачу асветы і кніжнага чытання вучоны бачыў у тым, што адукаваны чалавек мае магчымасць зірнуць на сябе дасведчаным поглядам, лепш зразумець і ацаніць свой унутраны свет. У прадмове да кнігі «Іова» Францыск Скарына пісаў: «Всякому человеку потребна честь, понеже ест зерцало жития нашего, лекарство душевное... ест наивысшая мудрость размышление смерти и познание самого себя...»
     Сцвярджаючы самакаштоўнасць чалавечага жыцця, ён рэабілітаваў насуперак рэлігійным догмам жыццё зямное. Францыск Скарына арыентуе чалавека на грамадскае карыснае жыццё, служэнне «пожитку посполитому». У прадмове да кнігі «Прытчы Саламона» ён сцвярджае, што асноўнае прызначэнне чалавека ва ўдасканаленні зямнога жыцця, «яко ся имамы справовати и жити на сем свете». Францыск Скарына сцвярджае ідэю агульнага дабра, «посполитое доброе». Людзей павінна аб'ядноўваць ідэя агульнага дабра. Усе яны маюць аднолькавае права на жыццё і месца пад сонцам. Кіруючыся ідэяй аб роўнасці ўсіх народаў, ён лічыў самастойнымі іх мовы, а сваю беларускую прызнаваў раўнапраўнай з лацінскай, старагрэчаскай. Вялікае значэнне вучоны надаваў стварэнню роднай літаратуры і літаратурнай мовы. Ён пісаў: «Не многим учителем бывати, но более умети язык свой спрововати». Францыск Скарына быў вялікім дзеячам беларускай культуры, які выкарыстаў моўны матэрыял народа, увёў у набажэнскую літаратуру асноўныя элементы беларускай мовы. У гэтым яго вялікая заслуга перад беларускім народам. Правёўшы шмат часу на чужыне, Францыск Скарына застаўся патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Патрыятычныя пачуцці ён разглядае як самыя натуральныя. Яны ўласцівы ўсяму жывому. У прадмове да кнігі «Юдзіф» Францыск Скарына ўслаўляе гераіню, якая выратавала свой народ, забіўшы кіраўніка чужаземнага войска Алафэрна. Асветнік выказвае свае думкі пра патрыятычны абавязак кожнага чалавека перад сваім народам, глыбокую адданасць роднай зямлі: «Панежа ад прыраджэння зверы, хадзячыя ў пустыні, знаюць ямы свая, пціцы, лятаючыя па воздуху, ведаюць гнёзды свая; рыбы, плаваючыя па моры і ў рэках, чуюць віры свая; пчолы і тым падобныя бароняць вулляў сваіх — так жа й людзі, ігдзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку ймаюць». Галоўнае для вялікага асветніка-гуманіста — гэта адданасць роднай зямлі, любоў да яе, усведамленне, што роднаму краю, яго народу неабходна несці святло навукі і культуры.
     Францыск Скарына, вялікі тытан эпохі Адраджэння, стварыў і пакінуў сваім нашчадкам кнігі, у якіх засталіся яго глыбокія думкі. Яны не страцілі сваёй актуальнасці і ў наш час. Ідэі вялікага вучонага-асветніка сталі нашай нацыянальнай рэліквіяй, духоўным скарбам, сведчаннем магутнасці нашай старажытнай культуры. «Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы», — такі запавет пакінуў нам наш славуты зямляк, вялікі тытан эпохі Адраджэння.
     У 1990 годзе па рашэнні ЮНЕСКА ў розных краінах свету адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 500-годдзю з дня нараджэння выдатнай постаці эпохі Адраджэння, славутага палачаніна Францыска Скарыны.