Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Максім Беларус

     Ён любіў дзяцей. Сваіх і чужых, якіх вучыў у школе, сустракаў у час вандровак — блізка і далёка ад дому. I заўсёды знаходзіў ім месца на старонках сваіх кніг.
     Нарадзіўся Максім Іванавіч Гарэцкі ў вёсцы Малая Багацькаўка, што на Мсці-слаўшчыне. Добра граў на скрыпцы і жалейцы, цікава апавядаў розныя гісторыі, любіў спяваць народныя песні. I ўмеў слухаць бывалых людзей, запісваў іх успаміны, рэдкія словы-залацінкі. Усё гэта пазней спрыяла яму ў працы над мастацкімі творамі.
     Першую кнігу "Рунь" склалі апавяданні пра вёску. Нялёгкае жыццё сялян у гэтых апавяданнях сагрэта цяплом аўтарскай душы, паэзіяй вясковых паданняў, абрадаў і замоў. Прыдумваць штосьці не было патрэбы. Герояў сваіх пісьменнік спісваў з бацькоў і сваякоў, з тых аднавяскоўцаў, якіх добра ведаў. А імя сваё, бывала, утойваў пад псеўданімамі: Максім Беларус, Дзед Кузьма, Мацей Мышка.
     Шырэй паглядзеў на свет і людзей у ім, калі вучыўся на каморніка, працаваў, лячыўся ў шпіталі, цяжка паранены на фронце ў першую сусветную вайну, цікавіўся мінулым свайго краю. I тады ў Максіма Гарэцкага выспела задума: напісаць гісторыю адной сям'і, некалькіх яе пакаленняў, пачынаючы ад прыгону да нашых дзён.
     У спадчыну нам пісьменнік пакінуў свае апавяданні, запіскі-дзённік "На імперыялістычнай вайне", аповесць "Дзве душы", раманы "Віленскія камунары" і "Камароўская хроніка". Творы гэтыя — толькі пэўная доля той вялікай задумы. Трагічны лёс не дазволіў Максіму Гарэцкаму ажыццявіць яе поўнасцю, хоць былі і сілы, і ахвота працаваць, і талент. Вось як апісвае бацьку дачка Галя, не ведаючы яшчэ, што праз год яго не стане: "Глянула, а ён ідзе побач, статны, дужы, і ўсміхаецца. У сінім шавіётавым касцюме, белай летняй фуражцы. Вышэй сярэдняга росту быў. Вочы карыя, даволі вялікія, хоць і глыбокія. Усмешка прыгожая, добрая. Сорак тры гады было яму, а мне пятнаццаць".
     Дачку сваю Максім Гарэцкі ласкава называў птушачкай. Як і многія нашы пісьменнікі, ён загінуў у трыццатыя гады. I хто ведае, можа, апошнія думкі яго былі якраз пра дачку, любімую птушачку.
     У запісной кніжцы пісьменніка захаваўся абразок "Прывязаны хлопчык".
     Куламеса на вакзале — як заўсёды.
     У натоўпе — маладзіца з шырокім кошам, а да ручкі прывязаны хлопчык, гадкоў 3 — 4, тоўсценькі, беленькі.
     Ідзе, адна рука прывязана, а другою трымаецца за беражок коша.
     Прывязаны коратка: яна паставіла кош, і ён сунуўся на зямлю з ручкаю і не можа ўзняцца.
     А ў яе на руках яшчэ дзіця ці вузел. I маўчыць ён, узнімаецца спакойна. А вакол — людскія ногі...
     Абразок напісаны ў 1930 годзе.
     Давайце разам падумаем, кім стане ў жыцці гэты безыменны хлопчык. I дамо яму прыгожае імя. У памяць Максіма Гарэцкага: ён любіў дзяцей.