Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

"Мінулае вучыць нас, як жыць сёння" (2) (Ян Баршчэўскі)
     Чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы.
     Ян Баршчэўскі
     
     У адзін дзень памерлі два чалавекі - багацей і бядняк-пакутнік Лазар.
     Першы пасля смерці быў кінуты ў пекла, а праведнік Лазар узнесены ва ўлонне Аўраамава - у рай. Багацей узмаліўся, каб Аўраам паслаў Лазара змачыць яго сасмяглыя вусны, але Аўраам адказаў, што паміж багацеем і Лазарам ужо велізарная прорва, якую нікому не дадзена пераступіць.
     - Дык прашу цябе, ойча, пашлі тады Лазара ў дом майго бацькі, бо ў мяне там пяць братоў, якія таксама пагрузлі ў грахах і блудзе. Хай засведчыць ім, каб не прыйшлі і яны ў гэтае месца пакуты. Калі хто з мёртвых прыйдзе да іх - паслухаюць і пакаюцца.
     - У іх ёсць Маісей і прарокі - хай слухаюць іх, бо калі не слухаюць і іх, то і ўваскрэслага не паслухаюць.
     Так, сапраўды, кожнаму народу даюцца прарокі, надзеленыя лепшымі, чым ва ўсіх, памяццю пра мінулае, разуменнем існага і бачаннем будучага. Ды толькі бяда ў тым, што, як са скрухай гаворыць лірычны герой верша З. Марозава,
     
     Мы геніяў не слухалі ніколі.
     Ці ж не таму асот. буяе ў полі
     I множыцца напасцяў злых клубок?

     
     Геніі-прарокі са званіцы бачылі, «дзе патоп, дзе пажар, дзе вораг на межах» (У. Някляеў), ведалі, што было, што будзе, раілі пакінуць «свой адвечны сон» і клікалі за сабой, а ў адказ на перасцярогу і заклік чулі і такое:
     
     Па колькі нам дасі чырвонцаў,
     Калі мы пойдзем за табой?

