Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Люблю Беларусь

     Каго любіш?
     — Люблю Беларусь!
     — То ўзаемна!..


     Гэтыя словы гучалі паролем для паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Лепшыя сыны народа, падняліся яны ў 1863 годзе на барацьбу супраць царскага самаўладства і паноў.
     Чаго дабіваліся паўстанцы? Адказ — у тым жа паролі. Любілі Беларусь і хацелі, каб яна была вольнай, каб яе працоўны люд жыў шчасліва.
     Кіраўнік паўстання Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета. Скончыў Свіслацкае вучылішча, потым — Пецярбургскі універсітэт. Чалавек адукаваны, поўны сіл, ён мог бы спакойна пражыць жыццё. А выбраў іншую долю: стаў абаронцам бедных і прыгнечаных.
     Слова і тады было зброяй. Упершыню на беларускай мове выйшла газета "Мужыцкая праўда". Толькі сем нумароў — пакуль рыхтавалася і жыло паўстанне. На вялікую бітву заклікаў сялян Кастусь Каліноўскі: "Трэба нашым хлопцам спяшыць з віламі ды з косамі там, дзе дабіваюцца волі ды праўды... Будзе ў нас вольнасць, якой не было дзядам і бацькам".
     Пад кожным лістком газеты стаяў подпіс "Яська-гаспадар з-пад Вільні". Яська! I гэтым простым імем падкрэсліваў Кастусь Каліноўскі сваю еднасць з народам. "О, загрыміць наша праўда і як маланка пераляціць па свеце!.."
     Беларусь віравала, як устрывожаны вулей. Сяляне згуртоўваліся ў атрады, палілі панскія маёнткі, нападалі на салдат. Але сілы былі няроўныя: навалілася вялікае царскае войска, і паўстанне захлынулася ў крыві. Тысячы людзей саслалі ў Сібір, на катаргу, многіх расстралялі ці павесілі.
     Кастусь Каліноўскі нейкі час хаваўся ў Вільні, у Святаянскіх мурах, пад чужым прозвішчам. Здраднік назваў дакладны адрас, і яго схапілі, кінулі ў цямніцу, за краты. Ні жорсткія допыты, ні ўгаворы-абяцанні не зламалі волі Каліноўскага: ён не стаў на калені перад катамі, не выдаў сваіх паплечнікаў. Да мілай сэрцу Беларусі, да сучаснікаў і будучых пакаленняў звяртаўся ён, дваццацішасцігадовы, у развітальным "Пісьме з-пад шыбеніцы":

     Бывай здаровы, мужыцкі народзе.
     Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.
     I часам спамяні пра Яську свайго,
     Што загінуў за праўду для дабра твайго.


     Мы не можам прынесці кветак на магілу Кастуся Каліноўскага, бо не ведаем, дзе яна. Але свята ўшаноўваем памяць героя. Імем яго названы калгасы, вуліцы, школы. I як запавет нам, яго нашчадкам, гучаць бессмяротныя словы пароля:

     — Каго любіш?
     — Люблю Беларусь!
     — То ўзаемна!..


     Я - беларус маленькі
     Мікола Маляўка
     
     Я - беларус маленькі.
     Дарос ужо да школы,
     Як і бацькі, сумленны,
     Руплівы і вясёлы.
     Я - беларус маленькі
     Я блакімнымі вачыма.
     Хачу і я, каб лепей
     Жыла мая Радзіма.
     Я - беларус маленькі,
     Люблю блакіт і сонца.
     З Радзімай пасталею,
     Радзімы - абаронца.
     Я - беларус маленькі,
     Адкрыты ўсім трывогам,
     Ды стану на калені
     Я толькі перад Богам.