Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Купалле

     Аднойчы бог сказаў сонцу, што прыйшла самая кароткая ў годзе ноч, калі заходзіць трэба позна, а ўставаць рана. Сонца ўзрадавалася: надта ж не любіла каціцца ў цёмную ноч на сон. З белым днём яно сябравала, а ўночы журылася.
     Але дні патроху саступалі свой час ночы, карацелі. I сонца горка заплакала. Там, дзе падала на зямлю слязінка сонечная, расцвітала-загаралася кветка папараці. Дзівіліся людзі: ці не сам Бог запаліў гэты цуд у начной цемрадзі? I даверылі самаму старэйшаму чалавеку сарваць кветку. Ды як толькі наблізіўся той да папараці, загуло-затрашчала ўсё наўкола, за рукі, за валасы хапала нечысць — ад кветкі адваджвала. Усе духі злыя накінуліся: казычуць, душаць за горла, цягнуць-валакуць у цемрадзь непраглядную. I адступіўся стары чалавек. А кветка сабе зіхаціць-пераліваецца колерамі яркімі. Сцямілі тады людзі, што кветка — чароўная, таму і не пддпускаюць да яе духі злыя. I рашылі юнака дужага ды мужнага па кветку паслаць. Знясілеў той юнак у барацьбе, але адолеў-такі сілу нячыстую. Ухапіў кветку ды наўцёкі. I што тут пачалося — толькі казка мудрая перакажа. Дрэвы пачалі хадзіць-прытанцоўваць, трава зашаптала, птушкі зашчабяталі. Уся прырода яму спавядалася. I ўсё чуў ды разумеў юнак — валадар кветкі. Да скарбаў сцяжына адкрылася. Вялікае багацце знайшоў: камянёў каштоўных цэлыя горы. I ўсё падзяліў з людзьмі свайго краю. А з птахамі, жывёламі ды раслінамі размаўляў ён, як з найлепшымі сябрамі. Галасы неба і зямлі навучыўся чуць.
     З таго часу далёкага штогод у самую кароткую ноч расцвітае кветка папараці, і людзі шукаюць яе, каб стаць шчаслівымі. А ноч гэту чароўную называюць Купальскай, ноччу святога Купалы. Кажуць, усе зёлкі на Купалле чаруюць-лекуюць. А вада на ўсходзе сонца залатая, заварожаная: як увойдзеш у яе — здаровым, прыгожым і мужным станеш. Сонца даўно не гаруе, што карацее дзень пасля Купалля. Бо на зямлі ў гэты дзень яму, сонцу, кланяюцца, песні пяюць, з кветак вянкі ўюць. А потым вогнішча купальскае запальваюць, высокае і зыркае, каб далёка відно было, каб да сонца бліжэй. Цалюткую ноч водзяць хлопцы з дзяўчатамі карагоды, скачуць цераз полымя, каб чыстымі і сумленнымі стаць. Спальваюць у вогнішчы старыя рэчы, каб новую сцяжыну да кветкі дзівоснай убачыць. I ўздымаюць на доўгай жардзіне вялікае кола, падобнае на сонца. Як стане згасаць вогнішча, кола гэта запаленае пусцяць з гары. I паляціць яно да берага рачнога ці азёрнага, як ляцелі слязінкі сонечныя калісьці. Кажуць, на Купалле сонца ды зямля вяселле спраўляюць, каб усё жывое гадаваць — людзей, звяроў, птушак... Можа, і так. Бо песень багата пяюць, як на вяселлі. I вянкі пускаюць на плынь, каб сустрэліся яны, вянок дзяўчыны і вянок хлопца. Каб вяселле потым загуло. Плывуць тыя вянкі ўдалеч, мігаюць свечкі на вадзе, а сонца прачынаецца і грае, скачатаньчыць — дорыць радасць нам, людзям. Толькі нячысцікі ў гушчары хаваюцца: надта ж баяцца духі злыя агню. I смела ідзе на золку красуня Купалінка, увітая зялёным веццем, ідзе ў святой вадзе купацца... Гарыць кветка папараці недзе ў нетрах лясных. Чакае добрых і шчырых сэрцаў вашых. Падрастайце, Купалінкі і Купалы! Вогнішчы свае паліце! Шчасця шукайце!