Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Князёўна з трыма іменамі

     Апрача чалавека, ніхто з жывых істот не цікавіцца сваім паходжаннем, сваімі каранямі, справамі сваіх продкаў. Шмат што забылася на свеце, а сумны лёс князёўны Рагнеды застаўся ў народнай памяці, жыве ў паданнях. Вось адно з іх, пачутае мной у дзяцінстве ад бабулі.
     Даўным-даўно ў полацкага князя Рагвалода нарадзілася дачка, якую назвалі Рагнедай. Калі князёўне споўнілася чатырнаццаць гадоў, пасваталіся да яе два браты — кіеўскі князь Яраполк і ноўгарадскі князь Уладзімір. Браты паміж сабой варагавалі. Малодшы Уладзімір не хацеў падначальвацца старэйшаму — Яраполку.
     Наспявала вайна. Браты разлічвалі, што князь Рагвалод дапаможа сваім войскам таму з іх, хто стане мужам ягонай дачкі. Рагнедзе спадабаўся Яраполк. Уладзіміру яна са згоды бацькі адмовіла. Сваты раз'ехаліся: адны з сумнай весткай у Ноўгарад, другія з радаснай весткай у Кіеў. Было гэта зімой 980 года. Рагнеда чакала лета, калі да яе, па звычаях таго часу, павінен быў прыехаць жаніх. Ды лёс вырашыў іначай. Уладзімір сабраў вялікае войска і, яктолькі сышоў снег, нечакана напаў на Полацк. Месяц цягнулася асада горада. Палачане мужна абараняліся, ноўгарадскае войска ўсё ж перамагло. Захопнікі ўварваліся ў Полацк, пачалі рабаваць двары, падпальваць хаты. Параненага князя Рагвалода, яго жонку і двух сыноў забілі. А Рагнеду Уладзімір сілай прымусіў стаць сваёй жонкай.
     Пасля гэтага Уладзімір з войскам рушыў на Кіеў. Ён перамог у бітве брата Яраполка, загадаў забіць яго, а сам стаў князем кіеўскім. Там, у Кіеве, святкаваў ён свой шлюб з Рагнедай. Па старадаўняму звычаю, жанчына, калі выходзіла замуж, мяняла імя. Рагнеда назвалася Гарыславай, каб імя гэта напамінала аб тым, што згарэла слава Полацка. Пасялілі Гарыславу ў вёсачцы паблізу Кіева. Тут у яе нарадзіліся тры сыны і дзве дачкі. Але памяць пра бацьку, маці, братоў не давала спакою. I Рагнеда вырашыла адпомсціць за родных. Аднае начы падышла да ложка, дзе спаў Уладзімір, і ўдарыла яго нажом. Цэліла ў сэрца, ды прамахнулася. Князь ускочыў, схапіўся за меч і ў лютасці хацеў засекчы Рагнеду. На шум выбег са свайго пакоя старэйшы сын Ізяслаў. Ён засланіў маці і сказаў:"Бацька, раней забі мяне!" Князь астыў, а назаўтра абвясціў: малодшых дзяцей Рагнеда не ўбачыць ніколі, а са старэйшым паедзе пад Мінск, у невялікую крэпасць, якую ён даруе Ізяславу. Адсюль і пайшла назва горада — Заслаўе. Тады гэта быў глухі кут пасярод адвечнай пушчы, непраходных балот. Рагнеда і Ізяслаў пражылі тут год. Уладзімір тым часам прыняў хрысціянства і распачаў хрышчэнне ва ўсіх гарадах. Пасланае ім войска прыйшло і ў Заслаўе. У Рагнеды аднялі сына, павезлі ў Полацк, а яе сілай пастрыглі ў манашкі і пад імем Анастасіі зачынілі ў цеснай келлі. Цэлых дванаццаць гадоў пакутавала былая князёўна ў няволі. Нарэшце Ізяслаў, які ўжо быў князем полацкім, захацеў вызваліць маці. I раптам, амаль у адзін дзень, Рагнеда памірае ў Заслаўі, а Ізяслаў — у Полацку. Дзевяць стагоддзяў хвалюе людзей загадка гэтай адначаснай смерці маці і сына. Магчыма, абодва сталі ахвярамі змовы, атрымалі з кубкам пітва смяротную атруту...
     Сёння ўсе, хто наведвае старадаўняе Заслаўе, прыходзяць да кургана Рагнеды, каб аддаць пашану памяці полацкай князёўне-пакутніцы, якая пражыла за свой кароткі век тры жыцці пад трыма імёнамі.