Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Вялікдзень

     У вербную нядзельку наломвалі калісьці нашы бабулі вербавых галінак, складалі невялічкі букецік ды спавівалі яго каляровай стужкай: чырвонай, як сонейка гарачае, ці блакітнай, як вада крынічная. Гэта значыла: першае дрэва вясны расцвіло таму, што сонца яго абдавала цяплом, а зямля — чысцюткаю вадзіцаю. I продкі нашы дзячылі зямлі ды небу высокаму за вясновае прышэсце, за першыя вербавыя кветачкі.
     Дзень даўжэйшым рабіўся, а ночка карацела. I аднойчы сонца на світанні затаньчыла-заскакала над зямлёю, шчодра сыпанула праменяў долу. I кожны праменьчык слядок залаты на зямлі пакідаў — малюсенькую кропельку святла. Абдзьмухаў вецер гэтыя слядкі, прыгарнула іх зямля, аблашчыла вада — і ператварыліся кропелькі ў зернейкі цёплыя. Сабралі людзі зерне, засеялі ў полі — жыта закаласіла. Караваяў напяклі круглых, гарачых, залатых, як сонца. Сталі той вясновы дзень сонечнага грання Вялікім днём называць. Сталі Вялікдзень урачыста святкаваць, з пірагамі салодкімі, з яйкамі чырвонымі, з песнямі вясёлымі. Але спачатку, у Чысты чацвер, трэба ўсё ў хаце дабяла памыць-вышараваць, бялюткія фіранкі на вокнах раскрыліць, белы абрус на стол паслаць, вышываныя ручнікі-набожнікі на покуці павесіць. Каб святліца да сонца праменіла зямное святло. I самі гаспадары ў лазню паспяшаюць: да Вялікадня чыстымі прыйсці трэба. Бо даўней з Вялікадня новы год пачынаўся, новая сцежачка ў будучыню бегла. А хто ж у новае падарожжа старыя, зношаныя лахманы бярэ? Таму ўсю старызну на Вялікдзень выкідалі прэч. А ў Вялікую пятніцу памірыцца з усімі трэба, з кім некалі паспрачацца прыйшлося. Тады ўжо і ў суботу Вялікую можна смела ступаць: у драўлянай дзяжы цеста рашчыніць, каб гаварыла-булькатала, каубасы-вяндлінкі падсушанай з гарышча дастаць, тварагу-масліца прыгатаваць. Бо толькі з Велікоднай нядзелькі заканчваўся пост, і можна было есці не толькі раслінную ежу, а і мяса-малако.
     Суботняй ранічкай дванаццаць дзяўчат у белых кашулях вялі баразну вакол хаты-сядзібы. Каб нягоды сюды не падступаліся. Каб неба ды зямля абераглі сям'ю. Цяпер да храма з хатулькамі-клуначкамі белымі ідуць. А ў хатульках тых пірага велікоднага акраец, яйкі чырвоныя — асвячаць нясуць. Ізноў шапочуць свечкі ля абразоў, калышацца велічальная песня, спявае голасна звон. Здаецца, увесь свет гаворыць з вялікім палаючым сонцам, якое ў лета пазірае, цеплыню шчодра дасылае.
     Чакайце ж, пра яйка велікоднае не сказала. О, гэта даўняя гісторыя. Калісьці думалі людзі, што жыццё пачалося... так-так, з яйка. I надта ўжо яго шанавалі. На Вялікдзень абвяшчалі яйка святым. Фарбавалі ў цыбулевым шалупінні ў чырвоны колер і называлі малодшым братам сонца. Яйка — найдаражэйшы велікодны пачастунак. Пойдуць у Велікодную нядзельку валачобнікі па дварах — песні гаспадару, гаспадыні, дочкам ды сынам іхнім спяваць, шчасця-багацця жадаць. Яйкамі чырвонымі ды пірагом дзячыць ім будуць. А дружына вясёлая хлапечая пад кожным акном паўкругам стане ды хвалу сям'і праспявае. Пачынальнік запяе, падхватнічак падхопіць, музыкі на скрыпцы, на дудзе зайграюць. Збірай толькі механоша ў сваю торбу ласункі-гасцінцы. За добрае слова, за песню вясёлую хто ж дабром не адплаціць! Ідуць, гудуць валачобнікі. Сонца грэе, зямля радуецца. I яйка святкуе Вялікдзень. Яно не толькі чырвонае па свеце коціцца. Бывае, кропелькамі воску размалююць яго гэтак цудна — не надзівіцца: і хвалі вадзіцы плюскочуць, і сонейка скача-коціцца, і крыжы ў чатыры бакі глядзяць. Нібы ўвесь сусвет патаемны на яйку ажыў.
     У велікодны дзень Хрыстос уваскрэс. Людзі лютыя Хрыста за шчырасць ягоную да крыжа цвікамі прыбілі, на смерць выраклі. Але праўда Яго была вышэй за зло зямное. На Вялікдзень, калі апоўначы нараджаецца новы агонь, уваскрэс з мёртвых Ісус Хрыстос, Сын Божы, каб вечна ратаваць зямлю. Вось пра якую вялікую падзею вяшчаюць велікодныя званы! I таямніча гавораць свечкі. Пра сонца нязгаснае, пра дабро неўміручае.