Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

"Гарыць агонь нязгасны ля граніту, як памяць сэрцаў аб сваіх сынах" (Анатоль Астрэйка)
     Жыць трэба, сябры мае, помнячы...
     А. Вярцінскі
     
     Шчаслівы той народ, у мінулым якога не было трагічных момантаў, што вымагалі б ад яго масавага гераізму. Нават калі народ і вытрымлівае гэтае выпрабаванне, то ўсё роўна нясе вялікія страты. Гэтыя страты - знак бяды і для будучых пакаленняў, бо войны, стыхіі, эпідэміі вынішчаюць генафонд нацыі.
     Трагічны лёс нашага народа, бо ў апошняй, самай жудаснай у гісторыі чалавецтва вайне ніякі народ не напакутаваўся больш за беларусаў. Не кожны чацвёрты, як доўгі час даводзілася прапагандай таталітарнай сістэмы, а кожны трэці беларус загінуў у страшным полымі вайны. Гэтым і вытлумачвае выдатны пісьменнік сучаснасці В. Астаф'еў тое, што «беларусы стварылі самую таленавітую і хвалюючую літаратуру пра вайну».
     Беларусамі створана не толькі мастацкая, але і дакументальная літаратура пра вайну, бо з'явілася неабходнасць, каб пра ўсенародную трагедыю на «свет цэлы» сказаў сам народ, бо ніхто лепш не здолее расказаць пра яго пакуты, чым ён сам.
     Дакументальныя кнігі А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі...», А. Адамовіча «Карнікі», С. Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сведкі» сапраўды пацвярджаюць выказванне К. Сіманава, што ўсю праўду пра вайну «ведае толькі народ». У гэтых кнігах сабраны маналогі і пакутнікаў, якія цудам уратаваліся ў тым пякельным полымі вайны і сталі апошнімі яе сведкамі, і барацьбітоў са смерцю дзеля жыцця, і нават тых, як паказана ў кнізе «Карнікі», хто пераступіў праз запавет «не забі!».
     Беларуская літаратура пра вайну не толькі засведчыла трагедыю народа і ўславіла яго подзвіг у выратаванні чалавецтва ад фашызму, але і даследавала прычыны сусветнай трагедыі. Тым самым яна папярэджвае ўсіх нас пра наступствы таталітарнай сістэмы, пра тое, што лёс беларускіх Хатыняў мае ўсечалавечае значэнне, што мінулае можа паўтарыцца, толькі ў горшым варыянце.
     Вялікая заслуга ў мастацкім і філасофскім даследаванні прыроды таталітарных рэжымаў і вайны як нацыянальнай трагедыі беларускага народа належыць А. Адамовічу і В. Быкаву. «Апошняя пастараль» А. Адамовіча - твор-папярэджанне пра апакаліпсіс, які чакае ўсё чалавецтва, калі яно не пераасэнсуе свае адносіны да жыцця. Безыменныя героі твора Ен і Яна перажываюць шчасце кахання і гармоніі, але ў іх жыццё ўрываецца катастрофа, і свет гіне ў апошніх канвульсіях нянавісці і варожасці. Камандзір савецкай падлодкі, якая ўжо выпусціла ядзерны зарад у адказ на атамную атаку ворага, з жахам зразумеў згубнасць ваеннага супрацьстаяння ў сучасным свеце. Але ўжо позна...
     Не фантастычны, а рэалістычны сюжэт у адным з найноўшых твораў пра вайну - аповесці В. Быкава «Пакахай мяне, салдацік». Галоўныя яе героі - таксама ён і яна: камандзір узвода лейтэнант Змітрок Барэйка, ад імя якога вядзецца апавяданне, і яго зямлячка Франя. I гэтыя двое сярод пекла вайны зведалі шчасце кахання і гармоніі. Аднак шчасце было кароткім: забойства Франі і яе нямоглых гаспадароў - прафесара біялогіі Шарфа і яго жонкі фрау Сабіны, якіх Франя паспела палюбіць як родных, - абарвала надзеі на шчасце ў душы Змітрака. Усё можна змяніць і паправіць, нельга толькі вярнуць загубленае жыццё. Змітрок праклінае забойцаў: «Хто б яны ні былі - нашыя ці немцы! Балшавікі ці фашысты!» Небяспечнасць і фашызму, і бальшавізму, ва ўсведамленні В. Быкава, у тым, што яны непазбежна вядуць да вайны, вынішчаючы ўсё людскае ў чалавеку, сеючы помслівасць і жорсткасць, пакідаючы на сваім полі нявінныя ахвяры.
     Вялікага ўздзеяння на душы людскія дасягаюць пісьменнікі, якія карыстаюцца ў адлюстраванні вайны класічным прыёмам: паказваюць трагедыю і пакуты народа праз трагедыю і пакуты дзяцей. Дзеці вайны - апошнія яе сведкі. Да такога пакалення пісьменнікаў у нашай літаратуры належыць Віктар Казько. Яго «Хроніка дзетдомаўскага сада» - гэта хроніка і ўласнага жыцця. Большасць яго глыбока псіхалагічных твораў маюць аўтабіяграфічную аснову: «Аповесць аб беспрытульным каханні», «Суд у Слабадзе», «Высакосны год».
