Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Вярнуўся з нябыту

     Кожны раз, калі еду ў родную вёску, думаю і пра яго, Язэпа Лёсіка. Думаю з любоўю і ўдзячнасцю, як пра сваяка. Уяўляю высокую постаць на беразе Нёмана, якому прысвяціў ён свае паэтычныя радкі:

     Люблю глядзець,
     як месяц свеціць
     I ўсё кругом мёртвым сном спіць,
     А ён - ляжыць, дарогу меціць
     I ўсё навокал залаціць.


     Быў час, калі я, студэнт універсітэта, не ведаў, што жыў на свеце такі чалавек— родам з маёй Мікалаеўшчыны. А ён жа быў акадэмікам, чытаў лекцыі ва універсітэце, складаў падручнікі па беларускай мове для школ.
     Жыццёвыя выпрабаванні пачаліся для Язэпа Юр'евіча Лёсіка яшчэ пры цару. За рэвалюцыйную дзейнасць яго выслалі ў Сібір. Выслалі навечна. Крычыць-плача ліст, прысланы адтуль, з вымушанага выраю, дадому: "Сэрца заходзіцца ад жалю, калі, можа, ніколі не давядзецца хадзіць па родных сцежках, ніколі не пачуць тых мілых песень, што сам спяваў з маленства. Таварыш мой усхопіцца ўночы ды пачне заганяць гусей: "Гыля, гыля!" Потым прачнецца, звернецца да мяне ды запытае: "Ці няма ў нас лустачкі хлеба?.."
     Толькі ў семнаццатым годзе вяртаецца Язэп Лёсік з сібірскай ссылкі ў Мінск. I пачынае плённа працаваць на адраджэнне беларускай дзяржавы, мовы і культуры. Рэдагаваў газету "Вольная Беларусь". Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі каля года ўзначальваў яе Раду. Чалавек цвёрды і рашучы, ён клікаў беларусаў яднацца ў адну сям'ю, вольную і незалежную, каб не забыліся, хто яны, чые сыны, якіх бацькоў. "Годзе быць пашаю для чужынцаў, годзе карміць чужынцаў сабе на згубу і пастаянную пакуту, — звяртаўся Язэп Лёсік да сучаснікаў і да нас, нашчадкаў. — Мы павінны стаць на ўласныя ногі". Крамлёўскім бажкам, вядома, гэта не падабалася, і пад іх націскам-гнётам Язэп Лёсік вымушаны быў адысці ад палітыкі. Складаў падручнікі, пісаў артыкулы, вершы, апавяданні, чытаў лекцыі на педагагічных курсах. На яго лекцыі цяжка было трапіць, таму што аўдыторыя заўсёды была перапоўнена зацікаўпенымі слухачамі.
     Здавалася, жыццё нарэшце ўвайшло ў спакойную каляіну. Але гэта было не так. У адным з лістоў брат Антон пацікавіўся, як жыве Язэп. I той адказаў беларускай прыказкай: "Жыву як мыш пад мятлою". Улады не спускалі з яго вока, сачылі за кожным крокам, запаміналі кожнае смелае слова.
     Мова — асаблівая любоў Язэпа Лёсіка. Ён прызнаваўся брату: "Калі я праходжу па вуліцах Мінска і чую беларускую мову, то слухаю яе, як музыку". Чужой мовай свайго гора не выкажаш, чужым словам сваёй радасці з душы не выплеснеш. Трэба вучыцца, мець свае беларускія школы, бо цёмнаму чалавеку не прынясе карысці ні зямля, ні воля. Гэтак думаў і гэтым жыў Язэп Лёсік.
     Дзеля станаўлення і росквіту роднай мовы прыйшлося ахвяраваць літаратурным талентам. Апавяданні, што дайшлі да нас, — гэта ўспаміны з маленства і юнацтва, замалёўкі з жыцця дарагой сэрцу Мікалаеўшчыны.
     "Лёсік дужа талентны апавяданнік, — пісаў Максім Гарэцкі. — Гэтага слаўнага пісьменніка чакае яшчэ слаўнейшая будучына". На жаль, бальшавікі не паспрыялі, каб словы гэтыя збыліся. Язэпа Лёсіка кідалі з турмы ў ссылку, са ссылкі — зноў у турму. I толькі за тое, што быў таленавіты, верыў у свой народ, шчыра любіў Беларусь.

     Бачу смуглую постаць тваю,
     Як абраз усялюдскай пакуты.
     Табе песні складаю, вяршую, пяю —
     К табе сэрцам навекі прыкуты.


     Не выйшаў у свет зборнік апавяданняў "Родныя вобразы". На аўтара павесілі ярлык "нацдэма", ворага народа, арыштавалі і выслалі з Беларусі. Падчас вобыскаў асаблівая ўвага звярталася на рукапісы. Брат Антон згадваў:"Аднаго разу трэслі ўсю ноч, узялі столькі матэрыялу, што павезлі на кані". I павезлі ж, вядома, не ў выдавецтва, а на касцёр, каб рукапісы не сталі кніжкамі.
     Мы не ведаем нават, дзе магіла Язэпа Лёсіка. З глухой саратаўскай турмы дайшла да дзяцей яго развітальная паштоўка: "Жывіце самі, без мяне. Ваш тата". А сабе самому, відаць, адрасаваны на этапных дарогах спавядальна-балючыя радкі:

     Твой крыж з крыжоў —
     Самы крыжаваты
     Таму, што шмат разоў
     На ім быў ты распяты.


     Кажуць, душа пасля смерці чалавека ляціць на радзіму, да спадчынных хат і крыжоў. Калі гэта так, то душа Язэпа Лёсіка не далёка недзе, а ў блакітным небе над Мікалаеўшчынай. Савецкая ўлада ўкараціла яму жыццё, але не змагла выкрасліць з гісторыі яго імя. Як некалі з бестэрміновай ссылкі, вярнуўся ён да нас з нябыту, у адной асобе — асветнік, пісьменнік, вучоны, грамадскі і палітычны дзеяч. Вярнуўся, каб жыць у слове, вярнуўся, каб акрыліць нас сваёй верай і надзеям: "Вецер павее ды хмары разгоне, неба праясніцца, сонца пакажацца і хутка развіднее над нашай краінай".
     Вось чаму з любоўю і ўдзячнасцю думаю я пра Язэпа Лёсіка кожны раз, калі еду ў родную вёску.

     Дачка вучыцца гаварыць
     Галіна Каржанеўская
     
     Беларусачка,
     Зноў і зноў
     Мне відно нараджэнне слоў -
     Старажытных, як соль і хлеб,
     Дарагіх, зразумелых лепш
     У вымаўленні твайго ратка.
     Як з крыніцы малой - рака,
     Так, дачка мая, з кроплі слова
     Непрыкметна пачнецца мова...
     Беларусачка!
     Тулю да груздей
     Прадаўжэнне сваіх надзей.