Чего не хватает
на сайте?


Случайные статьи

25.06.2009 Стоит ли школьникам идти учиться в гимназию?      Почти все мы учились в школе, когда были молодыми. Однако все школы различаются по своим требованиям к ученикам, кто-то ...
25.06.2009 Проблема выбора профессии для современной молодежи
25.06.2009 Ученик, студент, кем станешь завтра?

 Быстрый переход:

Культура Беларусі другой паловы XVI - XVIII ст.

     Культура эпохі Адраджэння на Беларусі захапіла XVI - першую палову XVII ст. У гэты час назіраецца ўздым рамяства, рост гарадоў, фарміруецца і развіваецца беларуская мова, нацыянальная пісьменнасць, літаратура. У 70-80-х гг. XVII ст. В. Цяпінскі пачаў друкаваць Евангелле на беларускай мове, ён выступаў супраць каталіцкай і польскай экспансіі, клапаціўся пра пашырэнне адукацыі на роднай мове. У той жа час пачалі дзейнічаць брацтвы - нацыянальнарэлігійныя арганізацыі праваслаўнага насельніцтва (гараджан, шляхты, духавенства). Брацтвы вялі барацьбу супраць уніяцкай і каталіцкай цэркваў, займаліся школьнай адукацыяй. Пачатковыя школы былі пры брацтвах, пратэстанцкіх (кальвінскіх) зборах, езуіцкіх установах. Першая вышэйшая навучальная ўстанова адкрылася ў Вільні ў 1579 г. Шырока вядомы былі Слуцкая гімназія Я. Радзівіла і Полацкі езуіцкі калегіум. У сярэдзіне XVI ст. з Заходняй Еўропы на Беларусь пачалі пранікаць ідэі Рэфармацыі, грамадска-палітычнага і ідэалагічнага руху супраць каталіцкай царквы антыфеадальнага характару. Пратэстанты выступалі супраць дыктату Папы, за богаслужэнне на роднай мове. Асаблівасцю Рэфармацыі на Беларусі было тое, што яна стала не народнай, а ахапіла вышэйшыя колы грамадства, якія скарысталі яе як сродак барацьбы ВКЛ за адасобленасць ад каталіцкай Польшчы пасля Люблінскай уніі. Адметныя прадстаўнікі Рэфармацыі - Мікалай Радзівіл Чорны, Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Контррэфармацыя праводзілася ў краіне праз ордэн езуітаў і яго выдатнага дзеяча Пятра Скаргу. Ён прапанаваў у кнізе «Аб адзінстве царквы Божай» план уніі, дзе новая аб'яднаная праваслаўна-каталіцкая царква павінна была падпарадкоўвацца Ватыкану. Гэты план зацвердзіў у 1596 г. Берасцейскі царкоўны сабор. Таму большая частка пратэстантаў, праваслаўных і каталікоў, якія падтрымлівалі ідэю спынення ў Рэчы Паспалітай канфліктаў на рэлігійнай глебе, падтрымала унію і да канца XVII ст. 3/4 насельніцтва Беларусі стала уніятамі. Вядучым манаскім ордэнам уніятаў стаў Базыліянскі на чале з Язэпам Руцкім, што пашыраў школьніцтва пры уніяцкіх установах на беларускай мове. У ходзе антыуніяцкай барацьбы ў 1581 г. адбылося выданне на сродкі князя Канстанціна Астрожскага Бібліі ў яго Астрожскай рэзідэнцыі. Яна стала адзіным кананічным тэкстам, які забяспечваў літургічныя патрэбы праваслаўнага славянства на працягу чатырох стагоддзяў (маскоўскае выданне 1663 г. было паўторам Астрожскага зводу Бібліі). Аднак у 1696 г. беларуская мова, як дзяржаўная, была забаронена. Яе месца занялі польская і лацінская, што адмоўна паўплывала на развіццё беларускай культуры. Беларускамоўнай засталася пераважна народная культура - культура сялянства, гарадскіх нізоў, часткі шляхты і святарства.