     Філасофска-публіцыстычнае асэнсаванне жыццёвага матэрыялу вызначае аповесць «Суд у Слабадзе». Незвычайны трагізм і сіла ўздзеяння дасягаюцца не толькі тым, што ў творы апісваюцца зверствы фашыстаў у дачыненні да дзяцей (галоўны герой падлетак Коля Лецечка ў гады вайны знаходзіўся сярод дзяцей, у якіх немцы бралі кроў для раненых), а ў тым, што таленавіты Лецечка (яго адоранасць вельмі пераканаўча паказана ў творы) асуджаны на пакутніцкую павольную смерць. «Колькі талентаў звялося» ў гады вайны, а колькі, «раны не залячыўшы, рана паміралі»! I ці не ў гэтым адна з прычын нашых сённяшніх праблем, нашай бездухоўнасці?
     Адной з выяў бездухоўнасці з'яўляецца бяспамяцтва, якое В. Быкаў лічыць найбольшым злом у нашым жыцці. У імя памяці, пакуль не позна, трэба засведчыць трагедыю вайны, каб зноў не стаць яе ахвярамі.
     I. Шамякін у многіх сваіх творах перамяжоўвае сучаснае і мінулае. I не толькі дзеля таго, каб даследаваць вытокі ўчынкаў сваіх герояў, але і каб выпрабаваць іх памяццю, адносінамі да мінулага.
     Пакуты памяці - страшней за любыя іншыя. Як страшны жар хваробы, палала памяць Івана Батрака, галоўнага героя рамана «Вазьму твой боль». Іван зразумеў, што ад памяці сваёй нікуды не дзецца. Прыезд былога паліцая Шышкі выклікаў такі ўспамін і такі боль, перадаць які блізкім людзям было страшна. Дачка Батрака не вытрымлівае выпрабавання памяццю. Для яе галоўнае - уладкаваць сваё жыццё. Яна не толькі не ведае мінулага сваіх бацькоў, але і не хоча ведаць. Памяць бацькоў для яе непатрэбнае дзівацтва, якое толькі ўскладняе жыццё, своеасаблівы эгаізм, нават жорсткасць.
     Вострасюжэтная палемічная аповесць В. Быкава «Абеліск» пабудавана на спрэчцы паміж Ткачуком і Ксяндзовым пра тое, што ёсць подзвіг, што ёсць гераізм. Пісьменнік выпрабоўвае гэтых герояў памяццю і стаўленнем да міну лага, што і выяўляе высакароднасць аднаго і цынізм, бездухоўнасць другога.
     Малады загадчык райана Ксяндзоў не бачыць ва ўчын ку настаўніка Мароза нічога гераічнага. Былы ж загадчык райана Ткачук лічыць справай свайго жыцця дамагчыся, каб імя Мароза было на абеліску разам з імёнамі яго вучняў, з якімі і за якіх ён загінуў.
     Вастрыня сюжэта ўзмацняецца тым, што герой аповесці Алесь Іванавіч Мароз свядома, наперакор угаворам не рабіць гэтага, ідзе на верную смерць, добра разумеючы, што не выратуе сваіх вучняў і загіне сам. Гэта і дае падставу некаторым, таму ж Ксяндзову, лічыць учынак Мароза не подзвігам, як таго дамагаецца Ткачук, а недарэчнасцю, глупствам, бо ніякага канкрэтнага выяўлення карысці, сэнсу ад той смерці не было.
     Аповесцю «Абеліск» пісьменнік сцвярджае сілу духоўнага, хоць духоўнае нельга ні падлічыць, ні ўзважыць, ні вымераць. Фашысты выдатна разумелі сілу ўздзеяння Мароза на душы людзей, калі аб'явілі: з'явіцца настаўнік - вучняў адпусцім. Ім намнога выгодней было б, каб ён не з'явіўся, на што яны і разлічвалі, прапанаваўшы такі «выбар».
     «Я перад вамі з памяццю сваёй» - так словамі лірычнага героя верша А. Вярцінскага можна выявіць сутнасць і прызначэнне таленавітых твораў пра вайну. Яны - абеліск загінуўшым, напамін жывым і памяць пра нашу нацыянальную трагедыю. Трагізм вайны ў тым, што яна забірае самых лепшых, самых таленавітых, самых любімых і дарагіх, а значыць, і вынішчае генафонд нацыі, разрывае повязь паміж вякамі і пакаленнямі, тым самым вынішчае векавую народную мараль, духоўнасць. Менавіта ў вынішчэнні векавой народнай маралі бачыць В. Быкаў адно з недаравальных злачынстваў і фашызму, і бальшавізму, пра што не раз даводзіў сам пісьменнік не толькі сілай мастацкага слова, але і «пяром аналітыка», сілай публіцыстычнага слова.
     Нізка схіляючыся перад абеліскамі, ля якіх гарыць агонь, мы павінны помніць, што ён можа згаснуць навекі, калі згасне памяць нашых сэрцаў. А выявы яе - нашы канкрэтныя справы і найперш - мір і згода паміж намі. Лірычны герой верша А. Вярцінскага нагадвае ўсім нам «звычай, даўні і святы, што паўшыя на полі ратным і разам пахаваныя - браты». Стоячы «перад пагоркам горкім», ён нібы стаіць «перад пытаннем горкім: а ці па-брацку мы ў жыцці жывём?» Горкае гэта пытанне, бо калатня і варожасць запанавалі не толькі ў свеце, але і ў многіх дамах. А ва ўласным доме мір і згода залежаць толькі ад нас саміх.