Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Усяслаў Чарадзей

     У краі блакітных азёр, паміж дзвюма рэчкамі — Дзвіной і Палатой, на высокім пагорку вырас горад Полацк. Пагалоска аб ім хадзіла па ўсім белым свеце. Прыязджалі сюды гандляры з Візантыі, Кіева, Ноўгарада і Балтыі, прыходзілі асілкі-ваяры, каб папоўніць дружыну полацкага князя.
     Правіў жа ў Полацку князь Усяслаў Брачыславіч. I не было ў адзінаццатым стагоддзі князя, мацнейшага за яго. Слава Усяслава сягала далёкіх краёў. Разляталіся чуткі, што князь — чараўнік, пярэварацень-ваўкалак і апякаюць яго старадаўнія багі Мокаш, Пярун, Леля ды Вялес.
     Калі памёр бацька Усяслава — вялікі полацкі князь Брачыслаў, пачаў малады княжыч дружыну збіраць. Народная быліна апавядае, што згуртаваў ён аж сем тысяч ваяроў. I ўсе маладыя, ды і самому княжычу было тады пятнаццаць гадоў. Мацаваў Усяслаў горад, а з ім і ўсю Полацкую зямлю. Пабудаваў у Полацку новы вялікі замак, абнёс яго высокай драўлянай сцяною ды глыбокімі равамі. Не пераскочыць, не пералезці. У самім жа замку белакаменнае дзіва паўстала — царква ў імя Святой Сафіі, альбо Мудрасці Божай. Вышэй нябёс узносіліся галовы-макаўкі незвычайнага храма. Будавалі яго палачане разам з візантыйскімі майстрамі-дойлідамі.
     Гарачыя вятры з поўдня ды ледзяныя з поўначы наганялі хмары на блакітныя нябёсы Полацкай дзяржавы. Вымаў тады Усяслаў з похваў меч свайго прадзеда Рагвалода, клікаў валадарскую дружыну. Так было, калі тры кіеўскія князі, браты Яраславічы, сабралі войска вялікае і рушылі паходам на палачан. Падышлі і да Менска. Зямля наўкола дымела — гарэлі вёскі, падпаленыя Яраславічамі. Жыхары Менска адмовіліся адчыніць гарадскую браму. За тое і смерць прынялі мужчыны, а жонкі з дзецьмі ў палон трапілі.
     Рушылі тры браты з нарабаваньм дабром далей. "Заваюем, — гразіліся, — усю зямлю Усяслававу". А тым часам Усяслаў кінуўся ім напярэймы. У сакавіку 1067 года сустрэліся дзве дружыны на рацэ Нямізе.

     На Нямізе галовы сцелюць снапамі,
     Харалужнымі малоцяць цапамі,
     Жыццё кладуць на таку злюцела,
     Веюць душу ад цела...


     Шмат загінула ў той бітве ваяроў, але наступ варожы спынілі. Браты Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, падманам схапілі яго і пасадзілі ў турму разам з сынамі. Болей года пакутаваў у няволі Усяслаў. А за гэты час кіяўляне прагналі свайго князя, вызвалілі з турмы Усяслава і абралі яго вялікім князем кіеўскім.
     Мудра княжыў Усяслаў Брачыслававіч, адбіваў напады качэўнікаў-стэпавікоў. А самога вельмі на радзіму цягнула. I не вытрываў ён, вярнуўся ў свой любы Полацк. То ваўком, бывала, абернецца, то турам, то сокалам. Абягаў ды аблятаў межы сваёй дзяржавы, даглядаючы і ахоўваючы яе ад чужынцаў. За што і празвалі яго Чарадзеем. Было ў князя шэсць сыноў. Напрыканцы жыцця прызначыў Усяслаў кожнаму з іх сядзець у сваім горадзе. Запавет даў, каб жылі ў любові і прыязнасці адзін да аднаго, каб разам мацавалі і баранілі сваю зямлю, свой народ.
     Пражыў Усяслаў Чарадзей больш за семдзесят гадоў. Пры яго жыцці першая беларуская дзяржава — Полацкая зямля — дасягнула найвышэйшай велічы і магутнасці, уславілася паміж іншымі дзяржавамі. А нам, сваім нашчадкам, пакінуў Усяслаў у спадчыну любоў да Бацькаўшчыны і волі.