Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Дзяды

     У ночку цёмную i ціхую зляцела зорка з нябёсаў. I растала. Чалавек на зямлі памёр. Птахам трапяткім душа яго ўзнялася над светам. Заплакала радзіна і запаліла агеньчыкі памінальныя — яскаркі той зоркі-знічкі, што згасла прадвесніцаю смерці людской. I вырас на планеце першы грудок жалобны — магілка самотная. I вымкнулі над пагоркам-помнікам травы густыя і дрэвы гаманкія, да якіх злятаюцца лёгкія птушкі. Кажуць спрадвеку, што душа гэта.вяртаецца да кутка, дзе спіць чалавечае цела. Кажуць, памяць тут жывая гняздуе: як прыслухаешся да шэпту лістоты — гісторыю роду пачуеш. Кажуць, знічка вандруе між зямлёй і небам, нібы птахам-душам шлях паказвае, калі паміраюць і нараджаюцца людзі.
     З той далёкай ночкі, калі зорка ўпершыню знікла і птушкі панеслі першую душу ў сусвет, людзі пачалі сустрэчы ладзіць са сваімі нябожчыкамі — родзічамі ды сябрамі. На радзіме нашай гэтыя сустрэчы і ўвесну, і ўлетку, і ўзімку, і ўвосень бываюць. Дзядамі гэтыя дні памяці завуць, бо ўсе нябожчыкі таксама маюць найменне Дзядоў. Можа, таму, што яны мудрэйшыя за жывых на той дарозе сусветнай. А можа, таму, што раней яны тут жылі, чымся мы, старэйшыя за нас.
     Так, яны мудрыя і памятлівыя, Дзяды святыя. Прылятаюць дахаты заўжды, калі паклічуць іх сваякі. I сустракаюць нас на могілках, калі мы гасцюем у памяці зямной.
     Слухайма іхнюю гаворку ціхуткую. Восень лісцем не шапатне. Сонца ў сон пакацілася. Дзяды Змітраўскія настаюць. Памінанне пачынаецца. З раніцы маці аладак напякла і ўсім за сталом раздала. Бацька Дзядоў паклікаў частавацца. I малітву задумна прамовіў. З покуці абразы пазіраюць урачыста. Хата-святліца прыбрана чыста. Белыя фіранкі на вокнах. Белы абрус на стале. У бялюткіх кашулях радзіна. Звечара ў лазні памыліся ўсе — і дзятва, і старыя. I пагукалі Дзядоў таксама папарыцца ўслодыч. Гэтак адвеку рабілі. I памяць не згасла.
     Сёння Дзяды. На акне прывітальна белы ручнік расхінупа маці. Быццам дарогу дамоў для Дзядоў разаслала. Конаўку побач з вадзіцай паставіла — рукі памыць, мыла кавалак пахуткі паклала. Прыходзьце, ляціце! Насцеж і дзверы, і вокны расчынены — душам насустрач. Розных прысмакаў на стале багата. I каўбаса, і вяндлінка, і рыба, і верашчака з блінцамі.
     Але вячэру дзядоўскую з куцці пачынаюць. Кожнаму трэба куцці зачарпнуць на памін свайго роду, што караніўся і жыў на зямельцы сумленна. Тут і Дзяды прычасцяцца да страў сямейных. Посуд паставілі ім — як гасцям найпачэсным.
     Ціша над светам. Дзяды прыляцелі, як зоркі, селі за стол і чакаюць вячэры. Мы іх не бачым. Ды адчуваем: тут яны, побач, за нашым сталом. Свечку запальвае бацька. Дзядоў запрашае разам з радзінаю зладзіць спатканне-ўспамінне.
     Потым ужо распачнецца гамонка-бяседа. Будуць узгадваць продкаў сваіх— і нядаўніх, і дужа далёкіх. I галасы ўваскрэснуць. I вочы здалёку ўгледзяцца ў нашы дні з прыхаванай журбою.
     А толькі расстанне падступіць і страпянецца, як сэрца, стамлёная свечка — птахамі душы над хатай пакружаць, пакружаць і паляцяць туды, дзе ўспыхваюць зоркі. Маці вады зачарпне малітоўна ў кубак, хлеб на ручнік пакладзе беражліва. Выйдзе ўслед за Дзядамі і сумна прамовіць: "З Богам ідзіце, Дзяды! Да наступнай сустрэчы". Перажагнаецца тройчы і ў небе таемным зорку журботную знойдзе вачыма. Быццам папросіць у Бога памяці вечнай, жыцця на зямлі і спагады.
     Зоркі маргнуць. Зашчабеча світальная птушка. Будзе зямелька спакойна дзяцей сваіх гушкаць.

     "На Беларусі Бог жыве"
     Уладзімір Караткевіч
     
     "На Беларусі Бог жыве", -
     Так кажа мой просты народ.
     Тую праўду сцвярджае раса ў траве
     І адвечны зор карагод.
     Тую праўду сцвярджае
     Упартасць хваль,
     І прадкаў запавет,
     І мовы залатыя сталь,
     І нашых дум сусвет.
     Тую праўду сцвярджае
     Ўвсе зноў і зноў
     Усім лёсам, -
     Няхай спакваля, -
     У хмарах дубоў,
     У вясёлках агнёў
     Купальская наша Зямля.
     І нахай давядзе мне
     Іншая кроў,
     Што брату,
     Як сабачы сын, -
     А няма нідзе
     Вярнейшых сяброў
     І прыгажэйшых жанчын.
     Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
     Гэты край -
     Твой дом і сабор...
     У нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,
     Адзінаццаць тысяч азёр.
     Нам ёсць што піць,
     З падмосткаў ліць,
     Чым палі свае акрапіць,
     А як давядзе, то ёсць нам дзе
     І ворага ўтапіць.
     І тая памяць жыве не ў царкве,
     А ў кожнай жыве галаве:
     "На Беларусі Бог жыве..." -
     І хай сабе жыве.
     А калі ён шле на нас кару і гнеў, -
     Ну что ж, - мы з ім свае:
     У вяршыні самых гонкіх дрэў
     Маланка з неба б'е.
     У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў
     Маланка ніколі не б'е.
     І пра тое кожны пяе салавей
     Росным кветкам у роднай траве:
     "На Беларусі Бог жыве", -
     І няхай давеку жыве.