Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

"Час - люстэрка, у якім кожны ўбачыць сябе, як іншага" (Алесь Разаноў)
     Усяму свой час...
     З Бібліі
     
     Гаманілі пра самае запаветнае: пра тое, якімі хто жадае бачыць сваіх дзяцей у будучым. Адзін чалавек сказаў, што хоча, каб яны былі багатымі, другі - здаровымі, трэці - дужымі і вольнымі. А чацвёрты так выказаў сваю бацькоўскую мару: «Каб маім дзецям той розум спераду, што ў мужыка ззаду. I тады яны былі б і здаровымі, і багатымі, і дужымі...»
     «Розум спераду» - здольнасць усвядоміць важнасць ці марнасць справы ў свой час і адпаведна да гэтага паставіцца, спрычыніцца, а не тады, калі в'ярнуць час і змяніць нешта ўжо немагчыма. Такая здольнасць і ёсць найвялікшая мудрасць, ад якой і залежыць шчасце чалавека.
     «Усяму свой час, - сцвярджаецца ў Бібліі. - Час нараджацца і час паміраць, час плакаць і час весяліцца, час раскідаць камяні і час збіраць камяні...».
     Добра, калі ўсё прыходзіць у сваім часе. Нават самае жаданае, самае галоўнае і добрае, калі яно прыйдзе не ў сваім часе, можа абярнуцца злом і бядой, скончыцца трагічна. «У багатага селяніна Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка...» - так пачынаецца апавяданне Я. Брыля «Марыля» - гісторыя адной загубленай душы. I яблыня, што зацвіла без пары, таксама абавязкова загіне. I грымотныя навальніцы ў маі, чэрвені - ачышчальныя і гаючыя, а ў лютым - знак бяды. Пра стваральную сілу пары і разбуральную сілу таго, што прыйшло не ў сваім часе, выдатна сказаў А. Вярцінскі: «Есці з голаду, жаніцца змоладу - іначай вы ні к сялу ні к гораду».
     Афарыстычна, вобразна, вычарпальна пра час, яго выявы, адметнасці сказаў Кандрат Крапіва ў апавяданні «Мой сусед»: «Ёсць час наш і час даўнейшы, час залаты і час пракляты. Час даўнейшы і час кароткі. Адзін у свой час быў вялікім чалавекам, у нашы часы нічога не варт. Другі стаў бы вялікім чалавекам, але ён не мае часу, каб заняцца сваёю вялікаю справаю...»
     Час залаты - час раўнавагі, гармоніі, згоды і ў прыродзе, і ў народзе. Гэта час панавання дабра, людскасці. Час у многім залежыць ад асобы, якая здольна разумна ім распарадзіцца, скарыстаць яго. Веліч гістарычнай асобы і вызначаецца яе здольнасцю ўплываць на час, як тое сцвярджае М. Гусоўскі ў «Песні пра зубра»:
     
     Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы
     Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,
     I называюць той век залатым.

     
     Залаты час княжання Вітаўта прыклад, навука нам, што і сёння, калі хочам «людзьмі звацца», заняць «свой пачэсны пасад між народамі», жыць годна, а не пакутаваць і не смяшыць свет, трэба «перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна» ставіць «багацце духоўнае - злата дзяржавы».
     «Час пракляты» - час, калі «дабро і зло ў аднолькай мерцы». Яшчэ страшней, калі «няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне», як вобразна сказаў пра выявы «праклятага часу» Янка Купала. I гора таму, каму наканавана жыць у такі час і ў такіх абставінах... Хведар Роўба, герой аповесці В. Быкава «Аблава», з адчаем і скрухай усвядоміў увесь трагізм свайго становішча: «Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам».
     Што залежыць ад няшчасных, якім наканавана жыць у такі «пракляты» час? Што ім застаецца? Толькі пакутаваць, толькі цярпець і з адчаем глядзець у неба: «За што?!» Дарэчы, пошукі адказу на гэтае пытанне былі асабліва цяжкімі і пакутлівымі і для Хведара Роўбы. Пракляты час і самыя трагічныя моманты яго жыцця сталі тым люстэркам, у якім ён убачыў сябе і ўласную віну за сваю трагедыю. I віна тая была не толькі ў тым, што слепа верыў новаму і нязнанаму, што не працівіўся жудаснай машыне (ёй якраз ён супрацьстаяць і не мог), а ў тым, што не змагаўся хаця б за душу свайго сына. На яго вачах і пры яго маўклівай нязгодзе руйнавалася, вынішчалася вера і сумленне ў душы сына. А ён нічога не рабіў для таго, каб уратаваць яго душу. Супакойваў сябе і глушыў трывогу развагамі, што, можа, «цяпер так і трэба», што ніякай шкоды, як і карысці, ад выкінутых абразоў нікому не было. Калі ж сын адрынуў веру бацькоў, а потым і пераступіў цераз сябра, заявіўшы, што «камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок», Хведар разважаў: «Малое - дурное, падрасце - па-разумнее». Падрос, «паразумнеў» і сцёр у парашок не толькі сябра - бацьку роднага загнаў у Багавізну, узначаліўшы аблаву на яго.
     На жаль, не кожны здольны тут і цяпер убачыць, што будзе потым, якімі будуць наступствы яго цяперашніх слоў і дзеянняў ці, наадварот - маўчання і пакоры. Народная мудрасць сцвярджае: час пакажа, час усё рассудзіць; час - найлепшы лекар. I сапраўды, тое, што чалавек лічыць самым галоўным і важным у дадзены момант, дзеля чаго высільваецца, з цягам часу можа стаць мізэрным, дробязным, не вартым увагі. Тое, што сёння цешыць і радуе, у будучым можа стаць прычынай трагедыі; тое, што засмучае, праз нейкі час прыгадаецца з усмешкай, а можа нават і выйсці на дабро. Нездарма ж у народзе кажуць: няма таго ліхога, каб не вынікла на добрае.
     Ёсць у народзе яшчэ адна мудрая перасцярога: ніколі не гавары «ніколі». Чалавек да пары да часу - таямніца, загадка не толькі для іншых, але найперш для самога сябе. Ён не можа сёння гарантаваць менавіта такія, а не іншыя паводзіны ў экстрэмальнай сітуацыі, якая здарыцца заўтра.
     Паводзіны чалавека ў сітуацыі выбару і ў час пік - люстэрка, у якім ён бачыць нарэшце бервяно ў воку сваім, які некалі бачыў сучок у воку брата свайго. I толькі ў такі час і ў такой сітуацыі адкрываецца чалавеку ўся глыбіня і мудрасць аднаго з законаў вечнасці: не судзі!
     Якія высновы, здабыткі, урокі вынесе чалавек, убачыўшы сябе ў люстэрку, - залежыць зноў жа толькі ад яго самога. Іншага, на жаль, і ўбачаная ў люстэрку ўласная выява не мяняе да лепшага. Быкаўскі герой Сурвіла з апавядання «Жоўты пясочак» так і памірае з цвёрдым перакананнем у сваёй выключнасці і невінаватасці.
     Высокае неба ідэала ззяе над тым, хто ўстаў і ідзе, хто, адмаўляючы, сцвярджае, хто пераглядае каштоўнасці ўласнай душы, хто сумняваецца. Каго вучыць і мяняе да лепшага час, - тая душа жьгве!
     Чалавеку не дадзена ведаць, што будзе заўтра, але ад чалавека ў многім залежыць, якім яно будзе. Памяць пра будучыню - самая мудрая памяць чалавека.