     
     Мінулае сведчыць, што прарокаў заўсёды гналі, пабівалі камянямі, распіналі. Прычым народ у стане асляплення і бяспамяцтва ператвараўся ў натоўп і люта крычаў: «Распні яго! Распні!»
     Мінулае вучыць і папярэджвае, што народ без прарокаў асуджаны на згіненне, нябыт. Прыгадаем, як герой У. Караткевіча Алесь Загорскі гаворыць Тарасу Шаўчэнку: «А толькі... гіне народ, калі на пачатку ягонай дарогі не з'явіцца такі, як вы - без кампрамісаў». У гэтых словах-прызнанні - аўтарскае ўсведамленне ролі такога героя, неабходнасці з'яўлення такога чалавека, які адзін «ратуе цэлы народ». Такія людзі павінны быць у кожнай дзяржаве, у Выселках, Нядолішчы... Іначай і вялікая дзяржава, і маленькая вёсачка загінуць, будуць знішчаны, зруйнаваны, як знішчаны былі Садом і Гамора, бо там не аказалася ніводнага праведніка.
     В. Быкаў лічыць, а аповесцю «Знак бяды» пераканаўча даводзіць, што адным з самых недаравальных злачынстваў сталіншчыны з'яўляецца «ліквідацыя традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правілаў». Руйнавалася вера, спілоўваліся крыжы. Дзеці адшуквалі схаваныя іхнімі бацькамі на гарышчы абразы і разбівалі іх аб вугал гумна, як тое апісвае ў сваіх аповесцях В. Быкаў. Аляксей Башлыкоў з рамана I. Мележа «Завеі, снежань» патрабуе ад загадчыка райана, а праз яго ад усіх настаўнікаў вучыць у школах дзяцей так, каб яны прымушалі сваіх бацькоў уступаць у калгас. I многім дзецям такая роля, вядома, спадабаецца настолькі, што, падросшы, яны будуць гатовы да аблавы на родных бацькоў.
     Руйнаванне законаў вечнасці, вынішчэнне хрысціянскай маралі пачалося з вынішчэння Багацькаў. Раней Багацькаў была палова ў Выселках, другая палова - Недасекі і Гужы. Тых з Багацькаў, каго не паспелі саслаць на Салаўкі, даб'юць, крыжуюць. спаляць Недасекі і Гужы. Вынішчэнне Багацькаў - носьбітаў векавой народнай (а значыць, хрысціянскай) маралі - знак бяды для нашага народа. Самыя лепшыя, самыя высакародныя і чыстыя душой гінуць пакутніцкай смерцю ад рук сваіх жа суайчыннікаў. Трагедыя будучых пакаленняў у тым, што Багацькі так і не дачакаліся ўнукаў, не сустрэліся з імі ў гэтым жыцці. I не перадалі ім векавую народную мараль і тыя прынцыпы, па якіх жылі і ад якіх не адступіліся нават пад страхам смерці.
     Пятрок і Сцепаніда - нацыянальныя тыпы. Гэта ў ментальнасці нашага народа - жыць з працы рук сваіх, потам і мазалямі здабываць кавалак хлеба. «Зямля - аснова ўсёй айчыне», зямля - карміцелька. Колькі разоў ты ёй паклонішся, столькі ты - Чалавек.
     Усе жыццёвыя прынцыпы быкаўскіх герояў грунтуюцца на хрысціянскіх запаведзях. Біблейскія рэмінісцэнцыі на такім узроўні ў аповесці відавочныя і выяўляюць яшчэ адну яе адметнасць. Усе ўчынкі герояў матываваны менавіта выкананнем вечных законаў: нельга пабудаваць сваё шчасце на няшчасці іншых. Не будзе шчасця на зямлі чужой, адабранай, праклятай яе гаспадаром. Адабраць, украсці - вялікі грэх. Нельга радавацца, калі побач з табой нехта плача, пакутуе. Сцепанідзе зрабілася сорамна перад панам Адолем за сваю непрытоеную радасць. Чалавек не бязгрэшны, але Сцепаніда пакутуе, дакарае, раскайваецца і гоніць прэч са сваёй душы нявартыя чалавека страсці і пачуцці. А мы? Ці заўсёды галоўным суддзёй у нашых паўсядзённых учынках бывае наша сумленне? Ці заўсёды мы так пакутуем, вагаемся, перш чым зрабіць, пайсці ці вярнуцца, і рашуча, як Пятрок, сказаць сабе: нельга! Нельга - і ўсё, як бы таго ні хацелася...
     Яшчэ адзін, бадай самы забыты ў наш час, маральны закон Петрака і Сцепаніды: трэба быць літасцівым да свайго ворага, асабліва калі ён звергнуты. Нельга здзекавацца з таго, ад каго вызваліўся, трэба знайсці ў сабе сілу паспагадаць, зразумець пераможанага і зрынутага.
     Безумоўна, пан Адоля не быў Сцепанідзе ворагам, аднак становішча пераможанага заўсёды правакуе людзей на нялюдскае. Халоп з псіхалогіяй раба заўсёды намагаецца брыкнуць павержанага пана. Толькі Сцепаніда не з рабоў.
