Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Аднаўленне гаспадаркі БССР у першыя пасляваенныя гады. Узмацненне ідэалагічнага ўціску I рэпрэсіўнай палітыкі сталінскага рэжыму

     Вайна нанесла Беларусі вялізныя людскія і матэрыяльныя страты. Патрабаваліся вялікія намаганні ўсяго народа, каб падняць з руін рэспубліку. Асаблівасцю гэтага перыяду з'яўляецца ўзаемадапамога і аб'яднанне рэсурсаў усіх савецкіх рэспублік. Аднаўленне народнай гаспадаркі ў БССР меркавалася завяршыць на працягу чацвёртага пяцігадовага плана (1946-1950). Акцэнт быў зроблены на паскоранае аднаўленне энергетыкі і развіццё машынабудавання, стварэнне такіх галін прамысловасці, якіх раней на Беларусі не існавала: аўтамабіле- і трактарабудаванне і інш. Быў пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), першыя аўтамабілі-самазвалы былі выпушчаны ў 1947 г. Трактарны завод пачаў будавацца ў 1946 г., першыя трактары «Беларусь» сышлі з канвеера ў 1953 г. У будаўніцтве гэтых гігантаў прымала ўдзел уся краіна. Але перакос у бок вырабу сродкаў вытворчасці прывёў да таго, што ў заняпадзе засталіся традыцыйныя для Беларусі лёгкая, харчовая галіны, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў. У першай палове 50-х гг. у Мінску было завершана будаўніцтва і ўступілі ў строй падшыпнікавы, гадзіннікавы, радыятарны заводы, адзін з буйнейшых у Еўропе камвольны камбінат. За пятую пяцігодку (1951-1955) было пабудавана 150 буйных прадпрыемстваў.
     Цяжкім заставалася становішча ў сельскай гаспадарцы, і не толькі з прычыны велізарных страт падчас вайны. Пасляваенная індустрыялізацыя БССР вялася шмат ў чым за кошт сельскай гаспадаркі. Адбылося вяртанне да калгаснай сістэмы. У 1948-1949 гг. праводзілася суцэльная калектывізацыя ў заходніх абласцях Беларусі. Вытворчасць сельскай гаспадаркі стрымлівалася наяўнасцю жорсткай падатковай сістэмы. Зверху загадвалі, што, дзе і як сеяць, колькі мець жывёлы. Дасягнуць даваеннага ўзроўню па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў чацвёртую пяцігодку не ўдалося. Са зменай кіраўніцтва СССР (Сталін памёр 5 сакавіка 1953 г.) рабіліся захады па паляпшэнні сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. У верасні 1953 г. адбыўся Пленум ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы. Былі павялічаны закупачныя цэны і вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі, спісана запазычанасць з калгасаў, заменена сістэма падаткаабкладання, што мела станоўчыя вынікі. Такім чынам, ужо да 1950 г. была адноўлена (амаль дасягнула даваеннага ўзроўню) народная гаспадарка рэспублікі, што стала фактычна працоўным подзвігам беларускага народа. Але сельская гаспадарка перажывала крызіс, што было звязана ў першую чаргу з ваеннымі разбурэннямі, захаваннем адзінай калгаснай сістэмы гаспадарання і працягам палітыкі пераразмеркавання сродкаў з сельскай гаспадаркі ў прамысловасць.
     Грамадска-палітычнае жыццё характарызавалася наступнымі асаблівасцямі: 1. Партыя была не столькі палітычнай, колькі дзяржаўнай арганізацыяй, якая ажыццяўляла функцыі заканадаўчай і выканаўчай улады праз выбары сваіх прадстаўнікоў у Саветы. 2. Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) захоўвала сваю ўладу дзякуючы таму, што ўзяла на сябе функцыю падбору і расстаноўкі кадраў у партыйных органах, саветах і ва ўсіх грамадскіх арганізацыях. 3. Выбары павінны былі прадэманстраваць паслухмянасць мас, іх поўную згоду з палітыкай Камуністычнай партыі Савецкай дзяржавы. Першыя пасляваенныя выбары ў Вярхоўны Савет БССР адбыліся ў 1947 г., а ў мясцовыя Саветы - у 1948 г. 4. У пасляваенны час асаблівую ўвагу кіруючыя колы Беларусі надавалі заходнім абласцям. У гэтым краі ў больш сціслы тэрмін патрэбна было зрабіць тое, што ва ўсходніх раёнах рабілася больш за 20 гадоў. Працэс пераўтварэнняў у заходніх абласцях Беларусі атрымаў назву саветызацыі. 5. Цяжкімі былі бытавыя ўмовы. Тысячы сем'яў засталіся без жылля, быў знішчаны гарадскі транспарт, не хапала тавараў першай неабходнасці. Да 1947 г. існавалі карткі на харчовыя і прамысловыя тавары. Назіраўся рост крымінальнай злачыннасці.
