Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Летапісная рака

     На свеце шмат розных рэк. Ды ёсць адна незвычайная рака: яна цячэ пад зямлёю.
     Хто з мінчан не ведае, дзе знаходзіцца стары горад? Спытайце — і вам любы адкажа: "Там, на Нямізе". Сапраўды, там, дзе калісьці ўзвышаліся валы старажытнага горада, дзе пераклікаліся званы цэркваў і касцёлаў, віравала жыццё, — сёння вуліца Няміга. Гэта адна з самых старых вуліц Мінска. Уздоўж Нямігі жылі гандляры і рамеснікі, па ёй да брамы сярэдневяковага замчышча праязджалі князі і замежныя госці. А некалі гэта вуліца была ракой. Аўтар "Слова пра паход Ігаравы" апісаў бітву на Нямізе паміж полацкім князем Усяславам Чарадзеем і кіеўскімі князямі — братамі Яраславічамі.
     Многае на сваім вяку бачыла рака Няміга. Звузілася і змялела так, што сёння і выток яе знайсці нялёгка. Ад ручая, які выцякаў з балота на скрыжаванні сучаснай вуліцы Грушаўскай і Разінскага завулка, застаўся толькі невялікі равок.
     Цяжка нават уявіць, што калісьці Мінск быў падобны на знакамітую Венецыю — горад на вадзе. Толькі замест мора і каналаў праз яго працякала рака. Каля самага вусця Няміга падзялялася на два рукавы, абдымала старадаўні дзядзінец горада і рабіла яго недаступным для ворага. Акрамя таго, гэта была адзіная ў Беларусі ракавуліца. У межах горада цераз Нямігу былі пракладзены шматлікія масткі, а ў некаторых месцах — суцэльныя драўляныя насцілы. Па іх людзі хадзілі і ездзілі, а пад насціламі мог праплысці човен. Чым толькі не гандлявалі на гэтых мастках! Але найбольш славіўся рыбны кірмаш. Рыбу прадавалі вэнджаную, салёную, вяленую і, вядома, жывую. Кажуць, калі гандляры не паспявалі за дзень прадаць усю жывую рыбу, то ўвечары яе выпускалі ў Нямігу. Прасцей было налавіць зноў, чым трымаць да раніцы наступнага дня. Паступова горад пашыраўся, і ўздоўж вуліцы-ракі ўзніклі фабрыкі. Сваімі сцёкамі яны забруджвалі Нямігу. Чатырохметровае рэчышча на пачатку нашага стагоддзя звузілася да двух метраў, а глыбіня зменшылася да паўметра. Яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы быў распрацаваны першы план захавання ракі ў жалезабетонным калектары пад зямлёю. Але здзяйсняцца ён пачаў толькі ў 1926 годзе. Спачатку ў бетон схавалі ніжнюю частку ракі, а пазней і ўся яна знікла пад зямлёю.
     Вось так і цячэ сёння славутая Няміга ў цёмных трубах. Архітэктары і інжынеры мяркуюць, што ў недалёкім будучым Нямігу можна будзе падняць на свет белы. I яна зноў упрыгожыць нашу сталіцу. А пакуль можна паглядзець толькі на вусце ракі — там, дзе яна ўпадае у Свіслач. Прайдзіцеся ўздоўж Свіслачы ад Траецкага прадмесця да станцыі метро "Няміга". З боку старадаўняга замчышча і ўбачыце тое месца, дзе з-пад зямлі вытыркаецца прама-вугольная жалезабетонная труба. Гэта і ёсць яна, летапісная рака.

     Няміга
     Васіль Вітка

     "Кладуць на Нямізе снапамі,
     Упокат галовамі сцелюць,
     Малоцяць цяжкімі цапамі
     І веюць душу ад цела..."
     Хто яго веда, можа быть,
     Даверымся даўняй кнізе,
     Што ворагі нават маглі праплыць
     У стольны Мінск па Нямізе.
     І што наўсцяж по абодва бакі
     Стаялі харомы
     І хаты,
     І што дагэтуль на дне ракі
     Ляжаць шаломы
     І латы.
     Ідзі правер, калі ўсё так далёка,
     За казкамі, за вякамі.
     А вось такога прашчураў вока
     Не бачыла, як мы з вамі.
     І нас нашы ворагі клалі снапамі,
     Але не білі цапамі.
     Яны нас рэзалі кулямётам,
     Тапталі каваным ботам.
     А каб не пасмелі адкрыць мы рота,
     Нам губы сшывалі дротам,
     А каб мы дарогу да шчасця забылі, -
     Нашых дзяцей жывымі палілі.
     Свету ўсяму расказалі пра гэта
     Не старажытныя кнігі,
     А чорныя сцены пакутнага гета
     І камяні Нямігі...
     Даўно свае воды рачулка гоніць
     Пад каменем, у бетоне,
     Сама ўсё з сабою паціху гамоніць,
     Забытая ў вулічным звоне.
     І там, дзе ніхто не чуе, не бачыць,
     Паміж палявых узгоркаў,
     Часам не вытрымае, заплача
     Слязамі наўцешнымі, горкімі.