     У Евангеллі гаворыцца: «Вам сказана: любіце бліжняга свайго і ненавідзьце ворага свайго. А я кажу вам – любіце ворагаў вашых, дабраслоўце ненавіснікаў і праклёншчыкаў вашых, рабіце дабро крыўдзіцелям і ганіцелям вашым...» Вельмі па-людску абыходзяцца з панам Адолем яго ўчарашнія батракі. I пахавалі па-хрысціянску, бо ведалі тое, чаму не вучаць сёння нас: паспагадаць пакутніку, наведаць хворага, пахаваць нябожчыка - справы, якімі ратуюцца нашы душы. Паклапаціцца найперш пра калек і сірот (прыгадаем клопат Сцепаніды пра Янака, смерць якога яна ўсвядоміла таксама як знак вялікай бяды), дарадзіць, зняць з душы камень, ратаваць другога, нават калі небяспека пагражае самому, - вось якія каштоўнасці не паспелі перадаць Багацькі сваім унукам.
     В. Быкаў у публіцыстычных артыкулах не раз даводзіў, што самая вялікая трагедыя беларускага народа звязана з несупыннымі войнамі, рэпрэсіямі, у выніку якіх вынішчаецца генафонд нацыі, гінуць самыя лепшыя, а значыць, вынішчаецца векавая народная мараль, духоўнасць як найвялікшае багацце нацыі, што вядзе да разрыву повязі вякоў і пакаленняў.
     Парвалася сувязь часоў - і рушацца царствы, сем'і, рушыцца ўсё. Гэтым творам Васіль Быкаў паказаў вытокі і нашых сённяшніх бед і няшчасцяў, нашай бездухоўнасці. З нічога і будзе нішто. Адкуль жа нам быць духоўна багатымі, калі Багацькі загінулі...
     Аднак гэтае ўсведамленне ніколькі не вызваляе нас ад адказнасці за ўласныя грахі. I вучыцца нам усё ж ёсць у каго. Законы вечнасці, памяць пра мінулае, пра ўсё добрае і ліхое ў ім засведчаны нашымі прарокамі і нам пакінуты як запавет. У хвіліны душэўнага мітушэння, калі не самыя лепшыя чалавечыя страсці наведаюць і нас, у нас ёсць магчымасць «паслухаць» парады захавальнікаў вечнасці. Магчыма, парада аднаго з герояў кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» здольна лекаваць і нашы душы, суняць непакой і марнае мітушэнне: «Пакінь памылкі свае, вер так, як верылі твае бацькі. Яны жылі шчасліва і спакойна; іх простая вера заслужыла ўзнагароду. Якая ж праўда вышэйшая за праўду веры? ...Здароўе, пачцівая праца - гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка».
     Усведамленне Янам Баршчэўскім ролі духоўнікаў, сувязных, паслоў вякоў і пакаленняў, праз якіх мінулае вучыць кожнага з нас, як жыць сёння, засведчана ўжо самой назвай яго твора - «Шляхціц Завальня...». Магчыма, некага можа здзівіць, чаму менавіта іменем гэтага героя названы твор: ён жа толькі з асалодай слухае, а не прыдумвае і не расказвае паданні, як, да прыкладу, Шахерызада казкі. Так, шляхціц Завальня ўвасабляе лепшыя нацыянальныя якасці нашага народа, але тыя ж самыя якасці не ў меншай меры ўвасабляюць і многія іншыя героі твора.
     I ўсё ж шляхціц Завальня валодае такой якасцю, што вылучае яго і ставіць вышэй над усімі носьбітамі дабра і мудрасці ў творы. Гэтая якасць - цікавасць да мінулага, усведамленне велічы і духоўнага багацця народа, выяўленых у казках, паданнях, песнях, прыказках і прымаўках.
     Завальня лепш за іншых усведамляе, што «шмат праўды ў гэтых паданнях», што «мінулае вучыць нас, як жыць сёння», што, жывучы на гэтым свеце, трэба слухаць «адно загады Божыя». I яго ўсведамленне - не ў словах (многія афарыстычныя выразы належаць нават не яму, а іншым героям), а найперш у справах. Ён - апякун духоўнасці, ахоўнік тых, хто яшчэ збярог гэтыя скарбы народныя ў сваёй памяці і душы. Шляхціц Завальня - захавальнік вечнасці. Без такіх людзей парвецца повязь вякоў і мы станем манкуртамі. Пра гэта толькі і мараць «асташкаўцы», якія, паводле аднаго з фантастычных апавяданняў, запаланілі нашу прыгожую зямлю, прынеслі сюды свае брыдкія, бесчалавечныя норавы і звычкі, разбэсцілі сваімі непрыстойнымі песнямі нашу моладзь, павынішчалі багацце нашых лясоў і азёр...
     У кожнага народа і кожнага пакалення павінны быць свае захавальнікі вечнасці. Маем іх і мы. Гэта - і Язэп Драздовіч, і летапісец Віцебшчыны А. Сапуноў, і М. Каспяровіч, і В. Ластоўскі, і Ф. М. Янкоўскі і шмат іншых. Яны сабралі і аддалі нам скарбы вечныя, а як мы іх скарыстаем і ці скарыстаем наогул, - залежыць толькі ад нас.