|
|
|
|
|
След працы людской Нялёгка давалася беларусу зямля. У нас даўней было болей лясоў. Таму пад ворыва, пад пасевы збожжа прыходзілася церабіць кустоўе, раскарчоўваць лясныя дзялянкі, якія называліся лядамі. Усе паселішчы з гэтымі назвамі гавораць аб іх паходжанні: Лядзен, Лядзіны, Лядкі, Лядна, Лядавічы, Лядцы, Лядзішчы.
Як бачыце, не толькі імёны людскія ўвекавечваліся ў памяці гарадоў і вёсак, а і справы, і рамёствы, і праца нашых продкаў, якою яны займаліся. На Беларусі можна налічыць болей за сотню назваў, якія паходзяць ад слова руда: Рудня, Рудніца, Руднае, Рудавец, Рудаўка, Рудка, Рудзянец, Рудзенск, Рудаўляны, Рудзевічы, Руднікі... У далёкім мінулым усё гэта былі прамысловыя паселішчы, дзе з балотнай руды выплаўлялі жалеза. У нас каля паўсотні паселішчаў з назваю Гута, якая сведчыць аб даўнім развіцці ў Беларусі шкляных заводаў: Гутка, Гутніца, Гутава, Гута Замошская, Гута Ляшчынская, Новая Гута, Старая Гута, Сцюдзёная Гута. Шкляныя вырабы гуты "Нёман", што на Гродзеншчыне, цяпер шырока вядомыя ў нас і за мяжой. Майстроў і рабочых, якія вырабляюць шкло, так і завуць: гутнікі.
Паселішча Бандары, пэўна ж, выславілася некалі майстрамі, якія рабілі на патрэбу людзям добрыя бочкі, цэбры, дзежкі, бойкі. У Бортніках не зводзіліся знаўцы, якія ведалі, дзе, у якіх лясах поўна ў дуплах дзікіх пчол. Паступова прывучалі іх насіць мёд у вуллі-борці, што рабілі з тоўстых калод і ставілі на дрэвах, каб мядзведзь не дастаў. Сітнікі выраблялі сіты і рашоты. Суднікі — драўляны посуд: лыжкі, міскі, каўшы, кадаўбцы. Дойліды былі выдатнымі будаўнікамі.
Шмат назваў пайшло ад самога слова паселішча: Сяло, Сяльцо, Селішчы, Паселішчы, Прысёлкі, Навасёлкі, Выселкі.
Народ дасканала валодаў сваёй мовай, узбагачаў яе, утвараючы словы і назвы для ўсіх тых мясцін, дзе жыў спрадвеку. I як жа бяздумна ўжо ў наш час нявечацца народная памяць і мова, мяняюцца многія старажытныя назвы! Замест іх на карце рэспублікі з'явіліся бясконцыя Красны Акцябр, Акцябрскае, Акцяброва, Акцябрына, Знамя, Краснае Знамя, Знаменка, Атраднае, Сірэнеўка, Лазурнае, Лучазарнае, Жамчужнае, Красіеўка. Па суседству з маёй вёскай быў арганізаваўся невялікі саўгас з самай кароткай назвай: Дук. Усё наваколле гэтак і звала яго: Дук і Дук. I мала хто ведаў, што ў паперах ён пісаўся па-іншаму: "Дзень ураджаю і калектывізацыі". Аднак доўга ён не пацягнуў. За сваю нямогласць быў скасаваны ў паперах і далучаны да большай гаспадаркі.
У шуме жытняга святла
Яўгенія Янішчыц
Яшчэ расці маёй трывозе
І не любіць - на паўкрыла.
Убачу маму на дарозе
У шуме жытняга святла.
І покупль гэты поўдзень спелы
Дым тарфяны не завалок,
На зрэзе дня - рамонак белы
І пасівелы васілёк.
Снуецца беглая сцяжына -
Апошні збег майго сяла.
Гняздзечка птушкі і ажына -
У шуме жытняга святла.
І покуль дыхае планета,
Не вынішчаецца датла
Душа народа і паэта
У шуме жытняга святла.
|
|
|
|
|