|
|
|
|
|
Быстрый переход: |
Главная / История / Структура i тыпы цывілізацый, дынаміка ix развцця. Гістарычныя цыклы |
Структура i тыпы цывілізацый, дынаміка ix развцця. Гістарычныя цыклы Тэрмін «цывілізацыя» быў уведзены каля 200 год назад французскімі філосафамі ў эпоху Асветніцтва. Гісторыкі вызначалі цывілізацыю як стадыю развіцця чалавецтва, якая была пасля стадыі дзікасці і варварства. Пры гэтым грамадскі лад ужо ўпарадкаваны, узніклі класы, дзяржава, прыватная ўласнасць. Сёння, пры ўсёй разнастайнасці поглядаў на цывілізацыю, яны супадаюць па наступнаму шэрагу рысаў: павінны 1) існаваць дзяржава; 2) узнікнуць пісьменнасць; 3) аддзяліцца рамяство ад земляробства; 4) грамадства размежавацца на класы; 5) з'явіцца гарады. Асаблівую ролю адыгрываюць першыя дзве рысы, прысутнасць астатніх нярэдка лічыцца неабавязковай.
Класіфікацыя цывілізацый, іншымі словамі іх тыпалогія, залежыць ад асноўных прынцыпаў падыходу даследчыкаў. Гэта могуць быць: 1) эканамічна-тэхнічны стан развіцця грамадства; 2) межы разгляду цывілізацый; 3) антрапалагічныя носьбіты цывілізацыі; 4) гістарычныя этапы развіцця грамадства як чалавечай істоты, жывога арганізму і г. д.
Напрыклад, у рамках першага тыповага прынцыпу могуць выдзяляцца:
• аграрна-традыцыйныя цывілізацыі (касмагенныя), індустрыяльныя (тэхнагенныя) і постіндустрыяльныя (антрапагенныя);
• першабытная грамадска-эканамічная фармацыя, рабаўладальніцкая, феадальная, капіталістычная, сацыялістычна-камуністычная грамадскаэканамічныя фармацыі;
• гаспадарча-культурныя тыпы прысвойваючай гаспадаркі, ручнога земляробства і жывёлагадоўлі, ворыўнага земляробства і г. д.
У рамках другога тыповага прынцыпу могуць выдзяляцца наступныя цывілізацыі: сусветная, кантынентальныя (напрыклад, еўрапейская), нацыянальныя (французская, японская), рэгіянальныя (паўночнаафрыканская), або проста цывілізацыі Усходу («псіхагенныя», цыклічныя) і цывілізацыі Захаду («тэхнагенныя», прагрэсіўныя).
У рамках трэцяга тыповага прынцыпу выдзяляюцца наступныя цывілізацыі: еўрапеоідаў - «белая», экватарыяльная (негра-аўстралоідная) - «чорная», мангалоіда-амерыканоідная - «жоўтая». У іх галоўным фактарам развіцця лічыцца біялагічны, прыродна-геаграфічны.
У рамках чацвёртага тыпу, калі разглядаюць развіццё грамадства па фазах жыцця (узнікненне, станаўленне, сталасць (рост), надлом і гібель), у XX ст. стала папулярнай ідэя суіснуючых разам цывілізацый, якія могуць уплываць адна на адну. Цыклічнасць іх развіцця заключана ў набыцці чалавецтвам нейкай сукупнасці дасягненняў ва ўсіх сферах грамадства: ад духоўнай, сацыяльна-палітычнай, эканамічна-тэхнічнай да сферы існавання самой чалавечай асобы, сям'і. Напрыклад, сёння выдзяляюцца такія тыпы цывілізацый, як сусветныя і лакальныя. Сусветныя разгорнуты, перш за ўсё, у часе, а лакальныя цывілізацыі разгорнуты ў дакладнай кропцы прасторы.
Сусветная цывілізацыя - гэта этап у гісторыі чалавецтва, звышдоўгатэрміновы гістарычны цыкл.
Структуру сусветнай цывілізацыі можна разглядаць як структуру гістарычнага цыклу, або як структуру грамадска-гістарычнай сістэмы. У першым выпадку яна звычайна такая: фаза зараджэння новай грамадска-гістарычнай сістэмы, фаза яе нараджэння, потым надыходзяць фазы распаўсюджвання, сталасці, уваходжання ў крызіс, адмірання і фаза існавання як рэлікта на перыферыі нейкай новай грамадскагістарычнай сістэмы. У другім выпадку яе магчыма ўявіць як піраміду з пяці ўзроўняў, дзе кожны ўзровень уключае ў сябе шэраг элементаў. Спачатку ідзе чалавек і сям'я, другім ідзе тэхналагічны спосаб вытворчасці, трэцім - эканамічны спосаб вытворчасці, потым сацыяльна-палітычны лад, а завяршае гэту пірамідальную структуру духоўны свет чалавека.
