Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Трывожныя званы

     Дачка просіць расказаць якую-небудзь гісторыю.
     — Якую табе, вясёлую ці страшную?
     — Страшную... — I туліцца да бацькі.
     — Слухай уважліва ды на ўсё жыццё запамінай...
     ***
     Жыў-быў каваль Антось. Сілу волатаўскую меў. Возьме металічны прут — у дугу сагне. Ухопіць два мяхі бульбы пад пахі, нясе ў склеп. Жонку сваю Алену вельмі любіў. I нарадзілася ў іх шасцёра дзяцей - Ванда, Надзя, Уладзік, Віктар, Вера, Толік.
     Збудаваў каваль сваёй сям'і светлую хату-церам. Дрэў жа ў лесе наўкол — што травін у лузе. Выбраў самыя гонкія сосны, вычасаў бярвенне да сонечнага бляску. У новай хаце весела спявалася, радасна жылося.
     У вёсцы той жыло яшчэ дваццаць шэсць сем'яў. У кожнага гаспадара — з гонкіх сосен свая хата. I назвалі людзі паселішча з хат Хатынню.
     Умелі хатынцы лён вырошчваць і сенажаці касіць, калыскі майстраваць і печы класці. А яшчэ любілі грыбы збіраць, салаўёў слухаць.
     У канцы вёскі з ранку да вечара спявала кавадла. О, каваль Антось быў славуты майстра!
     Кавальскімі мяхамі раздзьмухваў вуголле. Яно станавілася чырвоным, зыркім. Кідаў у тое вуголле кавалак жалеза і зноў раздзьмухваў, пакуль метал не барвавеў на вачах. З разамлелага жалеза Антось вырабляў сярпы і падковы, завесы і плугі, бароны і нажы. Стук-стук, дзінь-дзілінь — цэлымі днямі гучала кавальская песня над Хатынню.
     Ды аднойчы наляцелі на той край лютыя ворагі. Страшныя зладзействы чынілі яны: палілі хаты, рабавалі дабро, забівалі людзей. I вырашылі хатынцы змагацца з ворагам да апошняй кроплі крыві. А кавалю Антосю наказалі рабіць для іх грозную зброю.
     Зноў цэлымі днямі звінеў метал у кузні. Толькі звон той гучаў трывожна і поклічна.
     Бачаць чужынцы - неадольныя хатынцы. I задумалі яны вар'яцкае злачынства. Чорнай хмарай наляцелі на вёску. Сагналі ўсіх жыхароў у хлеў, зачынілі дзверы і падпалілі.
     Крывавым полымем гарэлі людзі. Сто сорак дзевяць чалавек. Сярод іх — семдзесят шэсць дзяцей. Разам з людзьмі гарэлі іхнія хаты.
     Так загінулі каваль Антось Яскевіч, яго жонка Алена, дзеці — Ванда, Надзя, Уладзік,
     Віктар, Вера, Толік...
     ***
     — Тата, гэта казка?
     — Не, дачушка, праўда.
     — А дзе вёска Хатынь была?
     — У нашай Беларусі. Ды яна і цяперь ёсць. Можам з'ездзіць туды.
     Паехалі бацька з дачкою ў Хатынь. Ехалі ад Мінска па Лагойскай шашы, пасля звярнулі ўправа. Вось і Хатынь — помнік былой Хатыні. Там, дзе стаялі хаты, свечкамі стаяць цэментаваныя коміны. А ўверсе на іх — званы. Дзінь-дзілінь-дзінь! — трывожна нагадваюць яны людзям аб жудаснай трагедыі.
     На адным з халодных комінаў прачыталі імёны каваля, яго жонкі, дзяцей. Усе загінулі. Не злітаваліся ворагі над сямігадовым Уладзікам,над двухмесячным Толікам...
     Бацька з дачкой моўчкі стаяць каля Вечнага агню. З мармуровай пліты вырываецца, трапеча на ветры чырвона-жоўтае полымя. Побач — тры бярозкі. Вартуюць Вечны агонь. Захоўваюць памяць аб загінуўшых.
     Дачка чытае надпіс: "2 мільёны 230 тысяч..."
     — Тата, яны ўсе загінулі?
     — Усе, дачушка. Ды гэта толькі ў Беларусі.
     — А колькі гэта — два мільёны?
     — Колькі? — перапытвае бацька і тлумачыць: — Калі ўшанаваць хвілінай маўчання кожнага, хто загінуў толькі ў нашай Беларусі ў вайну, то мы з табой, дачушка, маўчалі б чатыры гады.