Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Раннякласавыя цывілізацыі старажытнага усходу бронзавага веку

     Прыкладна ў 5-4-м тысячагоддзях да н. э. пачаўся распад першабытнага грамадства. На змену яму прыйшлі раннякласавыя цывілізацыі бронзавага веку з эпіцэнтрамі ў Егіпце, Шумеры, Месапатаміі, Хетскім царстве, Індыі і Кітаі, крыта-мікенская культура ў Еўропе, майкопская культура на Каўказе, мільерская культура на Пірэнеях.
     З развіццём плужнага земляробства, спецыялізаванай жывёлагадоўлі, выкарыстання металаў ва ўмовах узросшай колькасці войнаў главой сям'і канчаткова становіцца мужчына. Адлік радства ўжо вядзецца па мужчынскай лініі, а становішча жанчыны ў патрыярхальнай сям'і прыніжаецца. Для жанчын аднашлюбнасць становіцца абавязковай, а мужчыне дазваляецца палігамія, мнагажэнства. Дзякуючы замацаванню ў грамадстве прыватнай уласнасці паступова адбываецца адмена ўраўняльнага прынцыпу размеркавання ў абшчыне. Правадыр атрымоўвае больш, а просты воін менш. Сям'я не падзяляе лішкі паміж членамі абшчыны, а накоплівае і перадае іх па мужчынскай лініі. Такім чынам, прыватная ўласнасць стымулюе павышэнне прадукцыйнасці працы. Аднак дробная прыватная ўласнасць дапаўняецца агульнай абшчыннай на фонды насення, пашы для выпасу жывёлы. Адбываецца маёмасная дыферэнцыяцыя ўнутры самой абшчыны. Родавая арыстакратыя, служыцелі культу, военачальнікі замацавалі за сабой лепшыя землі і статкі, а дробныя прыватныя ўласнікі - маёмасць, якая была ў іх асабістым карыстанні. У гэты перыяд фарміруюцца класы эксплуататараў (жрацы, правіцелі, воіны) і эксплуатуемых: 1) дробныя уласнікі, якія плацяць падаткі і даніну; 2) рабы, якія складаюцца з ваеннапалонных і людзей, не здолеўшых аддаць пазыкі, зрабіўшых злачынства.
     Неабходна памятаць, што рабаўладанне не было яшчэ эканамічнай асновай, галоўнай адзнакай раннякласавых цывілізацый эпохі бронзы, як яно было пазней у старажытнай Грэцыі і Рыме. У бронзавым веку асноўная маса прыбавачнага прадукту, які прысвойвала дзяржава і эксплуататарскія класы, стваралася працай сялян-абшчыннікаў і рамеснікаў, залежных дзяржаўных і храмавых работнікаў. Развіццё рэгулярнага тавараабмену патрабавала пошуку эквіваленту каштоўнасці тавару. Мерай кошту становяцца металічныя грошы, залатыя і срэбраныя. Узнікненне грашовага абарачэння - гэта другая якасная змена, што характарызуе раннякласавую цывілізацыю. У той час вылучаюцца шляхі таварных патокаў паміж краінамі і складаецца ўстойлівы рынак гандлю рабамі. Адбылася дыферэнцыяцыя відаў дзейнасці людзей, з'явіліся новыя прафесіі: птушнікі, агароднікі, садоўнікі і пекары, меднікі і півавары, плотнікі і сталяры, будаўнікі суднаў і розных памяшканняў (храмаў і палацаў), цырульнікі і рэвізоры, ювеліры і каменацёсы. Новыя эканамічна-сацыяльныя адносіны, якія былі заснаваны на прыватнай уласнасці і маёмаснай няроўнасці, цяжка было рэгуляваць інстытутамі толькі абшчыннага самакіравання і нормамі маралі. Таму пачынае складвацца спецыялізаваны апарат дзяржавы, які выконвае наступныя функцыі: 1) абароны ад знешніх ворагаў; 2) унутранага рэгулявання; 3) падтрымкі нормаў права; 4) рэгулявання грашовага абарачэння (чаканка манет); 5) рэгулявання будаўніцтва ірыгацыйных сістэм, палацаў і храмаў. Правіцелі, фараоны, суддзі, ваеначальнікі і ахоўнікі - гэта групы людзей, якія сталі займацца выкананнем дзяржаўных функцый на прафесійным узроўні. У духоўнай сферы адбылася другая інфармацыйная рэвалюцыя - узнікненне пісьменнасці (першай было ўзнікненне мовы). Хутка развіваюцца віды мастацтваў: ад скульптуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Узніклі школы для падрыхтоўкі спецыялістаў: астролагаў, пісараў, лічыльнікаў, гісторыкаў, летапісцаў, мастакоў і скульптараў, архітэктараў і г. д. Такім чынам, у раннякласавай цывілізацыі бронзавага веку чалавек упершыню скінуў аковы абшчыннай ураўнілаўкі. Веды і навыкі, узмацненне зносін і абмен таварамі сталі базай для поспеху і накаплення багацця. Чалавек стаў актыўнай асобай. Аднак прагрэс ішоў у грубых формах: за кошт закабалення іншых людзей у абшчыне, за кошт прымусу рабоў да працы. У цэнтрах лакальных цывілізацый бронзавага веку (Егіпце, Месапатаміі, Кітаі і Індыі) рэзка павялічылася шчыльнасць і колькасць насельніцтва. Сфарміраваліся гарады як адміністрацыйныя цэнтры дзяржаў. Гэтая з'ява атрымала назву гарадской рэвалюцыі. Скапленне ў буйных гарадах, напрыклад, у Махенджо-Даро ў Індыі, да 100 тыс. чалавек, было імпульсам для развіцця будаўніцтва, мастацтва і навукі. З'явіліся сонечны і месячны календары, вадзяныя і сонечныя гадзіннікі.