Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Каляды

     Каляды — свята нараджэння ісуса Хрыста, які з'явіўся на свет, каб збавіць людзей ад грахоў, навучыць іх дабру, згодзе і міласэрнасці. Гэта вельмі старадаўняе і надзвычай цікавае народнае свята.
     Дасведчаныя навукоўцы кажуць, што слова "каляды" запазычанае, бо нагадвае лацінскае "календы" — так старажытныя рымляне называлі першы дзень кожнага месяца. Разам з тым ёсць меркаванне, што слова "каляды" ўтварылася ад слова "кола". Год сапраўды падобны на дзівоснае кола: на змену зіме прыходзіць вясна, за вясною прамільгае лета, потым наступае восень, а за восенню — зноў зіма.
     Увечары перад Калядамі сям'я збіралася на Першую куццю. Куццёй называлі кашу, звараную з ячных круп. Часам яе падсалоджвалі мёдам. На Першую куццю дазвалялася есці ўсё, акрамя каўбасаў і мяса. У заможных сем'ях гатавалася ажно дванаццаць страў, і ўсе трэба было абавязкова пакаштаваць. Каб шчасціла ў хаце, гаспадыня пасыпала стол жытам і, памятаючы, што Ісус Хрыстос нарадзіўся ў яслях, церусіла па жыце сена, засцілала зверху бялюткі абрус. Гаспадар садзіўся на покуць, па абедзве рукі ад яго — жонка і дзеці. Пасля малітвы ён зачэрпваў першую лыжку куцці. Куццю і астатнія стравы не з'ядалі да канца, а пакідалі пакаштаваць нябожчыкам-дзядам, душы якіх прыходзілі ў хату на святую вячэру.
     А далей пачыналіся дзіўныя варожбы. Гаспадыня выцягвала з-пад абруса сцяблінку сена. Доўгая сянніна прадказвала высокі лён улетку. Тым часам гаспадар выходзіў на вуліцу і дзівіўся на неба. Калі высыпала шмат зорак — абяцаўся ягадны год. Калі на дрэвах была шэрань — чакаўся шчодры ўраджай збажыны. Калі мяла завіруха — павінны добра раіцца пчолы. Каляды без калядоўшчыкаў— што зіма без снегу. Гэтаму вясёламу гурту радаваліся ў кожнай хаце. Ніводнага двара не абміналі калядоўшчыкі. Хадзілі яны ўвечары і вадзілі "казу" з "мядзведзем", а з імі часам "жорава" ці "бусла". У жывёл і птушак пераапраналіся самыя здатныя да скокаў хлопцы-жартаўнікі. Маскі ды касцюмы рабіліся з выдумкай і зайздросным умельствам. Наперадзе ўсіх ішла "каза": рогі — з лазы ці саломы, барада — з кудзелі, замест поўсці — вывернуты шэры кажух. Вадзіў "казу" дзед-павадыр. Ён стукаўся ў акно з такім прыгаворам: "Добры вечар, пане гаспадару! Дазволь зайсці ў хату, павіншаваць са святам і павесяліць тваю сямейку". Гаспадар, вядома, адчыняў дзверы насцеж, калядоушчыкі ўвальваліся ў хату, і пачыналася святочнае прадстаўленне. "Каза", "мядзведзь" ды "жораў" паказвалі ўсе свае здольнасці, скакалі, аж сцены дрыжалі. А зладжаны хор тым часам спяваў:

     Пане гаспадару, паглядзі ў гумно.
     У тваім гумне сам Бог ходзіць,
     Сцірты лічыць, цябе кліча.
     Цябе кліча, дар табе даць:
     Табе самому — сто коп жыта,
     Жонцы тваёй — шубу да полу,
     Сыночкам тваім — ды па коніку,
     Ды па коніку ды па вараненькім,
     Дачушкам тваім — ды па вяночку,
     Па вяночку ды па руцьвяненькім.


     Потым наперад калядоўшчыкаў выходзіў хлопец-механоша, які збіраў і насіў пачастункі. Гаспадары не скупіліся на гасцінцы. Яны верылі, што добрыя пажаданні абавязкова спраўдзяцца. Роўна праз тыдзень пасля Першай куцці сям'я зноў збіралася за святочным сталом. Гаспадыня варыла куццю ў тым самым гаршку, што і першы раз. Толькі раней яна падавалася нішчымнай, а цяпер — запраўленая маслам ці малаком. У гэты вечар людзі елі ўсё, што мелі і хацелі: каўбасы, мясныя стравы, студзень, усялякія смачныя падліўкі. Нездарма гэта куцця называлася яшчэ Шчодрай куццёй. Калісьці 13 студзеня лічылі за апошні дзень старога года. I таму год мінулы праводзіўся з цікавымі гульнямі і варожбамі. Дзеці калядавалі, збіралі па хатах пачастункі, гаспадары па ўсялякіх прыкметах вызначалі будучы ўраджай і прыплод жывёлы. А дзяўчаты варажылі пра сваё жыццё і замужжа. Потым хадзілі гуртам ад хаты да хаты, зычылі ўсім добрым людзям дастатку і радасці, спявалі песні-шчадроўкі. I старая вёска быццам маладзела ад звонкіх дзявочых галасоў. Сівыя бабулькі, слухаючы сваіх унучак, харашэлі тварам і забываліся пра ўсе свае хваробы.
     Весела, хутка праходзілі два тыдні Каляд. I нарэшце спраўлялася Трэцяя, або Галодная куцця. Звараная ў тым самым гаршку, што і дзве папярэднія, куцця падавалася нішчымнай. Астатнія стравы на стале таксама былі нішчымныя. Нашы прашчуры верылі: калі цяпер не з'ясі тлустага, дык увесь год будуць абмінаць хваробы. У апошні калядны вечар моладзь абавязкова ладзіла ігрышча. На вуліцы і па хатах спяваліся развітальныя калядныя песні.
     Гаспадары пасля Трэцяй куцці прыбіралі сена, што два тыдні ляжала на стале, аддавалі яго коням, каровам і авечкам. Каляднае сена, лічылі, засцерагае жывёлу ад злых чараўніц і жартаў дамавіка.

     Вера
     Мікола Маляўка
     
     Ссыпалі ў касцёле збожжа,
     Палілі іконы ў царкве.
     А вера - непераможная,
     А вера ў душах жыве.
     Смуткуюць і радуюцца,
     Заходзяць з малітвай у хаты
     Вялікдзень і радаўніца -
     Вясновыя нашы святы.
     Ніхто на Зямлі не вечны.
     У храме магільных бяроз
     І вечарам светла ад свечак,
     І вечарам светла ад слёз.
     Яны ад любові ўзняты,
     Вялікдзень і радаўніца -
     Народныя нашы святы.
     За тых, хто ў магіле цёмнай,
     За тых, хто яшчэ жыве,
     Памолімся ціха ў касцёле,
     Памолімся ціха ў царкве.