Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Слуцкія паясы

     Магчыма, вам даводзілася чуць такую калыханку: "Пайшоў Лёнік у лясок, знайшоў сабе паясок слуцкае работы". Калыханка гэта — з даўніх часоў, як і сама легенда пра слуцкіх ткачых, пра іх умелыя "залатыя рукі, што тонка пралі, звонка ткалі ды размысна ўзор клалі". Хочацца яшчэ нагадаць пранікнёныя радкі Максіма Багдановіча пра ткачых:

     Ад родных ніў, ад роднай хаты
     У панскі двор дзеля красы
     Яны, бяздольныя, узяты
     Ткаць залатыя паясы...


     Паясы, праўда, больш простыя, сатканыя з лёну ды воўны, меў кожны беларускі селянін. Бо пояс лічыўся, бадай, самым галоўным у тагачасным сялянскім адзенні. "Паяўленне без шапкі і порткаў, — пісаў вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Нікіфароўскі, — не здзівіць старонніх так, як паяўленне без апаяскі".
     Паны насілі шаўковыя паясы, што завозіліся купцамі найчасцей з Турцыі і Персіі. Вялікі попыт і высокая цана на іх прымусілі купцоў задумацца: "А ці не наладзіць выраб паясоў на месцы, дома?" Пачалі ўзнікаць саматужныя майстэрні, якія атрымалі назву "персіярняў", У гэты ж час, у сярэдзіне васемнаццатага стагоддзя, далёка пайшла слава пра тканыя паясы слуцкай фабрыкі. А пачалося ўсё з таго, што віленскі ваявода князь Радзівіл заснаваў у горадзе над Случчу персіярню. Для сваёй фабрыкі ён прывёз у Слуцк персаў і турак. Але іх было мала. I да ткацтва паясоў пачалі далучаць мясцовых умельцаў, якіх на Случчыне было шмат, бо гэта рамяство са старажытных часоў шанавалася ў народзе, лічылася за сапраўднае мастацтва. Ткачоў часцей за ўсё набіралі з прыгонных, пад прымусам, надоўга разлучаючы з сям'ёй, з роднымі мясцінамі. Беларускія майстры ўнеслі ў малюнак паясоў узоры, што былі найбольш блізкія і родныя іх сэрцу, цешылі вока, зачароўвалі сваёй сціплай, але непаўторнай красой. Памятаеце: "I тчэ, забыўшыся, рука заміж персідскага ўзору цвяток радзімы васілька"?
     Ткаліся слуцкія паясы даўжынёю ад двух да чатырох з паловаю метраў, з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, прывезеных з-за мяжы. На рагу пояса, з абодвух бакоў, ткалася метка на стараславянскай і лацінскай мове: "Слуцк", "У горадзе Слуцку", "Зроблена ў Слуцку".
     Слуцкая фабрыка працавала да 1844 года. Пасля таго, як у Беларусі забаранілі насіць кафтаны, неабходнасць у слуцкіх паясах адпала і вытворчасць іх спынілася.
     Слуцкія паясы даўно сталі скарбам беларускага народнага мастацтва. Магчыма, вам давядзецца пабываць на экскурсіі ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. I там вас чакае цуд — сустрэча са слуцкімі паясамі.
     Не звялося знакамітае рамяство спуцкіх умельцаў. Сёння ў горадзе над Случчу працуе фабрыка мастацкіх вырабаў. I на тканых паясах, што вырабляюцца тут, можна ўбачыць малюнкі і ўзоры славутых калісьці слуцкіх паясоў, паясоў з легенды.
     Як і тыя ўзоры, жыве сярод людзей і даўняя калыханка: "Пайшоў Лёнік у лясок, знайшоў сабе паясок слуцкае работы".