Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Легенды і назвы

     Ёсць навука — тапаніміка. Яна вывучае назвы гарадоў, вёсак, рэк, азёр. Дужа цікавая навука. Мо хто з вас, як вырасце ды вывучыцца, будзе займацца тапанімікай. А пакуль што, каб заахвоціць вас, перакажу некалькі легендаў. Кажуць, на тым месцы, дзе цяпер стаіць Магілёў, шумела векавая пушча. А ў пушчы той жыў разбойнік Машэка. Дрымучыя лясы, задумлівая рака Дняпро ды неба над галавой былі для яго домам і ўцехай.
     Жах наводзіў Машэка на ўвесь край. Ніводнага падарожніка не прапускаў, забіваў.
     А сам у начной цішы горка плакаў па любай Прадаславе. Яго нявесту князь сілком забраў у свой замак. Туды не прабрацца Машэку. Вось і жыў ён у лесе разам з сябрамі-разбойнікамі. Апрануты ў воўчыя шкуры, помсціў усім, хто асмеліцца завітаць у пушчу.
     Аднойчы сядзеў Машэка на камені, звесіўшы галаву ў журбоце, ды раптам чуе конскі тупат. Ён рынуўся да вазка і ледзь не аслупянеў. Там сядзеў князь з яго Прадаславай.
     Машэка ў гневе забіў князя, а любую прынёс у сваё логава. Але гэта была ўжо не тая Прадаслава, якую ён бязмежна кахаў. Яна прывыкла да раскошы. I калі знясілены Машэка прылёг адпачыць, Прадаслава забіла яго нажом.
     Сябры-разбойнікі пахавалі іх разам: забітага Машэку і жывую Прадаславу. Насыпалі над імі курган і назвалі Магілаю Льва.
     Янка Купала выкарыстаў гэту легенду ў сваёй паэме:

     Над ёю з часам дрэвы палі
     I горад вырас, як з зямлі,
     Яго Магілевам назвалі,
     Бо йнакш прыдумаць не маглі.


     Пачатак будаўніцтва Мазыра паданне прыпісвае двум братам, якія пасяліліся на крутых берагах Прыпяці, каб здабы ваць рыбін тлушч (жыр). Старэйшы — вырадак, узненавідзеў малодшага — статнага малойца, прыгажуна. За што? Ды за тое, што маладая суседка пакахала малодшага брата і той хутка разбагацеў. Усчалася паміж братамі бойка. Старэйшы папрасіў дапамогі ў чараўніцы, якая жыла непадалёку, на высокай гары. Чараўніца як убачыла прыгажуна, дык і пра чары забылася. Загадала прыпыніць бойку. А старэйшы ўсё патрабаваў: "Мой жыр! Я не ўступлю ніводнай меркі!" Пакрыўдзілася чараўніца, што яе не паслухаўся старэйшы брат, узмахнула чарадзейным мячом, і гара распалася на дзве часткі. Праваліўся ў бездань старэйшы брат і ўсё крычаў:
     — Мой жыр! Мой жыр! — Не, мой жыр! — адказваў малодшы. Мой жыр — Можыр, Мозыр. Так нібыта ўзнікла назва гора да. Ёсць рэчка, якая ўпадае ў Прыпяць. Яе называюць Монжыр'е.
      А там, дзе цяпер горад Івянец, у глыбокай старажытнасці былі балоты, цёмныя лясы. Аднойчы гэтай мясцовасцю праязджала княгіня дый угрузла разам з брычкай і коньмі. А людзі там яшчэ не жылі. Ратаваць няма каму. "Што рабіць?" — прыйшла ў роспач княгіня. Аж раптам бачыць — нейкая жанчына пляце вянок з прыгожых кветак.
     — Дапамажыце мне выехаць, — папрасіла княгіня.
     — Калі згодзішся засяліць гэтыя мясціны народам — выратуешся, — адказала незнаёмка.
     — Згодна.
     Брычка з коньмі як быццам сама выскачыла з балота. Радасная княгіня пытаецца ў жанчыны:
     — А як жа назваць вашу мясцовасць?
     — Бачыш, у маіх руках вянец, — адказала дзіўная жанчына. — Вось і назаві гэта месца Івянцом!..
     У нашы дні Івянец славіцца народнымі ўмельцамі па кераміцы і вышыўцы.
     Пра назву Нясвіжа ходзіць некалькі паданняў. Прыгадаю адно з іх. Некалі тут было паселішча крывічоў. Мужныя былі людзі, смелыя воіны. Ніхто з заваёўнікаў не мог авалодаць іх крэпасцю. Нельга было нават заслаць лазутчыкаў — віжоў. Казалі: "Несть віж" (няма віжоў). Два словы зліліся ў адно і далі назву будучаму гораду...
     Усе вы жывяце ў гарадах і вёсках, якія маюць пэўную назву. А ці задумваліся, адкуль пайшла назва вашага паселішча? Паспрабуйце разгадаць загадку гісторыі.