Кропкай адліку развіцця чалавечай цывілізацыі лічыцца неалітычная рэвалюцыя - пераход ад прысвойваючай гаспадаркі (збіральніцтва, палявання, рыбалоўства) да вытворчай (жывёлагадоўлі і земляробства) і стварэнне манагамнай сям'і. Гэта рэвалюцыя дала назву першай цывілізацыі - неалітычная.
Змена сусветных цывілізацый адлюстроўвае паступовы рух гістарычнага працэсу і самаразвіцця чалавецтва. Выдзелена сем сусветных цывілізацый, па часе свайго існавання аб'яднаных у гістарычныя суперцыклы, кожны з якіх складаецца з трох цывілізацый. Першы суперцыкл адлюстроўвае перыяд станаўлення чалавечага грамадства, другі - перыяд яго сталасці, а трэці суперцыкл зараз толькі пачынаецца.
Храналагічныя рамкі першага суперцыклу наступныя:
• неалітычная цывілізацыя - да 5-га тысячагоддзя да н. э.
• раннякласавая - да другой паловы 2-га тысячагоддзя да н. э.
• антычная - V ст. да н. э. - V ст. н. э.
Храналагічныя рамкі другога суперцыклу:
• сярэднявечная цывілізацыя - сярэдзіна IX ст. - сярэдзіна XIV ст.
• перадіндустрыяльная - сярэдзіна XV-1790 г.
• індустрыяльная - 1790-1972 гг.
Храналагічныя рамкі трэцяга суперцыклу:
• постіндустрыяльная - 1972-2130 гг.
• інфармацыйна-тэхнічная -2131-2240 гг.
• 3-я цывілізацыя яшчэ не названа —2241-2315 гг.
Дынаміка развіцця сусветных цывілізацый паказала, што эпіцэнтрамі гістарычнага прагрэсу на першым суперцыкле былі Егіпет, Месапатамія, Грэцыя, Рым, Індыя, Кітай. На другім суперцыкле - Заходняя Еўропа, Паўночная Амерыка. На трэцім суперцыкле эпіцэнтр змясціўся ў Японію, ЗША, Кітан, Тайвань, Сінгапур, Паўднёвую Карэю. Пры гэтым кожны гістарычны суперцыкл даваў цэлы шэраг дасягненняў у развіцці чалавечага грамадства - ад узнікнення пісьменнасці і дзяржаў да ядзернай тэхналогіі і сістэм камп'ютэрных камунікацый.
Лакальныя цывілізацыі адлюстроўваюць асаблівасці краіны або групы краін, культурна-гістарычныя, этнічныя, рэлігійныя, эканомікагеаграфічныя асаблівасці пэўнай тэрыторыі, асвоенай чалавекам на працягу гісторыі. На думку А. Тойнбі, сёння налічваецца пяць жывых цывілізацый: 1) хрысціянска-каталіцкая, заходняя; 2) праваслаўнахрысціянская, візантыйская; 3) індуісцкая; 4) ісламская (Паўночная Афрыка, Блізкі і Сярэдні Усход); 5) далёкаўсходняя (Паўднёва-Усходняя Азія). Сацыёлаг С. Хантынгтан называе восем жывых цывілізацый: 1) заходнюю, 2) славяна-праваслаўную, 3) індуісцкую, 4) ісламскую, 5) японскую, 6) канфуцыянскую, 7) лацінаамерыканскую, 8) афрыканскую. З яго пункту гледжання, будучыня чалавецтва залежыць ад адносін паміж гэтымі цывілізацыямі, а не ад узаемадзеяння асобных краін, народаў, асобных сацыяльна-эканамічных сістэм. Кожная лакальная цывілізацыя праходзіць у сваім развіцці чатыры фазы: 1) узнікнення і станаўлення (генезісу); 2) росту і сталасці; 3) надлому і крызісу; 4) распаду і гібелі.
Механізм змены цывілізацый адлюстроўвае прычыны перамен у грамадска-гістарычнай сістэме і дапамагае растлумачыць, чаму адзін гістарычны цыкл змяняецца іншым. Тут узнікае пытанне, ад чаго ж залежыць дынаміка развіцця цывілізацый, іншымі словамі, хуткасць руху іх жыццёвага і гістарычнага цыклаў, што заканчваюцца прыходам новай цывілізацыі? Перш за ўсё, ад развіцця патрэб і духоўнага свету чалавека, грамадскай свядомасці. Змена цывілізацыі пачынаецца таму, што ўзрастае разрыў паміж патрэбамі людзей, якія павялічыліся ў перыяд тэхналагічна-эканамічнага пад'ёму, і ўсё больш абмежаванымі магчымасцямі іх задавальнення ў існуючым грамадстве.
|
|
|
|
|