     Адраджэнне культурнага жыцця на Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны адбывалася таксама ў надзвычай складаных умовах. Па-першае, за гады вайны амаль поўнасцю была знішчана матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі, адукацыі і культуры. Трэба было рамантаваць і будаваць нанава школы, наладжваць выпуск школьнага абсталявання, падручнікаў, вырашаць праблемы настаўніцкіх кадраў. А час не чакаў, таму што дзеці, якія не атрымалі адукацыю, адпаведную свайму ўзросту, станавіліся пераросткамі. Таму вучоба не адкладвалася ні на адзін дзень, а заняткі праводзіліся і ў зямлянках, і на адкрытых пляцоўках. У школах вучыліся чытаць па старых газетах, іх жа выкарыстоўвалі ў якасці сшыткаў, крэйдай з'яўляўся звычайны вугаль, а чарніла выраблялася з сажы. Да 1950 г. колькасць вучняў была меншай, чым у перадваенны перыяд, што з'явілася вынікам вялікіх страт насельніцтва рэспублікі ў гады вайны.
     На аднаўленне ўстаноў адукацыі кіраўніцтва Савецкага Саюза і БССР выдзяляла вялікія сродкі. Міністэрства асветы РСФСР даслала беларускім школам каля 10 млн падручнікаў, сшыткі, абсталяванне. З дапамогай вышэйшых навучальных устаноў Масквы каля станцыі Сходня з восені 1943 г. аднавіў сваю дзейнасць БДУ. У 1944—1945 гг. вышэйшыя навучальныя ўстановы вяртаюцца на радзіму. Аднаўляліся матэрыяльна-тэхнічная база навукі і культуры, выпуск газет, часопісаў. Разам з тым у другой палове 40-х - пачатку 50-х гг. развіццё навукі і культуры сутыкнулася з жорсткім ідэалагічным прэсам. Так, у біялогіі пачалі чарговы наступ прыхільнікі Т. Лысенкі. На Беларусі ім супрацьстаяла школа генетыкаў, якую ўзначальваў А. Жэбрак, у 1948 г. улады разграмілі яго лабараторыю.
     Адбыліся новыя арышты сярод творчай інтэлігенцыі па палітычных матывах. Так, паэт і празаік У. Дубоўка першы раз быў арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў па справе Саюза вызвалення Беларусі у 1930 г., у 1937 г. зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, а ў 1949 г. сасланы ў Краснаярскі край. Цяжкасці ГУЛАГа пазнаў вядомы вучоныгісторык М. Улашчык. Ен быў арыштаваны ў 1930 г. на пяць год, у 1941 г. - на пяць год, у 1951 г. - на восем год. Толькі ў 1960 г. была адноўлена справядлівасць у адносінах да М. Улашчыка. Для кантролю над культурным жыццём Беларусі на пачатку 1947 г. у ЦК КП(б)Б быў утвораны аддзел культуры. Літаратура таксама існавала пад пэўным ідэалагічным уціскам, маглі выходзіць толькі творы, якія не пярэчылі камандна-бюракратычнай таталітарнай сістэме, якая склалася ў гэты час. У 1946 г. першым з беларускіх пісьменнікаў Сталінскай прэміі быў удастоены А. Куляшоў за паэму «Сцяг брыгады». У выяўленчым мастацтве асноўным жанрам быў героіка-патрыятычны (напрыклад, карціны Я. Зайцава «Парад беларускіх партызан у 1944 годзе ў Мінску», «Канстанцін Заслонаў»). Такім чынам, у першыя пасляваенныя гады грамадска-палітычнае і культурнае жыццё праходзіла ў надта складаных, супярэчлівых умовах. Пад партыйным кантролем знаходзілася жыццё народа, яго думкі і погляды.
     Разам з тым, народ у большасці не адчуваў сябе прыгнечаным, ганарыўся прыналежнасцю да справы будаўніцтва новага грамадства. Народу заўсёды ўласціва надзея на лепшую будучыню.