Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Пачатак Вялікай айчыннай вайны i акупацыя Беларусі. Планы фашыстаў "Ост" i "Барбароса". Нямецкі акупацыйны рэжым, беларуская калабарацыя

     З лета 1940 г. германскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва пачало падрыхтоўку да вайны супраць СССР. 22 чэрвеня 1940 г., у дзень падпісання акта аб капітуляцыі Францыі, Гітлер аддаў загад аб распрацоўцы плана нападзення на СССР. План «Барбароса» - гэта план маланкавай вайны і разгрому за 3-4 месяцы Савецкага Саюза, ён быў зацверджаны ў снежні 1940 г. У маі 1941 г. быў прыняты план «Ост» - разгорнутая праграма знішчэння і каланізацыі народаў Савецкага Саюза. Першапачаткова прадугледжвалася фізічнае знішчэнне 31 млн, потым яшчэ 46-51 млн чалавек. Па плану «Ост» 100%-му знішчэнню падлягалі яўрэі і цыганы, палякі - на 80-85%, літоўцы, латышы, эстонцы - на 50%, а беларусы - на 75%. Землі Польшчы, Прыбалтыкі, Ленінградскай і Пскоўскай абласцей, Крым і Херсонскую вобласць чакала германізацыя.
     Гітлераўскія войскі ўварваліся 22 чэрвеня 1941 г. у межы Савецкага Саюза. Дзякуючы падрабязнай інфармацыі, сабранай на тэрыторыі рэспублікі з дапамогай агентурнай сеткі, вораг наносіў дакладныя ўдары па аэрадромах, скапленнях ваеннай тэхнікі. Часці Чырвонай Арміі неслі велізарныя страты. Удар групы армій «Цэнтр» прынялі на сябе арміі Заходняй асобай ваеннай акругі. Насмерць стаялі на сваіх рубяжах пагранічнікі. За тыдзень баёў байцы пагранічнай заставы лейтэнанта А. Кіжаватава, што знаходзіліся ў заходняй частцы Брэсцкай крэпасці, знішчылі каля батальёна гітлераўцаў. А. Кіжаватаў загінуў як герой. Сем атак, адна за другой, адбіла застава пагранатрада на чале з лейтэнантам В. Усавым. Лейтэнанта пяць разоў паранілі, але ён працягваў кіраваць боем. Лейтэнант В. Усаў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Гераічна трымаліся абаронцы Брэсцкай крэпасці. Штаб абароны ўзначалілі капітан I. Зубачоў і палкавы камісар Я. Фамін. Ім давялося абараняць цэнтральную частку крэпасці. Абаронай Усходняга форту кіраваў маёр П. Гаўрылаў. Толькі нешматлікім абаронцам удалося вырвацца з крэпасці і прадоўжыць барацьбу з фашыстамі. Большасць з іх пазней падвергліся сталінскім рэпрэсіям.
     Нягледзячы на ўпартае супраціўленне, савецкім войскам не ўдалося ўтрымаць Мінск. Стойка трымалі абарону 64-я, 100-я, 108-я стралковыя дывізіі. Але гераізм воінаў не мог кампенсаваць адсутнасці рэзерваў і прадуманай сістэмы абароны. Сілы былі няроўныя, і 28 чэрвеня нямецкія танкі, прарваўшы абарону, уварваліся ў Мінск. У акружэнні праціўніка апынуліся 11 баяздольных злучэнняў. Гэта пазбавіла магчымасці стрымліваць націск праціўніка ў цэнтральнай частцы Беларусі. Адыходзячы на ўсход, часці Чырвонай Арміі працягвалі весці цяжкія абарончыя баі. У пачатку ліпеня арганізуецца лінія абароны па Заходняй Дзвіне і Дняпры. Упартае супраціўленне ворагу было аказана пад Оршай, дзе 14 ліпеня ўпершыню ўступіла ў бой батарэя рэактыўных мінамётаў (камандзір - капітан I. Флёраў). Каля тыдня цягнуліся баі за Віцебск. Савецкія войскі стрымлівалі націск танкавай групы ў раёне Магілёва 23 дні. Болыл месяца ішлі баі за Гомель. Толькі 19 жніўня цаной вялікіх страт гітлераўцам удалося захапіць горад.
