Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи      Так уж устоялось, что ребенок обязан получать образование, сначала в школе, затем высшее, по будущей специальности. На этом ...
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?
25.06.2009 Что нужно сделать, чтобы выучить иностранный язык?

 Быстрый переход:

Палітыка беларусізацыі як спроба нацыянальна-культурнага адраджэння

     Беларусізацыя - нацыянальна-культурная палітыка ў БССР у 20-я гады XX ст. Яна ўяўляла сабой комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на адраджэнне беларускай нацыі, абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, развіццё нацыянальнай культуры, беларускай мовы, нацыянальнай школы, вылучэнне на кіруючыя; пасады прадстаўнікоў карэннага насельніцтва (так званая «карэнізацыя»). Асноўнымі творцамі палітыкі беларусізацыі сталі А. Чарвякоў, У. Ігнатоўскі, А. Бурбіс, З. Жылуновіч, А. Баліцкі, М. Кудзелька (Чарот). Спрыяла правядзенню беларусізацыі палітычная барацьба ў кіраўніцтве СССР за лідэрства ў сувязі з хваробай і смерцю У. Леніна, якая прывяла да аслаблення кантролю з боку бальшавіцкага цэнтра за нацыянальнымі ўскраінамі.
     Умоўна час палітыкі беларусізацыі можна падзяліць на два перыяды: 1) з пачатку 20-х гадоў да ліпеня 1924 г., калі быў закладзены падмурак беларусізацыі; 2) з 15 ліпеня 1924 г. да канца 20-х гадоў, калі на 2-й сесіі ЦВК БССР беларусізацыя была абвешчана афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай.
     Першыя парасткі беларусізацыі бачны ўжо на пачатку 20-х гадоў. У снежні 1920 г. на II Усебеларускім з'езде Саветаў упершыню было заяўлена аб неабходнасці арганізацыі жыцця грамадства і дзяржавы на роднай мове. У 1923 г. адбылася партканферэнцыя КП(б)Б, якая была прысвечана разгляду нацыянальнага пытання. Так былі зроблены першыя палітычныя крокі да беларусізацыі, якія не падабаліся асобным партыйным кіраўнікам верхніх эшалонаў улады. Рабіліся і практычныя крокі ў напрамку абуджэння самасвядомасці беларусаў: у 1920 г. пачаў дзейнічаць беларускі вандроўны тэатр Уладзіслава Галубка і Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр у Мінску, у якім ставіліся спектаклі «Паўлінка», «Машэка», «Кастусь Каліноўскі». У 1921 г. была створана першая ў БССР вышэйшая навучальная ўстанова — Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ), першым рэктарам якога стаў гісторык У. Пічэта, у 1922 г. - Інстытут беларускай культуры (навукова-даследчая ўстанова) і Інстытут сельскай гаспадаркі. Пачалі працаваць дзяржаўны музей і цэнтральны архіў. У 1921 г. было ўтворана выдавецтва «Савецкая Беларусь», пачалі выходзіць газеты, часопісы, кнігі на беларускай і іншых мовах.
     З 15 ліпеня 1924 г. палітыка беларусізацыі набыла афіцыйны статус. Праводзіліся мерапрыемствы і працавала камісія па яе ажыццяўленні ў БССР. Сярод асноўных накірункаў беларусізацыі былі моўная палітыка, пераход школ на беларускую мову, развіццё грамадскіх навук, беларускай выдавецкай справы, беларусізацыя дзяржаўнага і партыйнага апаратаў.
     Палітыцы беларусізацыі надалі магутны імпульс «ўзбуйненне» рэспублікі ў 1924 і 1926 гг., ужыванне беларускай мовы, выбранне на кіруючыя пасады беларусаў. Справаводства дзяржаўнага апарату і часцей Чырвонай Арміі пераводзілася на беларускую мову. Беларуская, руская, польская, яўрэйская мовы былі прызнаны раўнапраўнымі. Вучні навучаліся ў школах на роднай мове з абавязковым вывучэннем дзяржаўнай мовы - беларускай. У 1928 г. у рэспубліцы было 23 яўрэйскія, 19 польскіх, 16 рускіх, 2 украінскія і 2 нямецкія Саветы. Узнік і асобны нацыянальны польскі раён з цэнтрам у Дзяржынску.
     Была дадзена амністыя ўсім удзельнікам нацыянальных фарміраванняў і арганізацый перыяду грамадзянскай вайны. Вярнуліся ў рэспубліку В. Ластоўскі, Я. Лёсік і іншыя дзеячы вызваленчага руху. Працэс вылучэння беларусаў на адказную работу прыняў характар «карэнізацыі» - вылучалі тых, хто валодаў беларускай мовай і добра ведаў мясцовыя ўмовы. З павагай ставіліся да беларускай мовы апаратчыкі іншых нацыянальнасцей. Напрыклад, А. Крыніцкі, які ўзначальваў КПБ у 1924-1927 гг., рускі па нацыянальнасці, авалодаў беларускай мовай, чытаў на ёй даклады. У 1929 г. Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію навук, прэзідэнтам якой стаў гісторык У. Ігнатоўскі.
     Палітыка беларусізацыі спрыяла развіццю беларускай літаратуры: узніклі літаратурныя аб'яднанні «Маладняк», «Полымя», «Узвышша». Актыўнымі праваднікамі гэтай палітыкі былі пісьменнікі Я. Колас, Я. Купала, У. Дубоўка, М. Чарот, П. Галавач, К. Чорны, М. Лынькоў. У 1928 г. быў створаны першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль», рэжысёр - Ю. Тарыч. У 1928 г. адкрылася кінастудыя мастацкіх фільмаў «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (уласная кінематаграфічная база адсутнічала).
     Палітыка беларусізацыі мела свае дасягненні. Да канца 20-х гг. на беларускую мову выкладання было пераведзена каля 80% сярэдніх школ, у цэнтральных установах служачыя авалодалі беларускай мовай: у 1925 г. - 20%, у 1927 г. - 80%. Усё гэта рабілася на дэмакратычных асновах з моцнай падтрымкай насельніцтва, якому беларусізацыя дапамагла ўсвядоміць сябе нацыяй. Але нацыянальнакультурнае будаўніцтва ажыццяўлялася ў сутычках розных сіл. З аднаго боку, былі спробы прыпыніць, а з другога - фарсіраваць беларусізацыю. Росквіт беларусазнаўства быў нядоўгі. У канцы 20-х гг. палітыка беларусізацыі была згорнута. Дзеячы, якія яе праводзілі, былі названы нацыянал-дэмакратамі і абвінавачаны ў імкненні ставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, жаданні рэстаўрацыі капіталізму ў БССР і адзялення ад СССР. Менавіта тады па нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі быў нанесены ўдар такой моцы, што вынікі яго, на жаль, адчуваюцца і сёння.