     На другую палову XVIII ст. прыходзіцца распаўсюджванне ідэй Асветніцтва на Беларусі і твораў філосафаў-энцыклапедыстаў, асабліва Вальтэра. Змяняюцца грамадскія ідэалы. Калі раней гэта быў вобраз сармата - набожнага, суровага, ненавісніка іншаземнага і чужога, хавальніка старашляхецкіх традыцый, то зараз папулярным стаў разумны і адукаваны, рацыяналістычны чалавек, які не пужаецца браць лепшае з замежнай культуры. На Беларусі навука развівалася дзякуючы працы вучоных-адзіночак. К. Семяновіч, які першым у свеце стварыў праект шматступянёвай ракеты, стаў вядомым праз сваю працу «Вялікае мастацтва артылерыі» (1650 г., Амстэрдам). I. Капіевіч выдаў больш за 20 падручнікаў толькі па граматыцы ў Амстэрдаме, Капенгагене, і быў запрошаны на працу ў Маскву Пятром I. Шырокую вядомасць набылі атэістычныя погляды К. Ляшчынскага. За трактат «Аб неіснаванні Бога» ён быў спалены каталіцкай інквізіцыяй. У XVII ст. адмірае жанр летапісання, яго месца займае гісторыка-мемуарны жанр («Дзённік Еўлашэўскага», «Баркулабаўскі летапіс»). Адначасова плённа развівалася лацінская паэзія ў творах Я. Вісліцкага, А. Рымшы на беларускую гістарычную тэматыку. Напрыклад, у паэме «Пруская вайна» Я. Вісліцкага ўслаўляецца перамога пад Грунвальдам. Найбольш значным прадстаўніком беларускай літаратуры таго часу быў Сімяон Полацкі. Ён валодаў беларускай, лацінскай, польскай, стараславянскай мовамі. С. Полацкі быў настаўнікам Пятра I і па яго праекту была заснавана у Расіі першая вышэйшая навучальная ўстанова - Славяна-грэка-лацінская акадэмія, таксама ён з'яўляецца заснавальнікам расійскага вершаскладання (зборнік вершаў «Вертоград многоцветный»). У XVII ст. у Смаргоні стварылі акадэмію для падрыхтоўкі скамарохаў і дрэсіроўкі мядзведзяў, што заўсёды суправаджалі народны лялечны тэатр - батлейку.
     Шырокую вядомасць за межамі Беларусі атрымала майстэрства айчынных залатароў і разьбяроў. Беларускай драўлянай разьбой упрыгожаны саборы і памяшканні Маскоўскага Крамля, Новадзявочы манастыр у Маскве і царскі палац у Каломне. Рамеснікі, якіх узялі ў палон падчас войнаў Масквы і ВКЛ, пазнаёмілі Расію і з тэхнікай вытворчасці паліхромнай кафлі. У мураваным дойлідстве развівалася барока. Узорамі яго сталі Нясвіжскі фарны касцёл, бернардзінскі і езуіцкі касцёлы ў Гродна, францысканскі касцёл і кляштар у Пінску. Нават праваслаўныя, уніяцкія храмы і манастыры (Мікалаеўская Магілёўская царква, Жыровіцкі манастырскі комплекс) былі пабудаваны ў стылі барока. У другой палове XVII-XVIII стст. у іканапісе Беларусі з'яўляюцца рысы рэалістычнасці, фон ікон звычайна залачонаўзорчаты. У свецкім жывапісе канчаткова складаюцца тры тыпы партрэту: парадны, сармацкі, пахавальны. Сармацкі партрэт атрымаў такую назву таму, што польская шляхта лічыла плямёны сарматаў ІV-VІ стст. да н. э. ва Усходняй Еўропе сваімі продкамі і абгрунтоўвала гэтым свой прывілеяваны стан у грамадстве. На еўрапейскім узроўні была кніжная графіка, традыціі якой вяліся ад Ф. Скарыны. Стварыліся супрасльская і магілёўская школы графікі (М. Вашчанка, В. Вашчанка, А. Тарасевіч, Л. Тарасевіч). Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы ХVІІ-ХVIII стст. культура Беларусі заставалася багатай і разнастайнай.