     У канцы жніўня была акупіравана ўся тэрыторыя Беларусі. Адказнасць за гэта нясуць перш за ўсё Сталін і яго бліжэйшае акружэнне. Але віну несправядліва ўсклалі на кіраўніцтва Заходнім фронтам. Яго камандуючы Дз. Паўлаў і некаторыя іншыя военачальнікі былі асуджаны і расстраляны. Разам з тым двухмесячныя абарончыя баі не дазволілі праціўніку рэалізаваць план «маланкавай вайны». На прычыны няўдач СССР у пачатковы перыяд вайны існуюць розныя погляды. Іх можна ўмоўна падзяліць на два падыходы: традыцыйны і новы. Прыхільнікамі традыцыйнага погляду называюцца наступныя асноўныя прычыны: 1. Да пачатку вайны праціўнік меў колькасную і якасную перавагу ў жывой сіле, артылерыі, разведвальнай інфармацыі. 2. На Германію працавала болыпасць краін Заходняй Еўропы, і ў яе была перавага ў матэрыяльных сродках вядзення вайны. 3. Нямецкая армія была добра падрыхтаваная, поўнасцю ўкамплектаваная і аснашчаная навейшая тэхнікай, мела вопыт сучаснай вайны. 4. Сталін ігнараваў верагоднасць нападу фашысцкай Германіі на СССР. У данясеннях савецкіх разведчыкаў, што паступалі ў Маскву, называлі тэрміны ўварвання, аднак Сталін не прымаў іх да увагі і разглядаў як правакацыйныя. Ён верыў свайму партнёру па дагаворы аб дружбе і граніцы. 5. Савецкія войскі не былі прыведзены ў баявую гатоўнасць. 6. Савецкія ваенныя сілы былі расцягнуты ўздоўж фронта і ў глыбіню, а нямецкія, зжатыя ў тры ўдарныя кулакі, значна пераважалі на галоўных напрамках. 7. Узброеныя сілы, у тым ліку і тая іх частка, якая дыслакавалася ў БССР, былі вельмі аслаблены масавымі рэпрэсіямі. Чырвоная Армія страціла каля 45 тысяч вопытных камандзіраў. У выніку рэпрэсій на пачатак вайны амаль 75% камандзіраў палкоў і дывізій займалі свае пасады менш за год.
     Прыхільнікі другога, адносна новага па часе ўзнікнення, падыходу, не ігнаруючы ўжо прыведзеныя фактары, лічаць іх другараднымі. Асноўныя ж прычыны нападу Германіі і няўдач СССР яны бачаць у іншым. На іх думку, I. Сталін рыхтаваў паход на Германію, так званую аперацыю «Гроза», прызначаную на 6 ліпеня 1941 г. Мэтай яе было ўстанаўленне савецкага кантролю за ўсёй тэрыторыяй Еўропы. Летам 1941 г. Савецкі Саюз знаходзіўся на апошняй стадыі падрыхтоўкі перад нанясеннем ваеннага ўдару. Усе танкавыя, авіяцыйныя, агнявыя сродкі, штабы былі выдзвінуты непасрэдна да граніцы. Таму ў СССР не было плана абароны на сваёй тэрыторыі. Германія, кіраўніцтву якой стала вядома цра планы I. Сталіна, нягледзячы на тое, што ўжо вяла вайну на захадзе, была вымушана пачаць так званую «маланкавую» вайну супраць СССР на апярэджанне. 22 чэрвеня 1941 г. налёты германскай авіацыі на савецкія аэрадромы, на скапленні танкаў і другой тэхнікі, іх знішчэнне зрабілі Чырвоную Армію аслабленай, некіруемай, безабароннай з паветра ў першы перыяд вайны. Да канца жніўня 1941 г. войскі «вермахта» занялі тэрыторыю БССР.
     На акупіраванай тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі ўводзілі «новы парадак» — дзяржаўную сістэму мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага ладу, эксплуатацыю нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, прыгнячэнне і знішчэнне людзей. Беларусь была падзелена на часткі. Намеснікам Гітлера на Беларусі стаў гаўляйтэр Вільгельм Кубэ, а пасля яго забойства падпольшчыкамі - фон Готберг. Пры фарміраванні акупацыйнай адміністрацыі і паліцэйскіх падраздзяленняў немцы дазвалялі прыхільнікам беларускага нацыянальнага руху ўжываць нацыянальную сімволіку, ствараць беларускія школы, асветніцкія ўстановы, выдаваць газеты. Пазней акупанты пайшлі нават на арганізацыю органаў кіравання, у тым ліку Беларускай цэнтральнай рады, Беларускай краёвай абароны. Ва ўмовах акупацыйнага рэжыму і пад уплывам некаторых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху невялікая колькасць жыхароў рэспублікі перайшла да супрацоўніцтва (калабарацыянізму) з нямецкімі адміністрацыйнымі структурамі.
     Эканоміка на акупіраванай тэрыторыі Беларусі насіла каланіяльны характар. Быў створаны спецыяльны эканамічны апарат з атрадамі для збору сродкаў вытворчасці і сыравіны, дзейнічала 60 прадпрыемстваў. Гітлераўцы гвалтоўна вывозілі людзей на катаржныя работы ў Германію. Тых, хто ўхіляўся ад адпраўкі, расстрэльвалі. Было вывезена 380 тыс. чалавек, вярнулася дадому каля 120 тыс. У межах рэспублікі было арганізавана 260 лагераў смерці, больш 100 гета. За гады акупацыі разам з жыхарамі было спалена 628 беларускіх вёсак. Усяго за гады вайны ў рэспубліцы было знішчана каля 3 млн чалавек, ці кожны трэці жыхар.